Прамова старшыні Полацкага райвыканкама Мікалая Шаўчука да Дня беларускага пісьменства і Дня горада

Главное

У кожнага горада ёсць душа. У старажытнага Полацка яна заўжды маладая і светлая. А сэрца першай сталіцы нашай краіны б’ецца тут, на высокім дзвінскім беразе, ля велічнага Сафійскага сабора. Палачане і госці горада прыходзяць сюды, каб атрымаць духоўную падтрымку і натхненне, каб дакрануцца да слыннай гісторыі полацкай зямлі, каб пранікнуцца па­чуццём гонару за мінулае і сённяшняе Беларусі. Тут мы сустрэлі і старшыню Полацкага райвыканкама, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалая Шаўчука і папрасілі яго па­дзяліцца думкамі пра падзеі, што павінны адбыцца  ў Полацку.

Полацк сустракае свята. Велічнае, яскравае, годнае. Полацк вітае гасцей. Хлебам-соллю, добрай песняй, шчырымі ўсмешкамі. Горад-працаўнік, горад-змагар, горад-пераможца… Горад, які люляў на надзейных, пяшчотных, цёплых далонях сваіх удзячных дзяцей, а тыя, расправіўшы крылы, праслаўлялі яго на ўвесь свет. Ён падарыў ім гэтыя крылы, ён натхніў на высокі палёт! Полацк…
Час няўмольна ляціць наперад. Адыходзяць за далягляд пакаленні, ім на змену прыхо­дзяць новыя, але не парываецца повязь часоў — іх знітоўвае памяць. Адтуль, з 1155-гадовай даўніны мы чэрпаем мудрасць, мы чэрпаем веды, якія ў нялёгкай працы па драбніцах здабывалі нашы продкі. 1155 гадоў — сталы, паважаны ўзрост, ды звіняць на вулках, дзе кожны крок адгукаецца рэхам гісторыі, маладыя, звонкія галасы. Полацк ніколі не старэе, ён упэўнена і імкліва крочыць у будучыню.
Тут, на намоленай, шчодрай на таленты, гордай зямлі, бралі свой выток беларуская дзяржаўнасць і духоўнасць. Тут, ідучы па дарозе ведаў услед за святой Еўфрасінняй, колішнія палачане запальвалі ў сэрцах агеньчыкі пісьменства. І з мноства гэтых агеньчыкаў разгаралася нязгасная паходня асветы. «Ці ж выпадкова полацкая зямля дала свету Францыска Скарыну? Вядома, не! Святы ды светлы, мудры ды працавіты Полацк стаў вытокам яго геніяльных здабыткаў. І славуты палачанін, перад талентам якога схіляла галаву Еўропа, помніў пра гэта заўжды, называючы сябе не інакш, як «сын Скарынін з Полацка»,— зазначыў Мікалай Мікалаевіч.
«Сёлета 1155-гадоваму гораду-юбіляру, нашаму Полацку, выпаў гонар стаць сталіцай Дня беларускага пісьменства, свята дзяржаўнасці і асветы. Сёлета па праву, як радзіма чалавека — аўтара перамен у найважнейшай справе распаўсюджвання ведаў, што падарыў народу друкаваную кнігу, — ён адзначае 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Як кажуць, сёлета ўсе сцягі — у госці да нас. Вітаем!», — як гасцінны гаспадар звярнуўся да палачан і гасцей горада М.М.Шаўчук.
…Полацк чакае гасцей. Памаладзеў, квітнее, усміхаецца. Такім яго зрабілі палачане. Можа, на тое і свята, каб у бу­дзённай мітусні забыцца пра стомле­насць, знайсці час і, азірнуўшыся наўкола, убачыць, дзе найбольш патрэбныя працавітыя рукі? Дзень за днём, крок за крокам, не шкадуючы сіл, — усё дзеля таго, каб ты прыгажэў, родны горад, каб, убачыўшы плён сваёй працы, з гонарам кожны мог сказаць: гэта зрабілі мы! Разам.
Прымаць гасцей — справа пачэсная і вельмі адказная. Добрыя гаспадары рыхтуюцца да яе загадзя. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, пераадолеўшы ўсе неспрыяльныя абставіны, палачане здолелі зрабіць, без перабольшвання, каласальны аб’ём работ. «Ці варта назы­ваць
шматлікія лічбы, калі, ідучы па знаёмых вуліцах, штодня мы заўважаем добрыя перамены? Мы ўдзячны кожнаму, хто ўнёс хоць невялічкі ўклад у агульную справу. Хтосьці працаваў у цэху, хтосьці ўбіраў хлеб, хтосьці ратаваў чалавечае жыццё, хтосьці будаваў дамы, хтосьці вучыў дзяцей, а хтосьці саджаў кветкі… Усё гэта — радкі са сцэнарыя будучага свята, на якім знойдзецца месца і свежаму духмянаму хлебу, і мудрай кнізе, і крынцы малака, і звонкай песні, і ўдзячнай памяці…», — звярнуўся да палачан кіраўнік раённай улады.
«Гэты год для Полацка знакавы і вельмі значны. Так здарылася, што гонар адзначаць гістарычныя даты і слынныя падзеі выпаў менавіта нам. Давайце зробім гэта шчыра і яскрава, па-полацку гасцінна і душэўна, каб кожны, каму пашчасціць пабываць у сталіцы вялікага свята, дакрануцца душою да сэрца беларускай зямлі, павёз з сабою толькі самыя добрыя пачуцці і жаданне вярнуцца ў Полацк яшчэ не аднойчы.
Са святам, дарагія землякі!
Са святам, шаноўныя госці! Жадаю ўсім здароўя і дабрабыту, шча­сця і поспехаў у працы на карысць нашай любай Полаччыны і нашай краіны, Рэспублікі
Беларусь!» — такімі словамі завяршыў нашу размову М.М.Шаўчук.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *