Віншаванне роднаму гораду ад ганаровага грамадзяніна Полацка Навума Гальпяровіча

Главное

Калі мяне часам пытаюцца, чаму я так часта ў сваіх творах пішу пра родны горад, я нават не адразу магу сфармуляваць адказ. А ён і просты, і складаны. Для мяне Полацк не проста месца, дзе я, кажучы словамі Скарыны, па Божай ласцы на свет з’явіўся. Полацк — гэта крыніца ўсіх маіх светлых пачуццяў, гэта мая духоўная сталіца, гэта, урэшце, месца, дзе пахаваны мае бацькі і бабулі, дзе жывуць мае родныя і блізкія, дзе я спазнаў шмат цудоўных імгненняў, каханне
і нара­джэнне дзяцей.

Я шмат паездзіў па свеце, пабываў у многіх краінах, пахадзіў нават па Вялікай кітайскай сцяне, ды ўжо амаль дваццаць гадоў мой дом у Мінску. Але Полацк заўсёды ў маім сэрцы, у маіх думках, у маіх творах. І як сказаў наш выдатны зямляк Генадзь Бураўкін: «А калі не спяваць аб Радзіме, дык навошта наогул спяваць?».
Прапаную на суд чытачоў вершы з новай кнігі
Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ.

Ля Барысава каменя
ў Полацку
Гэты горды валун
помніць хвалі Дзвіны,
Што стагоддзі яго
абмывалі няспынна.
Ён стаяў непахісна,
нібыта Айчына,
І пра полацкі дом
бачыў мройныя сны.

Дакрануся да цёплага боку яго
І таемную споведзь
Радзімы адчую,
Чысціню і спагаду, і веру святую,
І надзеі людской
жыццядайны агонь.

І па жылах памкнецца
стагоддзяў цяпло
І напоўніць істоту і моцай, і сілай,
Што заўсёды
магутнай апорай было
Для сыноў і дачок
на зямлі маёй мілай.

З паэмы «Адзінае»
Над цэркаўкаю промень залаты,
Нібы з нябёсаў таямнічых посах,
І Полацк,
што падораны мне лёсам,
Не страціў сваю веліч праз гады.

А ў келлі адзінокай цішыня
І толькі дух нябачнай Еўфрасінні.
Чакае ранак зноў у высях сініх
Пачатак новы маладога дня.

І Лік святы праз мроіва муроў
Вярнуўся ў храм
праз сівізну стагоддзяў,
Каб памяццю застацца
у народзе,
Каб светлым промнем
засвяціцца зноў.

Бо фрэскам тым
непадуладны час.
А як іх замалёўвалі вякамі !…
Ды зрушыўся вякоў
замшэлы камень,
І вось яны ізноў прыйшлі да нас.

І я так верыў, полацкі хлапчук,
Што слава майго горада
аднойчы
Адкрые родным палачанам
вочы,
Каб годнасць на зямлі
сваёй адчуць.

Прадслава,
сёння бачыў я праз сон,
Як ты ступаеш басанож па полі
Да вечнасці, да еднасці, да волі,
Праз тлум вірлівых
і панылых дзён.

Каб Еўфрасінняю прыйсці
да нас,
Нібыта светлым променем
іскрыстым
І словам мудрым,
як крыніца чыстым,
Нас бласлаўляць зноў
праз вякі і час.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *