Адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага знака «Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці».

Главное Общество

Шмат стагоддзяў таму ў Полацку, першай сталіцы краіны, на высокім дзвінскім беразе, быў узведзены Сафійскі сабор. Ён стаў сімвалам незалежнасці і магутнасці Полацкага княства, ад якога брала пачатак беларуская дзяржава.  І менавіта тут, побач з велічным храмам, у дзень святкавання 1155-годдзя старажытнага Полацка адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага знака «Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці».

У атмасферы мінуўшчыны шматлікія палачане і госці горада, якія сабраліся каб стаць сведкамі значнай па­дзеі, апынуліся дзякуючы арты­стам Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь тэатра «Пілігрым». І вось надышоў хвалюючы момант. Ганаровае права адкрыць памятны знак было прадастаўлена намесніку Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, старшыні аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства Васілю Жарко, міністру культуры Рэспублікі Беларусь Барысу Святлову, міністру інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ліліі Ананіч, старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалаю Шарснёву, старшыні Полацкага райвыканкама Мікалаю Шаўчуку, аўтарам праекта — скульптару Уладзіміру Піпіну і архітэктару Армэну Сардараву.


Васіль Жарко, звяртаючыся да шматлікіх прысутных, адзначыў, што вельмі сімвалічным з’яўляецца тое, што памятны знак устаноўлены менавіта тут, у месцы, якое стала пачаткам белару­скай дзяржаўнасці. Гэта — чарговае сведчанне таго, што беларусы шануюць сваю гісторыю і яе герояў, якія стаялі ля вытокаў першых дзяржаўных утварэнняў на беларускіх землях. Ён па­дзякаваў усім, хто меў дачыненне да стварэння знака, хто прыклаў шмат намаганняў дзеля таго, каб свята адбылося, і пажадаў далейшых поспехаў у стваральнай працы на карысць нашай Бацькаўшчыны.


…Калі пала долу белае палатно, якое да пары хавала памятны знак, прысутныя ўбачылі ўвасабленне метафарычнага вобраза: з аднаго боку — калыска, з якой пачынаецца жыццёвы шлях, з другога — ладдзя, што плыве з мінулага ў будучыню па хвалях часу. На шчытах, злучаных паміж сабой, адлюстраваны партрэтныя выявы знакамітых гістарычных асоб — ад першага полацкага князя Рагвалода і яго дачкі Рагнеды да легендарнага Уся­слава Чарадзея і вялікай асветніцы Еўфрасінні Полацкай. На адваротным баку — галоўныя сімвалы і ключавыя даты станаўлення нашай дзяржаўнасці, тэксты з летапісаў, цытаты.
Усё злучылася ў адной кропцы. А напоўнены глыбінным сэнсам вобраз калыскі-ладдзі, якая знітавала славутых асоб і знакавыя падзеі нашай гісторыі, быццам адправіўся ў далёкае падарожжа па часе, выклікаючы гонар і адчуванне еднасці са сваёй гісторыяй і сваёй краінай.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *