У Полацкім раёне набылі новае даільнае абсталяванне

Главное Заботы сельские

Сёлета кіраўніцтва ААТ «Новыя Гараны» набыло новае даільнае абсталяванне вытворчасці ААТ «Іванаўскі райаграсервіс», якое дазваляе даіць кароў у вясенне-летне-асенні перыяд у палявых умовах адразу ў малакапровад і ахалоджваць яго. Абсталяванне складаецца з перасоўнай даільнай устаноўкі з двума чатырох­меснымі станкамі паралельна-прахаднога тыпу для даення кароў і блока ахаладжэння малака.

На чарговым дні жывёлавода ў таварыстве, які праводзілі дырэктар гаспадаркі Вісарыён Нам і яго намеснік па ідэалагічнай рабоце Ларыса Кудранок, мы пазнаёміліся з аператарамі машыннага даення, якія працуюць на новым абсталяванні, і даведаліся пра іх працоўныя поспехі.
Калектыў фермы «Новыя Гараны №2» — дружны, згуртаваны. Набыццю новага абсталявання жанчыны вельмі рады, бо значна палепшыліся ўмовы іх працы і якасць «белага золата». За тыдзень ад замацаванага статка амаль з 200 галоў працавітыя жанчыны атрымоўваюць 22,5 тысячы кілаграмаў малака — больш за 5 тысяч літраў кожная. Даяркі Рыта Жмуркевіч, Любоў Палаўкова, Людміла Цыліна і Святлана Шчарбак працуюць хутка, уважліва сочаць за станам здароўя рагуль, імкнуцца кожны тыдзень паляпшаць свае працоўныя паказчыкі.
— З набыццём новага даільнага абсталявання праца ідзе лепш. Скараціўся час даення статка на паўтары гадзіны, малако адразу паступае ў халадзільнік і ахалоджваецца да тэмпературы 4-5°С. Ахаладжальнік умяшчае 2000 літраў малака — дастаткова для аднаго даення. Прадукт на полі не захоўваецца: адразу пасля даення малакавоз адвозіць яго на малочны камбінат. Мы пастаянна імкнемся паляпшаць якасць малака, амаль 90% прадукцыі здаем сортам «экстра». Усе працаўнікі разумеюць, што якасць малака — гэта нашы грошы, дабрабыт гаспадаркі і працуючых, — даваў тлумачэнні дырэктар Вісарыён Нам. На яго думку, нікога з працуючых на ферме даярак нельга вылучыць, як лепшых. Усе жанчыны — малайцы, стараюцца, таму параіў сфатаграфаваць для газеты ўвесь калектыў.
Новай даільнай устаноўкай упраўляе аператар з дапамогай спецыяльнай шафы. Станкі для даення абсталяваны бункерамі і кармушкамі для канцэнтраваных кармоў. Ёсць лічыльнік групавога ўліку малака, сістэма прамыўкі малакапровада, насос, вакуумная насосная станцыя. Ахаладжальнік малака падсілкоўваецца ад аўтаномнай крыніцы электразабеспячэння. Для зручнасці працуючых маецца гарачая вада.
Вісарыён Нам звяртаў увагу на тое, што новае абсталяванне абышлося гаспадарцы «ў капеечку», але з цягам часу затраты акупяцца.
Даяркі выказвалі падзяку кіраўніцтву гаспадаркі за ўважлівае да іх стаўленне, за ўсебаковую дапамогу спецыялістаў, за добрыя пашы, за высокапрадукцыйную жывёлу, за магчымасць працаваць з добрым настроем і добра зарабляць.
Аліна БАЛЬШАКОВА (тэкст і фота).



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *