У Полацку адбыўся гарадскі конкурс кулінарнага мастацтва і сэрвісу

Главное

Гарадскі конкурс кулінарнага мастацтва і сэрвісу адбыўся напярэдадні свята, прысвечанага Дню беларускага пісьменства і 1155-годдзю Полацка. У цікавым, відовішчным і «смачным» спаборніцтве бралі ўдзел самыя вопытныя і крэатыўныя кулінары і афіцыянты аб’ектаў грамадскага харчавання Полацка.

Кулінарныя «баталіі» разгарнуліся ў кафэ «Спаскае» ААТ «ГК «Славянскі», куды з’ехаліся канкурсанты з кафэ «Раздолъ» ТДА «Атлас», «Спатканне» ААТ «Полацк-гандаль», «Волна» ПГУП «Тавуш», ТАА «Ресттрэйд», ААТ «Гасцінічны комплекс «Славянскі» і іх балельшчыкі. У індывідуальным конкурсе повараў за лічаныя хвіліны майстры-кулінары павінны былі прадставіць не менш за чатыры стравы беларускай кухні. Журы звяртала ўвагу на ўменне повара прэзентаваць стравы, іх арыгінальнасць, афарм­ленне і смакавыя якасці. Улічвалася, наколькі рацыянальным з’яўляецца набор прадуктаў і ці ўласцівыя яны нашаму рэгіёну. А яшчэ стравы павінны былі адпавядаць сучасным патрабаванням тэхналогіі. Удзельнікам конкурсу давялося як след рыхтавацца, каб выканаць усе ўмовы!

З поварскім майстэрствам

У атмасферы цёплай утульнасці і апетытных пахаў прахо­дзілі прэзентацыі і дэгустацыі. Яраслава Тамашэвіч, повар кафэ «Раздолъ», прадстаўляючы свае стравы, запэўніла, што імкнецца ўдасканальваць свае веды і навыкі, каб радаваць наведвальнікаў. І, калі дзяўчына распавядала пра адметнасці прыгатаваных страў, адчувалася, з якой любоўю яна ставіцца да сваёй справы. Эдгар Авакімян, повар кафэ «Волна», быў самым нешмат­слоўным удзельнікам, але яго стравы і шчодрае частаванне казалі самі за сябе. Таццяна Скуматава, повар ААТ «ГК «Славянскі», распавяла, чаму нашы продкі аддавалі перавагу тым ці іншым прадуктам, якія ўласцівасці ім прыпісвалі. Ганна Марчанкова, загадчык вытворчасці ТАА «Ресттрэйд», прэзентавала беларускія стравы ў стылі высокай кухні і пад чароўныя гукі скрыпкі. А яе калега з кафэ «Спатканне» Кацярына Войчанка пастаралася кожную з прыгатаваных страў прадставіць на роднай мове і, згодна з традыцыяй, падрыхтавала для дарагіх гасцей сувеніры — беларускія пернікі. Нацыянальнага каларыту яе выступленню дадалі музыкі з ансамбля «Родныя напевы».

Смачныя  дзівосы

У ходзе конкурсу ва ўдзельнікаў атрымалася здзівіць журы сваім майстэрствам і прадэманстраваць усё багацце беларускай кухні. Суп «Капытух» і грыбная поліўка, мяса, запечанае з чаборам, бужаніна з апельсінамі, каўбаса-вантрабянка і сыравяленая паляндвіца, паштэт з грыбамі і бульбяны хрушч, кабачок з тварагом і разнастайныя дэсерты з яблыкаў — з бруснічным соусам, мёдам… Што ні кажы, а ўразіць гасцей смакавай разнастайнасцю беларусы    заўсёды ўмелі. І сучасныя кулінары гэтыя традыцыі захавалі.

Калі ласка! смачна есці!

Але мала смачна і шчодра накарміць госця — трэба яго сардэчна прывітаць і якасна абслужыць. І гэта задача афіцыянтаў, сустрэча з якімі фарміруе першае ўражанне ад таго ці іншага кафэ ці рэстарана. У конкурсе «памерыліся» прафесіяналізмам афіцыянты чатырох прадпрыемстваў: Марына Мядзвецкая з ААТ «Полацк-гандаль», Аліна Шаўцова з кафэ «Раздолъ», Юлія Мятлова з ААТ «ГК «Славянскі» і Ілля Клачок з кафэ «Волна». Кожны з іх сервіраваў стол на тэму «Дзелавы прыём», а потым тлумачыў прызначэнне прадметаў і асаблівасці падачы страў, адказваў на пытанні журы. А знаўцы кулінарнага мастацтва і сэрвісу ацэньвалі прадстаўленне стала, арыгінальнасць, раскрыццё тэматыкі, знешні выгляд і веды афіцыянтаў. Канечне, удзельнікам хапіла хваляванняў. Тым больш, што і пытанні, ім адрасаваныя, былі не з лёгкіх. Напрыклад, толькі вопытны афіцыянт дакладна ведае, каму першаму трэба падаць меню, каго першага з кампаніі абслужыць і калі трэба неадкладна ўбраць талерку…

Віншуем, пераможцы!

І вось усе конкурсныя выпрабаванні пройдзены. Журы выдалілася падлічыць балы, параіцца і падвесці вынікі. На гэты час падтрымаць добры настрой у балельшчыкаў і ўсхваляваных канкурсантаў было даверана творчай камандзе артыстаў з Полацкага раённага Цэнтра культуры. Разам з іх цудоўнымі песнямі і энергетыкай пазітыву час праляцеў непрыкметна.

Урэшце надышла пара

наз­ваць імёны лепшых повараў і афіцыянтаў. Так, I месца ў конкурсе повараў было прысуджана Эдгару Авакімяну з кафэ «Волна». На II месцы — Ганна Марчанкава з ТАА «Ресттрэйд», на III —Кацярына Войчанка з ААТ «Полацк-гандаль». У конкурсе афіцыянтаў прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: першай стала Юлія Мятлова з ТАА «ГК «Славянскі», II   месца — у Марыны Мядзвецкай з ААТ «Полацк-гандаль» і III — у Аліны Шаўцовай з кафэ «Раздолъ». У ходзе ўрачыстага ўзнагароджання канкурсантам уручаны Дыпломы пераможцаў і Дыпломы ўдзельнікаў конкурсу, а таксама прыемныя падарункі ад партнёраў мерапрыемства — прадпрыемства «Галерея мастеров» і магазіна «Ив Роше». Але галоўным здабыткам для кожнага з іх сталі новыя ідэі і карысны вопыт, які абавязкова спатрэбіцца ў рабоце!

Начальнік аддзела ганд­лю і паслуг Полацкага райвыканкама, старшыня журы конкурсу Наталля Шаўкун:
— Плануем, што правя­дзенне конкурсу кулінарнага мастацтва і сэрвісу стане яшчэ адной добрай полацкай традыцыяй, будзе набываць папулярнасць і прыцягваць новых удзельнікаў. Такое спаборніцтва дазваляе аб’яднаць прафесіяналаў сферы грамадскага харчавання, дае ім магчымасць абмяняцца вопытам, падзяліцца знаходкамі. І ўсё гэта — на карысць палачан і гасцей нашай Полаччыны.

Лепшы полацкі повар Эдгар АВАКІМЯН пяць год працуе ў гэтай сферы, па прафесіі ён эканаміст, але па прызванні — сапраўдны кулінар:
— Гатаваць люблю з дзяцінства, вучыўся ў бацькоў. Дарэчы, усім калегам-поварам жадаю, у першую чаргу, любіць сваю справу, удасканальваць майстэрства і дэманстраваць яго не толькі ў конкурсных выпрабаваннях, але кожны дзень на рабочым месцы. Беларускія кулінарныя традыцыі вельмі багатыя і цікавыя, але мне больш за ўсё падабаецца гата­ваць шашлык.

Лепшы полацкі афіцыянт Юлія МЯТЛОВА сваю прафесію атрымала ў Полацкім хіміка-тэхналагічным каледжы і ўжо каля трох гадоў працуе ў ААТ «ГК «Славянскі»:
— Работу сваю ведаю і люблю. Люблю прымаць гасцей, камунікаваць з імі, умею быць уважлівай і добразычлівай. А яшчэ люблю, каб у афармленні стала ўсё было прыгожа, стыльна, рацыянальна. У сферы грамадскага харчавання заўсёды ёсць прастора для прафесійнага росту, адчуваю падтрымку калег і кіраўніцтва. Увогуле, мне мая справа цікавая, і, напэўна, разам з ведамі і вопытам, асабістыя якасці таксама дапамагаюць быць у ёй на вышыні!



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *