Литаратурнае свята

Главное

На святкаванне Дня беларускага пісьменства, 500-годдзя кнігадрукавання і 1155-гадовага юбілею Полацка з’ехаліся многія літаратары Саюза пісьменнікаў Беларусі. Быў сярод іх і Іван Канстанцінавіч Стадольнік, які працаваў адказным сакратаром у рэдакцыі полацкай газеты «Сцяг камунізму» з 1967 па 1980 год, потым з’яўляўся рэдактарам аддзела часопіса «Вожык», часопіса «Тэатральная Беларусь».

Прыехаў наш калега з Мінска разам з роднымі па закліку сэрца, бо тут прайшлі яго самыя лепшыя гады, якія ўспамінаюцца часта. Іван Канстанцінавіч за плённую творчасць (а пісаў ён як вершы, так і прозу) адзначаны Саюзам пісьменнікаў Беларусі нагрудным знакам «За вялікі ўклад у літаратуру». Многія вершы ён прысвяціў Полацку, палачане былі героямі яго гумарэсак, расказаў. Ды і ў Полацку яго памятаюць і сёння, як паказаў фестываль кнігі і прэсы.
«Дзень добры, дружа, ты вечна са мной!», — дэкламаваў ён радкі са свайго верша, прысвечанага Полацку, калі наведаў наш павільён «Да 100-годдзя «Полацкага весніка», «СМІ Віцебшчыны» ля помніка Францыску Скарыну. Іван Канстанцінавіч прыгадаў, што на полацкай зямлі ў суаўтарстве з мінскім кампазітарам Дзмітрыем Лукасам ён напісаў песні «Полацкая лірычная», «Віцебская старонка», якія выконвалі самадзейныя калектывы, а песня «На Ушаччыне ліпы цвітуць» і сёння гучыць на мерапрыемствах, якія прахо­дзяць ля мемарыяла «Прарыў».


Пісьменнік паведаміў, што ім выда­дзена сем кніг, і ў сёлетнім годзе выйдзе восьмая. З сабой ён прывёз кнігу вершаў «Радзіма мая — гэта я» і шчодра раздаваў аўтографы ўдзельнікам свята.
Вершы над горадам гучалі і збіралі слухачоў паўсюдна: і на фестывалі кнігі і прэсы ў павільёне «Слова пісьменніка», і з галоўнай сцэны на літаратурна-музычнай праграме «Пісьменнікі — землякам», і на літаратурным свяце «Мая Полаччына», дзе на пляцоўцы ля памятнага знака «Полацк-геаграфічны цэнтр Еўропы» два дні знаёмілі палачан і гасцей са сваёй творчасцю сябры народных літаратурных аб’яднанняў «Наддзвінне», «Полоцкая ветвь», «Литературный ковчег». Тут жа, у Цэнтры Еўропы, старшыня народнага літаратурнага аб’яднання «Полоцкая ветвь» Аляксандр Раткевіч у вобразе Францыска Скарыны выдаваў граматы і знаёміў палачан і гасцей з факсімільнымі выданнямі «Полоцкое евангелие» XVI стагоддзя і «Сусветная спадчына Францыска Скарыны» з фондаў Полацкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. На радзіму першадрукара завітала Муза, якая дарыла натхненне на новыя творчыя здабыткі…



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *