Трэці тыдзень запар навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў Полацка працуюць на палетках э/б «Ветрынская» і філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга»

Главное Заботы сельские Общество

Трэці тыдзень запар навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў Полацка — Полацкага каледжа ВДУ імя Машэрава, Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа, Полацкага дзяржаўнага эканамічнага каледжа, Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа, Полацкага ліцэя сельгасвытворчасці — працуюць у асноўным на палетках э/б «Ветрынская» і філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга». Навучэнцы з Полацкага ліцэя сельгасвыт­ворчасці ўбіраюць агародніцу на палях сваёй навучальнай установы і дапамагаюць ва ўборцы бульбы суседзям — э/б «Ветрынская». У філіяле «Вясна-энерга» студэнты спачатку падставілі плячо сяльчанам на ўборцы бульбы, а цяпер з пазітыўным настроем убіраюць моркву.

— Сёлета Полацкай раённай арганізацыяй рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «БРСМ» для ўдзелу ў сельгасработах сфарміравана 30 студэнцкіх атрадаў, якія аб’ядналі амаль 700 навучэнцаў, — распавяла другі сакратар РК ГА «БРСМ» Яна Лапановіч. — Пазітыўнаму і нават баявому настрою студэнтаў на ўборцы агародніны садзейнічае тое, што многім студатрадам прысвоены імёны герояў Вялікай Айчыннай вайны.
На полі ў вёсцы Заскаркі мы сустрэліся са студэнтамі, якія заўзята працавалі, і падзівіліся: якая прыгожая — яркага аранжавага колеру, вялікая, роўная ўрадзіла сёлета морква!
Нашы прыемныя ўражанні пацвердзіла і галоўны аграном філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга» Ганна Грышчанка. Яна паведаміла, што сёлета пад моркву аддадзена 20 гектараў плошчы, палову з іх ужо ўбралі. Сапраўды, агародніна дэманструе добры ўраджай: каля 400 цэнтнераў з гектара! Пры яе вырошчванні былі захаваны ўсе агратэхнічныя тэхналогіі — і вынік працы спецыялістаў парадаваў.


Навучэнцы Полацкага хіміка-тэхналагічнага каледжа з атрада імя падпольшчыцы, сувязной партызанскай брыгады «Няўлоўныя» Ліліі Касцецкай (група 24) працавалі з добрым настроем. Яны размеркавалі паміж сабой абавязкі: адны — выцягвалі моркву з глебы і адрывалі бацвінне, іншыя — напаўнялі агароднінай вёдры і адносілі іх да машыны. Выкладчык каледжа Эльвіра Яроменка паведаміла, што на працу яе падначаленыя — а гэта група будучых тэхнікаў па папярэджванні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый — штодзень, нават па суботах, прыязджаюць з добрым працоўным настроем. Усяго ў групе 24 хлопцы, 22 з іх — на полі. Норма для кожнага — набраць за смену, якая доўжыцца з 12 да 17 гадзін, 75 вёдраў морквы. Усе працуюць добра, але ў перадавіках Яўген Хрол і Уладзіслаў Кукуць, якія за дзень выконваюць па 3 нормы.
Нашымі суразмоўцамі сталі навучэнцы Аляксандр Мароз, Глеб Ламаносенка, Аляксей Іўчанка, Анатоль Касарэўскі і Аляксей Парамонаў. Усе хлопцы былі ў добрым настроі. Адзначылі, што сельгасработы ім усім — толькі на карысць: зносіны ў працоўнай абстаноўцы паляпшаюць мікраклімат у калектыве, за працу ў полі ім будзе налічаны заробак. На пытанне, як ставяцца да іх удзелу ў сельгасработах бацькі, хлопцы адказалі: «Толькі станоўча! Калісьці яны былі ў нашай ролі. Увогуле, што за студэнцкія гады без сельгасработ?». Мы пажадалі, каб нашы новыя знаёмыя назапасілі як мага больш добрых успамінаў пра гады
студэн­ц­тва…
Акрамя моладзі, ва ўборцы ўраджаю філіялу «Вясна-энерга» дапамагаюць калегі з падраздзяленняў прадпрыем­ства РУП «Віцебскэнерга»: з Полацкай ЦЭЦ і Полацкіх элект­рычных сетак. Пакуль стаіць спрыяльнае надвор’е — усімі намаганнямі неабходна хутчэй убраць агародніну з палёў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *