У мінулую суботу ў Полацку адбыўся традыцыйны восеньскі кірмаш.
04.10.2017   //   Автор:   //   Общество   //   Нет комментариев   //   152 Views

…З самага ранку плошча Францыска Скарыны і прылеглыя да яго часткі вуліцы Гогаля і праспекта Францыска Скарыны пераўтварыліся ў кірмашовыя рады. Гандляры, якія з’ехаліся не толькі з Полаччыны, але і з іншых раёнаў, як звычайна, прапаноўвалі пакупнікам садавіну і гародніну, зерне і ягады, мяса, рыбу, саджанцы, мёд. Не абышлося таксама без шашлыкоў ды пірагоў. Шашлычны пах плыў над плошчай, нагадваючы ўсім пра магчымасць як след падмацавацца пасля добрай працы. З рэпрадуктараў гучалі вясёлыя, энергічныя мелодыі; надвор’е выдалася бязветранае і без дажджу; і выхадны дзень, нават напоўнены такім «нарыхтоўчым» клопатам, здаваўся больш падобным на свята.


Праходзячы па кірмашы, мы гутарылі з пакупнікамі і прадаўцамі, вывучалі асартымент, прыцэньваліся, адзначалі, што хтосьці не паленаваўся восеньскія кампазіцыі і запрашэнні зрабіць, свае гандлёвыя месцы аздобіць. Напрыклад, цікавую пляцоўку-фотазону прадстаўнікі ААТ «Полацкі малочны камбінат» арганізавалі. А Ларыса Кудранок, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Новыя Гараны», зрабіла з вялізных гарбузоў смешных дзедку з бабкай. Але больш за ўсё, канечне, уражвалі вынікі сельскагаспадарчай працы, дзякуючы якой і гараджане без прыпасаў на зіму не застануцца.


Асаблівай папулярнасцю карысталася пшаніца, яе раскупілі ў першую чаргу. Да машыны з кушлікоўскай бульбай, якую прадавалі сёлета па 35 капеек за кілаграм, была самая вялізная чарга. Гэтая прадукцыя ААТ «Кушлікі», дзякуючы сваёй якасці, з году ў год утрымлівае лідарскія пазіцыі ў пакупніцкіх перавагах. Іншыя гаспадаркі таксама прапанавалі палачанам бульбу па прымальных цэнах. Напрыклад, адразу шэсць сартоў — «Уладар», «Ліле», «Журавінка», «Брыз», «Талісман» і «Скарб» — можна было набыць у глыбоцкіх гандляроў. Асілкі розных узростаў і камплекцыі неслі не толькі мяхі з бульбай — добрым попытам карысталіся цыбуля, морква, капуста. За разнастайнай зелянінай ды гароднінай спяшаліся пакупнікі да гандлёвай кропкі філіяла «Вясна-энерга». Рыбу прывезлі «Полацкае ПМС» і гаспадарка «Навінкі». Жывыя самы і карпы моцна білі хвастамі і так і наравілі скокнуць у рукі па­купнікам!


Хтосьці спланаваў набыццё сала ды грудзінкі або свіных субпрадуктаў. Хтосьці назапашваў мядку. Хтосьці спяшаўся да палаткі ААТ «Полацкі малочны камбінат», дзе ў той дзень прапаноўвалі прадукцыю са зніжкамі ад 4 да 10 працэнтаў. А заўзятыя садаводы не абмінулі рады, дзе прадавалі саджанцы дрэўцаў, ягадных кустоў ды кветак — даволі распаўсюджаных у нашых мясцінах і пакуль даволі рэдкіх, як, напрыклад, магнолія, «безвременнік» або сумах ці воцатавае дрэва, як яго яшчэ называюць. Нават пучкі прыгожай, адборнай радыскі можна было знайсці на кірмашы!


Пакупнікі і гандляры знайшлі адзін аднаго і, трэба думаць, засталіся сваёй сустрэчай задаволены. Ну, а калі хто праспаў восеньскі кірмаш, — пашыраны продаж сельгаспрадукцыі ў мікрараёнах горада працягваецца. Паспяшайцеся!

Оставить комментарий