Добрая традыцыя існуе ў Полацкім райкаме прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу: віншаваць з юбілейнымі датамі працаўнікоў сельскагаспадарчай галіны, якія аддалі справе на зямлі ці ў жывёлагадоўлі ўсё жыццё.

Заботы сельские

Добрая традыцыя існуе ў Полацкім райкаме прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу: віншаваць з юбілейнымі датамі працаўнікоў сельскагаспадарчай галіны, якія аддалі справе на зямлі ці ў жывёлагадоўлі ўсё жыццё.

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Дабраслаўскі з ахвотай прыязджае да юбіляраў, уручае ім дыпломы за шматгадовую добрасумленную працу, абавязкова — кветкі і зычыць ім моцнага здароўя і дабра ад калег, кіраўніцтва гаспадарак, сяброў і блізкіх.

Міхаіл Пятровіч Кудранок — галоўны заатэхнік ААТ «Новыя Гараны» — у свой юбілей хадзіў у лес. Вырашыў зрабіць сабе такі цудоўны падарунак, пабыць адзін на адзін з прыродай. У іх таварыстве ўсім імяніннікам прадастаўляюць выхадны ў дзень нараджэння. А віншаванні ён прымаў потым. Гэты спецыяліст працуе ў Новых Гаранах з 20 сакавіка 1983 года. За шматгадовую працу словы падзякі яму выказалі намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу Полацкага райвыканкама Наталля Тышкевіч, дырэктар Полацкай райплемстанцыі Наталля Гарчакова, старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Дабраслаўскі і дырэктар гаспадаркі Вісарыён Нам. Прысутныя на ўрачыстасці адзначалі вялікі ўклад юбіляра ў створанае чыстапароднае стада кароў ААТ «Новыя Гараны», дзякавалі яму за адказнасць, патрабавальнасць да сябе і людзей, за адданасць прафесіі. «Аўтарытэт у Міхаіла Пятровіча сярод калег з іншых гаспадарак Полацкага раёна — бяспрэчны, ён — са старой гвардыі, вопытны заатэхнік, са сваёй думкай па любым пытанні!» — ахарактарызавала юбіляра Наталля Тышкевіч. Грамата прафсаюза, грашовая прэмія і цёплая атмасфера спрыялі святочнаму настрою юбіляра.

Юбілярку Зою Ула­дзімі­раўну Даражынскую, загадчыцу фермы «Арцюхі» філіяла «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» віншавалі ў кабінеце дырэктара філіяла Аляксандра Калтунова. Кіраўнік выказаў жанчыне, якая працуе на сваёй пасадзе ўжо 10 год, словы падзякі за старанне і дасягненні. Аляксандр Дабраслаўскі таксама зычыў усяго найлепшага. Калектыў кіраўніцтва філіяла вітаў юбілярку працяглымі апладысментамі.

Зоя Уладзіміраўна выказала падзяку сваёй напарніцы, брыгадзіру Галіне Янчук, з якой яны вырашаюць усе вытворчыя пытанні на працы, а таксама калегам за разуменне адказнасці за справу, якую яны разам выконваюць. З гонарам жанчына расказала, што яны з мужам Уладзімірам, які працуе ў гэтым жа філіяле слесарам, выхавалі дваіх сыноў. Старэйшы Віктар зараз працуе ў Маскве, малодшы Мікалай — выдатнік вучобы ў Дзяржаўнай гімназіі №1 г.Полацка. «Канешне, праца наша — не з лёгкіх, кожны дзень у 4 гадзіны раніцы ўстаем — і на ферму да сваіх любімых рагуль», — расказвала працаўніца, але яе вочы свяціліся радасцю. У дзень юбілею калегі яе шчыра павіншавалі з самай раніцы, пяшчоту яна адчула і ад родных.

Адна з нядаўніх юбілярак — Жанна Фёдараўна Кляпацкая — працуе брыга­дзірам МТФ «Рудня» ў сельгаспрадпрыемстве «Банонь-Агра» з 2003 года, а ўвогуле ў гэтай гаспадарцы — 28 год. Жанчына сама адказна ставіцца да працы і патрабуе якаснага выканання абавязкаў ад падначаленых. Надоі кароў і прывагі маладняку хвалююць яе ўжо не адзін дзясятак год, але любімая справа жыцця прыносіць задавальненне. З нагоды юбілею жанчыну віншавалі любімы муж, дзеці і ўнукі. Юбілярка ўдзячная за цёплыя словы віншаванняў і падарункі ад душы дырэктару гаспадаркі Наталлі Даўгаполавай, намесніку дырэктара Вользе Чэрап і сяброўкам-калегам, якія крочаць поруч на працы і па жыцці.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *