У Полацкай Сафіі адбылася прэзентацыя вынікаў мастацкага пленэру, прысвечанага велічным храмам у Кіеве, Вялікім Ноўгарадзе і Полацку

Главное

Славянскія народы аб’ядноў­вае не толькі геаграфічная блізкасць. Яны маюць агульныя карані, гісторыю, роднасныя мовы. А яшчэ — велічныя храмы, пабудаваныя ў гонар святой Сафіі.

Менавіта ім быў прысвечаны мастацкі пленэр, які праходзіў у Кіеве, Вялікім Ноўгарадзе і Полацку — гарадах, дзе ўзвышаюцца Сафійскія саборы. Удзел у ім бралі маладыя мастакі з трох краін — Беларусі, Расіі і Украіны, а прэзентацыя вынікаў адбылася ў Полацкай Сафіі падчас святкавання 1155-годдзя Полацка.


Культурна-мастацкі праект «Тры Сафіі: Сафія Кіеўская, Сафія Наўгародская, Сафія Полацкая» сабраў шматлікіх аматараў жывапісу, якія мелі магчымасць на свае вочы ўбачыць плён працы майстроў пэндзлю, і выявы трох сусветна вядомых жамчужын архітэктуры.


Да прысутных у канцэртнай зале Сафійскага сабора звярнуліся Міхаіл Швыдкой, спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта Расійскай Федэрацыі па міжнародным культурным супрацоўніцтве, і міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў. Яны адзначалі, што ў праекце гарманічна спалучыліся і слова, і духоўнасць, і жывапіс.

Ён дэманструе трыадзінства культур і садзейнічае збліжэнню народаў.

«Вельмі важна, што праект мы прадстаўляем у такі значны дзень, калі старажытны Полацк святкуе 1155-годдзе і 500-годдзе беларускага кніга­друкавання. У сённяшняй вельмі няпростай сітуацыі ў свеце такія стасункі надзвычай важныя. Культура — яскравы прыклад для палітыкаў. Там, дзе ім дамовіцца складана, дзеячы культуры знаходзяць масты, якія злучаюць краіны і іх грамадзян. Я ўпэўнены, што тры нашы брацкія народы ў гісторыі заўсёды будуць ісці побач. Мудрасць Сафій падкажа правільны шлях. Мы маем маг­чымасць паціснуць рукі, паглядзець у вочы і сказаць, што мы любім адно аднаго. Вось гэта — галоўная мудрасць», — зазначыў Міхаіл Швыдкой.

Таццяна Карбачова, Мінск:

«Наш праект — адзін з варыянтаў наладжвання добрасуседскіх узаемаадно­сін паміж народамі і нагода для яднання розных краін, сяброўскіх сувязяў».

Пётр Малінка, Кіеў:

«Упершыню ў Беларусі, у Полацку. Для мяне гэта — прыемнае адкрыццё. На маю думку, незалежна ад палітыкі і на­яўнасці межаў паміж дзяржавамі вера і культура — гэта тое, што можа стаць аб’ядноўваючым фактарам у самых няпростых сітуацыях».



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *