У Полацкім раёне ідзе ўборка кукурузы

Заботы сельские Молодежь

Прырода ў гэтым годзе пасылае на аграрыяў Полаччыны адно выпрабаванне за другім.  З-за праліўных дажджоў у няпростых умовах давялося правесці пасяўную кампанію, потым жніво.  Прыйшоў час убіраць кукурузу, а ў нябеснай канцылярыі зноўку «выпісалі» на наш край звыш нормы ападкаў.  Наліло столькі, што часам самая магутная тэхніка з цяжкасцю ідзе па полі. Але нават гэтая акалічнасць не спыняе ні на хвіліну нарыхтоўку кармоў.

Узброіўшыся гумавымі ботамі, адправіліся ў філіял «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга», каб на свае вочы пабачыць, як вялізны КВК-800 гектар за гектарам убірае сакавітую каралеву палёў.У той дзень кормаўборачны камбайн працаваў ва ўрочышчы «Птушкафабрыка». Пакуль дабіраліся да месца, галоўны аграном гаспадаркі Ганна Грышкевіч паведаміла, што ў гэтым годзе ў філіяле было пасеяна 250 га кукурузы і амаль усю плошчу ўжо ўбралі.

— На гэтым полі ўра­джай­насць 350-400 ц/га. Тут мы карыстаемся арганікай птушкафабрыкі, што дае добрую аддачу, — патлумачыла Ганна Генрыхаўна.

І сапраўды, як пад’ехалі бліжэй да ўрочышча, адразу ж убачылі высачэзную ладную кукурузу, у якой амаль поўнасцю хаваўся КВК-800: здалек ледзь кабіну было відаць.Праўда, па такім кукурузным лесе да кормаўборачнага камбайна не дабрацца. Таму лоўкі малады механізатар Мікалай Стрыёнак «выплыў» на сваім КВК да нас.Працуе хлопец у гаспадарцы крыху менш за год, разам з жонкай Кацярынай прыехалі на Полаччыну з Глыбоцкага раёна, дзе таксама працавалі ў сельскай гаспадарцы.

З першых жа дзён працы ў філіяле «Вясна-энерга» Мікалай праявіў сябе як вельмі  адказны работнік, які бездакорна выконвае пастаўленыя задачы. Ацанілі ў гаспадарцы вопыт і ўменне працаваць амаль на любой тэхніцы.

— У мяне дзед і тата — механізатары, таму часта катаўся на трактары ды камбайне. А сам у сельскай гаспадарцы літаральна з 13 год. Гэта мне да­спадобы. Тут ужо працаваў на пасадцы морквы і буракоў, унясенні ўгнаення. А зараз даверылі КВК-800, — па­дзяліўся хлопец.

Дарэчы, кукурузу Мікалаю Стрыёнку давялося ўбіраць упершыню, таму маладому хлопцу было цікава пазнаёміцца з новай тэхнікай. Вольнага часу ў механізатара асабліва няма, а ў выхадныя маладая сям’я ездзіць у вёску да бацькоў.Падрастае ў Мікалая і Кацярыны сынок.

Маленькаму Рому толькі тры, але ён ужо паспеў палюбіць сельскую тэхніку, асабліва зернеўборачны камбайн. І гэта не дзіўна, малому пашчасціла пабываць у кабіне вялічэзнай машыны падчас жніва.Надвор’е  ў дзень нашага прыезду ў філіял «Вясна-энерга» выдалася добрае, таму доўга затрымліваць хлопца не сталі, нарыхтоўка кармоў — справа адказная.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *