Вітае «Полацкі веснік»

Главное

Святочны Полацк шчыра дзяліўся з палачанамі і гасцямі горада прыемнымі імгненнямі, цікавымі падзеямі, акцыямі і забавамі. Канешне, адметнае месца належыла і прэзентацыі дасягненняў перыядычнага друку, якую на Фестывалі кнігі і прэсы прадстаўлялі сродкі масавай інфармацыі Віцебскай вобласці.

Асобны праект — «Да 100-годдзя «Полацкага весніка». Калектыў рэдакцыі газеты заўсёды рады прыемным зносінам са сваімі чытачамі. І чарговая нагода падчас святкавання ўрачыстасцяў падарыла шмат пазітыўных уражанняў і цікавых сустрэч. Вядучая святочнай праграмы Зоя Красавіна ў вобразе полацкай князёўны Рагнеды гасцінна запрашала палачан і гасцей пазнаёміцца з выставай творчых работ чытачоў газеты, прысвечанай 100-гадоваму юбілею, па­ўдзельнічаць у розыгрышах, віктарынах, майстар-класе.


Пачэснымі гасцямі павільёна «СМІ Віцебшчыны» сталі намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Васіль Жарко, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч, старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук. Актыўны ўдзел у рабоце пляцоўкі прынялі намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Пётр Гнуценка, начальнік аддзела ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення аблвыканкама Анатоль Гуцуляк, галоўны спецыяліст упраўлення Святлана Дзядзінкіна і іншыя адказныя работнікі галіновых структур і ведамстваў.
Шмат прыемных эмоцый падарыла сустрэча журналістаў «Полацкага весніка» з былымі супрацоўнікамі рэдакцыі — паэтам, публіцыстам, ганаровым грамадзянінам г.Полацка Навумам Гальпяровічам і беларускім пісьменнікам Іванам Стадольнікам, якія з ахвотай падзяліліся ўражаннямі, цікавымі навінамі і пакінулі памятны запіс у Кнізе пажаданняў рэдакцыі газеты «Полацкі веснік».


Увогуле, праца святочнай пляцоўкі «Полацкага весніка» вызначалася асаблівай сяброўскай атмасферай. Да павільёна падыходзілі цэлымі сем’ямі, з ахвотай прымаючы ўдзел у інтэлектуальных і творчых забавах. Добрым веданнем гісторыі кнігадрукавання, роднага горада парадавалі вучаніца СШ №1 Каця Ганчарова разам з бабуляй Галінай Змітрачэнка, Ягор Захараў  (СШ №10) з мамай Аленай Уладзіміраўнай, прадстаўнікі аж трох пакаленняў сям’і Мяцеліца на чале з Таісай Браніславаўнай, якую запрасілі на ўрачыстасць дзеці Ірына і Віктар і ўнучкі Каця, Віка, Мілана. Дзяўчаткі таксама з задавальненнем прынялі ўдзел у майстар-класе па вырабу святочных паштовак у рамках творчай майстэрні рэдакцыі газеты «Полацкі веснік» і адразу падарылі эксклюзіўныя сувеніры любімай бабулі.


А вось ветэран Вялікай Айчыннай вайны, палачанін Міхаіл Чарвінскі ўпэўнена «прайшоў» па вуліцах роднага горада, адказаўшы на ўсе пытанні віктарыны, якія датычыліся гісторыі і сучаснасці Полацка-юбіляра. І такіх сапраўдных патрыётаў роднага краю было шмат. Правільныя адказы заахвочваліся прыемнымі сувенірамі ад рэдакцыі.

Вялікай папулярнасцю сярод наведвальнікаў карысталася фотазона, дзе кожны жадаючы змог адчуць сябе героем першай паласы «Полацкага весніка». Цікаўнасць выклікаў і новы праект рэдакцыі «Рэальны інстаграм» — адказныя за дызайн і вёрстку спецыялісты Ілля Швядко і Валерый Дзежын у рэжыме рэальнага часу друкавалі фотаздымкі з розных куточкаў вялікага свята. Пакуль «кіпела» праца, госці павільёна адпачывалі пад знаёмыя і любімыя песні ў выкананні Аксаны Урублеўскай, супрацоўніка рэдакцыі Іллі Швядко.
У перапынках гледачы імправізаванага канцэрта ўдзельнічалі ў віктарыне. Упэўненымі ведамі пра жыццё і дзейнасц­ь знакамітага першадрукара парадавала палачанка Раіса Мішута, якая, дарэчы, з’яўляецца адданым чытачом і падпісчыкам «Полацкага весніка» ўжо 47 (!) гадоў.
І такіх надзейных сяброў — шмат! Дзякуючы іх шчырай прыхільнасці да любімай газеты, «Полацкі веснік» ужо больш за 100 гадоў упэўнена крочыць наперад. Мяняецца фармат, знешні выгляд, нязменнай застаецца сутнасць — данесці да кожнага чытача свежую навіну, значную падзею, цікавы факт. А яшчэ заўсёды памятаць пра галоўны запавет нашага земляка Францыска Скарыны: «напісанае застаецца…».

Святлана Чаркоўская.
Фота Наталлі Шалуткевіч,
Ларысы МАЛАШЭНІ
і Паліны СЛЯПЦОВАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *