Старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук: «Кіраўнік гаспадаркі па­вінен разлічваць вытворчасць валовай прадукцыі наперад, шукаць шляхі павелічэння вытворчасці малака»

Заботы сельские

Нарада-справаздача па выніках працы сельскагаспадарчай галіны Полацкага раёна ў 2017 годзе з удзелам кіраўніцтва Полацкага раёна, спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў Полацкага раёна прайшла на базе філіяла «Гараны-Агра» інтэграванага аб’яднання ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў».

Пачынаючы нараду, старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук адзначыў, што філіял «Гараны-Агра» ўпэўнена ўтрымлівае лідарскія пазіцыі па эфектыўнасці гаспадарчай дзейнасці. Намаганнямі працаўнікоў філіяла ў 2017 годзе гаспадарчым спосабам пабудавана новае памяшканне для кароў, сцены якога зроблены з цюкоў саломы. Такі метад будаўніцтва можна выкарыстоўваць і ў іншых гаспадарках Полацкага раёна. Таксама з саломы гаранцы пабудавалі сцены для ямы, у якой захоўваюць сянаж. «Такое будаўніцтва сёння — перспектыўнае, галоўнае — таннае», — адзначыў Мікалай Шаўчук.


Дэталёва разглядаючы працу кожнай гаспадаркі, Мікалай Шаўчук звяртаў увагу на неабходнасць будаўніцтва жывёла­гадоўчых памяшканняў з мэтай нарошчвання вытворчасці малака. З усіх гаспадарак толькі шэсц­ь — ААТ «Новыя Гараны», УП «П-С Карпекі», філіялы «Мілк-Агра», «Банонь-Агра», «Вясна-энерга» — у мінулым годзе атрымалі больш за 100% «белага золата» ў параўнанні з 2016 годам. Але і ім трэба будаваць новыя фермы ці рэканструяваць памяшканні, якія ёсць. ААТ «Новыя Гараны» павінна дапамагчы павялічыць вытворчасць малака нядаўна пабудаванае памяшканне для маладняку, УП «П-С Карпекі» трэба надзяляць увагу не толькі нарыхтоўцы кармоў, але і жывёлагадоўлі. Дарма адмовілася ад фермы «Ніз» КУСГП «Палата», трэба будаваць новую ферму
УП «Палімір-агра», неабходна хутка заканчваць будаўніцтва фермы КУП «Захарнічы», новае жывёлагадоўчае памяшканне патрэбна «Полацкаму агра­сервісу».
Дырэктар Полацкай раённай племянной станцыі Наталля Гарчакова адзначыла, што адзін з галоўных паказчыкаў малочнай прадукцыйнасці — узнаўленне статка. Калі ў гаспадарцы бу­дуць цяляты — будзе і малако.

Не сакрэт, што асноўнае малако атрымліваецца ад высокапрадукцыйных кароў пасля расцёлаў. Наталля Міхайлаўна адзначыла, што для ўсіх гаспадарак даве­дзены план асемянення цялушак на бліжэйшыя тры месяцы, таму што вынік гэтай працы ўплывае на паказчыкі па вытворчасці валовай прадукцыі гаспадарак ужо ў бягучым годзе. Трэба пільна працаваць з цялушачным кантынгентам, паставіць будучых каровак на асаблівы рацыён кармлення і вагавыя кандыцыі цялушак для асемянення пажадана не зніжаць (у больша­сці гаспадарак Полацкага раёна яны — 360-380 кілаграмаў).


Удзельнікі нарады пабачылі на свае вочы новае памяшканне, замест сцен у якога — цюкі саломы. Дырэктар філіяла «Гараны-Агра» Аляксандр Калтуноў паведаміў пра планы будаўніцтва яшчэ аднаго такога памяшкання для жывёлы, каб увесь шлейф цялушак знаходзіўся ў адным месцы. Даспадобы прыйшлася наведвальнікам сельскагаспадарчых аб’ектаў і яма для захоўвання кармоў, складзеная па пэўнай схеме таксама з цюкоў саломы. «Трэба абавязкова, каб было капітальнае падножжа для такой ямы, — падкрэсліў Аляксандр Калтуноў, — і не было б лішнім прыкрыць салому збоку плёнкай».

Асноўная гаворка ішла пра вытворчасць валовай прадукцыі па сельгасарганізацыях за 2017 год. Асноўныя складальнікі вала — малако, вырошчванне буйной рагатай жывёлы, збожжа з рапсам і кармы. На малако звярталася ўвага ў першую чаргу, таму што гэты прадукт складае 70-80% усёй валовай вытворча­сці. Сярэднераённы выніковы гадавы паказчык па вале — 98,2%. Усе разам «не дацягнулі» да трохзначнай лічбы ў вырошчванні
буйной рагатай жывёлы (96,4%) і па кармах (79,2%).

Пры наведванні машыннага двара гаспадаркі, дзе для занятых на рамонце тэхнікі ў зімовы перыяд створаны спрыяльныя для працы і адпачынку ўмовы, Мікалай Шаўчук падвёў вынікі нарады: «Ужо сёння поўным ходам трэба рыхтавацца да пасяўной, рамонт тэхнікі — на першым плане! Усе працаўнікі жывёлагадоўчай галіны павінны працаваць у адной звязцы на агульны вынік. Ад раслінаводаў залежыць ура­джай, ад механізатараў — нарыхтоўка кармоў, ад жывёлаводаў — якасць і колькасць малака. А гэты каштоўны прадукт, як паказвае жыццё, забяспечыць дабрабыт гаспадарак і працуючых, а таксама харчовую бяспеку жыхароў полацкага рэгіёну!».

«Кіраўнік гаспадаркі па­вінен разлічваць вытворчасць валовай прадукцыі наперад, шукаць шляхі павелічэння вытворчасці малака,  прываг цялушак, галоў дойнага статка!» — адзначыў Мікалай Шаўчук і звярнуў увагу на праблему з асемяненнем кароў, якая існавала ў мінулым годзе і ёсць зараз.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *