Чытайце пра другое «Смачнае падарожжа Надзейкі» па Полаччыне

Культура Общество

З пачатку 2018 года Полацкі раённы Цэнтр культуры сумесна з ТК «Скіф-Полацк» ажжыццяўляе новы праект па адраджэнні традыцый аўтэнтычнай мясцовай кухні пад назвай «Полаччына гасцінная».

Гарадская дзяўчына На­дзейка падарожнічае па Полацкім раёне, вучыцца гатаваць рэдкія беларускія стравы, якія любілі нашы продкі, і дзеліцца іх рэцэптамі з усімі жадаючымі праз сваю старонку «Смачнае падарожжа Надзейкі» ў сацыяльных сетках «Вконтакте» і «Одноклассники».

Тэлекампанія «Скіф-Полацк» у сваю чаргу здымае відэасюжэты пра кожную кулінарную вандроўку. Праект мае не толькі кулінарны напрамак. За музычнае су­праваджэнне адказваюць мясцовыя фальклорныя калектывы, а старажылы дзеляцца сваімі ўспамінамі, звычаямі і традыцыямі рэгіёну. Напрыканцы сту­дзеня адбыліся здымкі першай перадачы ў вёсцы Багатырская, дзе 78-гадовая жыхарка Марыя Міхайлаўна Ракіцкая раскрыла сакрэты прыгатавання цыбрыкаў па-багатырску і напою раўгеня.

Праз месяц Надзейка са здымачнай групай адправілася ў госці да фалькларысткі з аграгарадка Блізніца, заснавальніцы музея этнаграфіі «Бабін кут», што змешчаны ў Сільніцкай бібліятэцы-музеі, кіраўніка фальк­лорнага ансамбля «Блізнянка» Сільніцкага СДК Вольгі Станіславаўны Чобат.Пакуль Вольга Станіславаўна дзялілася рэцэптамі старадаўніх страў, госці не пераставалі здзіў­ляцца незвычайнаму дызайну ў яе хаце.

Вядома, ад продкаў гаспадыні засталася не толькі любоў да фальклору, але і цікавыя старажытныя рэчы хатняга ўжытку. Яны не проста пыляцца недзе ў скрыні, а ўпрыгожваюць сучасную кухню Вольгі Чобат. Да гэтага незвычайнага дызайну ў стылі беларускай хаткі прыклалі свае здольнасці з вялізным натхненнем усе члены яе сям’і.І вось што яшчэ цікава: аказваецца, прадзед і бабуля Вольгі Станіславаўны прыслугоўвалі ў знакамітага пана Лісоўскага.

Напярэдадні вялікага свята Вялікадня, тэмай другога смачнага падарожжа былі абраны посныя стравы. Кулінарны блакнот Надзейкі папоўніўся рэцэптамі рыбнага шчаўя з сушонай салёнай рыбай і таўчонікаў з макам па-блізніцку, якія і зараз гатуюць тутэйшыя гаспадыні. А раней таўчонікі, напрыклад, часцей за ўсё пяклі на талаку, калі трэба было накарміць чымсьці сытным працаўнікоў у полі.У гэты дзень да Вольгі Станіславаўны завіталі і яе сяброўкі з фальклорнага ан­самбля «Блізнянка», ды не адні, а з гарманістам.

Пад іх жыццярадасныя спевы і гатаваць стала весялей. Так пад музыку і цікавыя размовы хутка праляцеў час су­стрэчы, Надзейка ўсё падрабязна запісала ў свой падарожны кулінарны блакнот, і ёй ужо не церпіцца падзяліцца сваімі прыгодамі ў Інтэрнэце. А для тых, хто любіць бачыць усё сваімі вачыма, прапануем дачакацца відэа­сюжэта ад тэлекампаніі «Скіф».

Кацярына ПАЎЛОВІЧ, 

рэдактар Полацкага РЦК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *