На базе Полацкага дзяржуніверсітэта пачаў працаваць Турыстычны цэнтр

2018 - Год малой родины Культура Общество

Палачанам засталася ўнікальная спадчына. Справа за тым, каб паказаць яе, як кажуць, тварам. Менавіта на гэта накіравана дзейнасць Турыстычнага цэнтра Полацкага дзяржуніверсітэта, які днямі гасцінна расчыніў свае дзверы ў будынку XVIII стагоддзя, былым доме віцэ-губернатара, які размешчаны па адрасе: Замкавы праезд, 2-а. Дарэчы, гэта далёка не першы крок вышэйшай навучальнай установы на шляху папулярызацыі гістарычнай спадчыны старажытнага Полацка. Імкліва набіраюць папулярнасць экскурсіі па былым іезуіцкім калегіуме. Магчымасцю задаць пытанні Мудраму старцу і пагля­дзець на ўнікальны гадзіннік ва ўніверсітэцкім дворыку імкнуцца як шматлікія жыхары горада, так і госці з блізкага і далёкага замежжа.

Аб тым, што старажытны Полацк багаты на гістарычную спадчыну, вядома, напэўна, кожнаму беларусу. Ведаюць пра наш горад і ў замежжы. Але, як кажуць, лепш усё пабачыць на ўласныя вочы. З кожным годам расце колькасць жадаючых дакрануцца да крыніцы дзяржаўнасці, духоўнасці, культуры, паблукаць па вуліцах, якія захоўваюць рэха крокаў славутых продкаў, паслухаць арган у Сафіі, пакланіцца святыням…

Але вернемся да падзеі. Перад пачаткам прэзентацыі прарэктар ПДУ па выхаваўчай рабоце Павел Каваленка, адказваючы на пытанні журналістаў, зазначыў, што Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, які адлічвае сваю біяграфію з 1581 года, мае глыбокія гістарычныя карані: «Старажытныя сцены, у якіх працавалі, выкладалі, рабілі адкрыцці знакамітыя людзі з усёй Еўропы, захоўваюць асаблівую энергетыку і садзейніча­юць таму, каб нашы студэнты сталі сапраўды высокаадукаванымі людзьмі. Нам ёсць што паказаць і турыстам, таму трэба развіваць гэты накірунак».


Наведвальнікі Цэнтра трапляюць, перш за ўсё, у магазін сувеніраў. На сённяшні дзень іх тут прадстаўлена 50 відаў, і асартымент будзе паступова пашырацца. У вітрынах выстаў­лены тры калекцыі — першая з выявамі Полацкага калегіума, другая — з сімволікай універсітэта, і трэцяя — са славутымі месцамі Полацка. Боль­шасць сувеніраў выраблена ў рэдакцыйна-выдавецкім аддзеле ПДУ. Тут можна таксама скарыстацца «турыстычнай поштай».

Кожны жадаючы мае магчымасць адправіць маляўнічую паштоўку з прывітаннем са слаўнага горада Полацка ў любую кропку свету. Прыняўшы ўдзел у анлайн-латарэі — атрымаць асабістае прадказанне ад Мудрага старца, а яшчэ тут можна забраніра­ваць і аплаціць турыстычныя паслугі, якія аказваюцца ва ўніверсітэце.


Другая зона — творчая майстэрня. У ёй будуць праходзіць экскурсіі з майстар-класамі, дзе прадугледжаны ўласнаручны выраб сувеніраў і больш падрабязнае знаёмства з гісторыяй старажытнага Полацка. Распрацавана тры віды майстар-класаў пад агульнай назвай «Полацкія сувеніры» — па стварэнні міні-карцін, па вырабе магнітаў і пастаноўцы сургучнай пячаткі. Кожны з гасцей зможа атрымаць імянны сертыфікат аб наведванні Полацка і сам паставіць на ім пячатку.
Дарэчы, у тэставым рэжыме пачаў функцыянаваць сайт  www.tourcentr.psu.bу, на якім можна атрымаць вычарпальную інфармацыю пра ўсе паслугі, якія прапануе Турыстычны цэнтр. Таксама на вашы пытанні адкажуць па тэлефонах: 8(029)719-86-08, 42-77-79 і 42-31-54.


А на другім паверсе будынка Турцэнтра размешчана вучэбна-даследчыцкая лабараторыя археалогіі, этнаграфіі і антрапалогіі кафедры гісторыі і турызму гуманітарнага факультэта. Пакуль што тут праводзяцца заняткі са студэнтамі, аформлены выставы, у якіх прадстаўлены артэфакты, знойдзеныя падчас экспедыцый, ці раскопак на Полаччыне. Але ўжо ёсць ідэя ў перспектыве праводзіць на яе базе заняткі для дзяцей, напрыклад, па ткацтве.


Калі з’явілася жаданне адправіцца ў захапляючае падарожжа па часе і больш даведацца пра гісторыю старажытнага Полацка, завітайце ў новы Турыстычны цэнтр. Упэўнены — вам спадабаецца.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *