Што гатовы зрабіць палачане для малой радзімы

2018 - Год малой родины

«Што для вас значыць «малая радзіма», і што вы гатовы зрабіць для яе?» — на пытанні нашай газеты сёння адказваюць літаратары Полачыны.

Кацярына МАРЧАНКА (народнае творчае аб’яднанне «Літаратурны каўчэг»):
— Мая малая радзіма — вёсачка Лучна Завозерскага сельсавета, у 10 км ад Полацка. Тут я нарадзілася, расла, потым вучылася ў Полацкім медвучылішчы. Далёка ад сваёй радзімы не ад’ехала — жыву ў Наваполацку.
Калі ёсць вольны час, імкнуся дадому ў вёску. Многае тут змянілася, побач вырасла Полацкая ГЭС. Для мяне ж люба, калі прыязджаю, кожная травінка, кожная кветачка, той самы дуб, які 50 гадоў таму быў зусім маленькім, а цяпер стаў такім вялікім, што не абхапіць рукамі.

Вельмі люблю ліпы, якія калісьці высаджаны ў алеі. Яны выраслі, а ручай, які даўней здаваўся такім шырокім, цяпер зусім маленькі. Тое, што было ў дзяцінстве, па-іншаму ўспрымаецца. Што гатова зрабіць для сваёй малой радзімы? На сённяшні дзень Бог даў мне магчымасць адчуць сябе паэтам. Таму складаю вершы пра тыя мясціны, дзе нарадзілася, пра Беларусь, бо я іх вельмі люблю.

Неба блакітнае хмары купае,
Ластаўкай я палячу да цябе,
Рэчанька любая, сэрца шукае
Сцежку, з дзяцінства знаёмую мне.

Кацярына СІДАРОВІЧ (народнае літаратурнае аб’яд­нанне «Полоцкая ветвь»):
— Мае вясновыя ўспаміны аб малой радзіме асацыіруюцца з чаромхавай мяцеліцай, водарам бэзу. Мая малая радзіма — вёска Вароўскага ў Барысаўскім раёне Мінскай вобласці — ў гэты час прыбіраецца, як нявеста, у кветкі чаромхі. Я даўно там не была, сябры — аднакласнікі раз’ехаліся па розных кутках Беларусі. 8 гадоў жыву ў Полацку і адчуваю сябе тут, як дома.

У Полацку ўжо шмат гадоў жывуць мае маці, дачка, сястра, пляменнікі. Тут нарадзіліся мае ўнукі. Святая полацкая зямля стала для мяне другой ра­дзімай. Працую ў школьнай бібліятэцы і імкнуся прывіць дзецям любоў да роднай мовы, вучу ганарыцца сваёй малой радзімай і яе славутымі асветнікамі, пісьменнікамі. А яшчэ пішу вершы, услаўляючы старажытны Полацк, адкуль пайшла Белая Русь.

У гісторыі значны і лёсам багаты,
Наш Полацк быліннаю славай працяты,
Яшчэ Усяславам тут зроблены крокі,
Што маюць дзяржаўнасці нашай вытокі.

Алена ЯРОНЬКА (народнае літаратурнае аб’яднанне «Наддзвінне»):
— Для мяне Полацк — гэта горад, у якім я нарадзілася, жыву, працую. Горад, куды заў­сёды, куды б ні ездзіла, вяртаешся ДАДОМУ. 5 красавіка спаўняецца 30 год, як я працую ў раённай бібліятэцы, зараз гэта бібліятэка-філіял №9 імя Алеся Савіцкага. Амаль палову гэтага часу з’яўляюся аўтарам і вядучай літаратурнай гасцёўні «Элегантны ўзрост», якую праводжу разам з калегамі.

Яна прызначаецца, у першую чаргу, для саста­рэлых людзей і інвалідаў. Тут яны могуць абмяняцца думкамі, паглядзець падрыхтаваны канцэрт і выступіць самі, паказаць свае таленты, якіх вельмі шмат. Таксама гэта месца сустрэч літаратараў Полаччыны. Я ганаруся, што ў нашай бібліятэцы сабрана больш за 150 кніг літаратараў Полаччыны, якія мы прапануем чытачам. Многія з іх — з аўтог­рафамі аўтараў, якія выступалі ў бібліятэцы. Дзякуй маёй малой радзіме, якая вырасціла столькі таленавітых людзей!

Любить свою страну, свой древний город,
Свою любовь, как вымпел, передать,
Чтоб для других он стал навеки дорог —
Это и значит — патриотом стать.

Наталля ЛІТВІНАВА (народнае літаратурнае аб’яд­нанне «Полоцкая ветвь»):
— «Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць…» — гэтыя радкі вядомай песні я асабліва адчула, калі раней каля года працавала ў Маскве. У імклівай мітусні вялікага мегаполіса раптам такая туга пасялілася ў сэрцы… Закрыеш вочы — і бачыш пранізаныя сонцам сосны, празрыстыя крыніцы, чырвонадзюбых буслоў, якія распласталі свае белыя крылы над аксамітам балотных імшараў. Хутчэй дадому, у Полацк, горад, дзе я нарадзілася і жыву.

Полацк — гэта дзіўная жамчужына ў кароне беларускіх гарадоў, старажытная сталіца Белай Русі, дзе па каштанавай алеі нябачна блукаюць і князёўна Рагнеда, і Усяслаў Чарадзей, і Францыск Скарына, і Сімяон Полацкі… Як зачароўваюць яго вузенькія вулачкі ў пышнай квецені бэзу, маленькія дворыкі, павольная плынь срабрыста-сіняй Дзвіны і цёмныя звіліны Палаты! Я па-сапраўднаму шчаслівая, што магу славіць свой любы Полацк у вершах.

Ружовасць і блакіт плывуць гулліва
І бліскаюць у хвалях Палаты.
Слязьмі Рагнеды стынуць трапятліва
Вярбіны сарамлівыя кусты…



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *