Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь адсвяткавалі на Полаччыне

Общество

У кожнага народа, кожнай дзяржавы ёсць асаблівыя сімвалы, якія яднаюць нацыю, мацуюць патрыятызм і дораць кожнаму з нас пачуццё дачынення да гісторыі і спадчыны краіны, надзённых спраў і памкненняў суайчыннікаў. 

Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, які ўжо на працягу двух дзесяцігоддзяў у другую нядзелю мая святкуюць беларусы,  — даніна нашай павагі да галоўных сімвалаў Ра­дзімы.


У сонечную нядзелю, 13 мая, на плошчы Свабоды ў Полацку пад чыстым блакітным небам адбылася ўрачыстая дзея, прысвечаная гэтаму святу, — мітынг «Разам мы — Беларусь». Удзел у ёй прынялі прадстаўнікі выканаўчай улады і грамадскіх арганізацый, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, ваеннаслужачыя і навучэнцы, шматлікія жыхары Полаччыны.

Мітынг прадоўжыўся ўрачыстай цырымоніяй прыняцця юных жыхароў нашага краю ў маладзёжныя грамадскія аб’яднанні. Ля галоўнага сімвала краіны — Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь — у піянеры былі прыняты лепшыя навучэнцы ўстаноў адукацыі горада і раёна.

Потым сваё маладое папаўненне прыняла Полацкая раённая арганізацыя ГА «БРСМ». 197 юнакоў і дзяўчат атрымалі членскія білеты самай буйной маладзёжнай арганізацыі краіны.


Яшчэ адной урачыстасцю мітынгу стала ўшанаванне пераможцаў і прызёраў раённага этапа рэспубліканскай ваенна-спартыўнай гульні «Зарніца». Дыплом I ступені быў уручаны камандзе «Прызыўнік» СШ №18 імя Еўфрасінні Полацкай, Дыплом II ступені — камандзе «Звязда» Шпакоўшчынскай ЯС-СШ і Дыплом III ступені — камандзе «Святагор» СШ №15. Свае віншаванні ім, а таксама ўсім палачанам, у чыім жыцці ў гэты дзень адбылася значная падзея далучэння да аб’яднанняў самых актыўных, ініцыятыўных, адказных і творчых прадстаўнікоў беларускай моладзі павіншавала другі сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ» Яна Лапановіч.