У Азінскім сельскім Доме культуры Полацкага раёна святкавалі залатое вяселле
15.05.2018   //   Автор:   //   Общество   //   Нет комментариев   //   116 Views

Вясну не выпадкова называюць парой кахання. Разам з абуджэннем прыроды, пышнай квеценню садоў, птушынымі спевамі нараджаюцца самыя шчырыя пачуцці. І калі раптам два маладых сэрцы пачынаюць біцца ва ўнісон, калі становіцца зразумела, што няма ва ўсім свеце чалавека, даражэйшага за таго, які стаіць побач… аказваецца, што адбыўся вялікі цуд — двое пакахалі.

Квітнеючым, сонечным майскім днём у Азінскім сельскім Доме культуры святкавалі залатое вяселле. У тую самую залу, дзе калісьці яны сустрэліся ўпершыню, прыйшлі Вера Васільеўна і Мікалай Мікалаевіч Шэршань. Прыйшлі, каб праз паўстагоддзя зноў сказаць адно аднаму галоўныя словы і прызнацца, што праз гады пранеслі каханне і вернасць.


…Залатая брамка, дождж з залатых канфеці і хлебны каравай, ды не з соллю, а з мёдам. За пяцьдзесят гадоў не адзін пуд солі, як кажуць, яны разам з’елі. А зараз надышоў час душэўнага спакою ды радасці. Павіншаваць самых дарагіх людзей з залатым юбілеем прыйшлі дачка Жанна і сын Андрэй, унук Арцём і ўнучка Яна, а таксама маленькі праўнук Данііл і шматлікія родныя і блізкія людзі.


…Яны хваляваліся, калі надышоў час паставіць свае подпісы ў Кнізе шчаслівых сем’яў і крыху саромеліся, калі прысутныя закрычалі традыцыйнае «Горка!». А потым адказвалі на пытанні: «Ці ўдалося захаваць каханне?», «Ці згодны прадоўжыць сямейны саюз?»… Абодва ўпэўнена, не задумваючыся, казалі: «Так!»

50 гадоў таму загарэўся агонь у ачагу сям’і Шэршань. Ён гарыць усе гэтыя гады, дорачы цеплыню і ўпэўненасць у непарушнасці сям’і дзецям і ўнукам, усім, хто з ім судакранаецца. З даўніх часоў ачаг распальваў мужчына, а жанчына захоўвала агонь, не даючы яму згаснуць ні пры якіх абста­вінах. Ім абодвум хапіла мудрасці і сіл прайсці праз усе выпраба­ванні, не страціўшы кахання і ўзаема­паразумення. Як сімвал сямейнага ачага, залатыя юбіляры запалілі свечкі, а потым агеньчыкі зазіхацелі ў руках дзяцей і ўнукаў.

На пытанне, ці памятаюць сваю першую сустрэчу, яны ў адзі­н голас адказалі: «Такое не забываецца!». Мікалаю і Веры ў той час было каля дваццаці. Працавіты статны хлопец, вясковы гарманіст, першы прыкмеціў прыгожую вясёлую дзяўчыну. Сябравалі яны тры гады, а потым вырашылі, што жыцця адно без аднаго не ўяўляюць. Сваё вяселле памятаюць да драбніц. Вера Васільеўна, усміхаючыся, узгадвае, што да значнай падзеі прывезлі ёй з Польшчы адрэз парчы, так што вясельная сукенка атрымалася па-сапраўднаму каралеўскай. «А ўвогуле ўсё было вельмі сціпла. Толькі жыццё ў той час было значна багацейшым на сапраўдныя, шчырыя пачуцці».


Лёгка нічога не давалася. Маладыя працавалі. Ён — вадзіцелем, яна — у мясцовым саўгасе цялятніцай і паляводам. Пабудавалі дом, вялі ладную гаспадарку. Іх дом і зараз утульны і гасцінны, патанае ў кветках. Вера Васільеўна — адмысловая майстрыха, Мікалай Мікалаевіч часам, як калісьці, бярэ ў рукі гармонік.

На наша пытанне, у чым сакрэт шчаслівага сямейнага жыцця, у адзін голас залатыя маладыя адказалі: «У каханні. Калі ёсць яно, усё атрымаецца. Не трэба бегчы за багаццем. Галоўнае — не здрадзіць сваім пачуццям, пранесці праз жыццё вернасць адно аднаму. А яшчэ каб было здароўе, тады ўсё будзе па плячы».

…А потым быў вальс. Залатыя маладыя кружыліся ў танцы пад гукі любімай мелодыі, гледзячы ў вочы адно аднаму. І быццам не было ні цяжару прайшоўшых гадоў, ні сівізны на скронях. Яны зноў былі маладымі, як тады, квітнеючай юнай вясной, якая падарыла ім сустрэчу, стаўшую галоўнай у жыцці.

Елена Каленик
Автор:

Заместитель главного редактора. Деятельность сфер культуры, медицины, торговли, образования всегда стремится держать в поле зрения. Ведущая страничек «Ваше здоровье» и «Полочаночки». Всегда даст компетентный ответ и дельный совет по телефону 8(0214)42-86-28.

Оставить комментарий