Серада бягучага тыдня стала цікавым днём для жыхароў вёскі Быстрыца Полацкага раёна

Заботы сельские

Серада бягучага тыдня стала незвычайным, цікавым днём для жыхароў вёскі Быстрыца Бабыніцкага сельсавета. Менавіта ў гэты маляўнічы куток Полацкага раёна ў госці да сялян завітала дапытлівая гарадская дзяўчына Надзейка з мэтай прадоўжыць сваё «Смачнае падарожжа» і даведацца пра рэцэпты старадаўніх  страў.

Спачатку ўтульны дом, а потым і сад мясцовай жыхаркі, старэйшыны вёскі Быстрыца Раісы Канстанцінаўны Казачонак ператварыліся ў сапраўдную здымачную пляцоўку. Супрацоўнікі рэгіянальнага тэлеканала «Скіф» вялі чарговы запіс цыкла перадач пра вясковыя кулінарныя прыгоды гарадской дзяўчыны. Гасцінная гаспадыня распавядала і паказвала, як гатаваць дзве стравы з цікавымі назвамі «пражонка» і «ладада», а Надзейка занатоўвала новыя рэцэпты ў блакнот. З нагоды незвычайнай падзеі ў госці да Раісы Канстанцінаўны завіталі яе суседкі — Яўгенія Іосіфаўна Кучко і Валянціна Маркаўна Бакан, якія дзівіліся на дзею, якая адбывалася. «Упершыню бачым, як здымаюць кіно, — задаволена адзначалі вясковыя доўгажыхаркі. — Столькі ўражанняў за адзін дзень мы даўно не атрымлівалі! А людзей колькі цікавых убачылі!».

Надзейка даведалася, што страва з назвай «пражонка» для сялян была святочным пачастункам. Для яе прыгатавання неабходны дамашнія каўбаскі і свіныя рэбры. Вядома, для продкаў Раісы Канстанцінаўны есці кожны дзень мяса было раскошай. А вось «лададу» гатавалі часта, гэта была сямейная страва «на хуткую руку». Спачатку на па­тэльні смажылі шкваркі, а потым залівалі іх блінным цестам. Праз колькі хвілін водар запечанай смакаты распаўсюджваўся па ўсёй хаце, — і сям’я, узяўшы лыжкі, хуценька збіралася за сталом…

Акрамя рэцэптаў старадаўніх страў, На­дзейка даведалася пра сакрэты вышыўкі прыгожых рушнікоў з адмысловымі ўзорамі, уласцівымі бабыніцкай мясцова­сці. Пра ўсе тонкасці гэтага цікавага занятку вясковых майстрых дзяўчыне распавялі спецыя­лісты Полацкага раённага Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур Таццяна Красікава, кіраўнік клуба «Майстар» Іна Карандзей і дырэктар раённага аўтаклуба Таццяна Хутарная.

Пра кулінарнае падарожжа Надзейкі ў вёску Быстрыца, якое стала ўжо чацвёртым у праекце «Полаччына гасцінная», усе жадаючыя змогуць даведацца на старонках «Смачнае падарожжа Надзейкі» ў сацыяльных сетках «Вконтакте» і «Одноклассники». Як адзначыла вядучая праекта Надзея Зайцава, яе кулінарныя прыгоды да­стакова папулярныя сярод шматлікіх падпісчыкаў.