Традыцыйна старт пачатку «зялёнага жніва» на Полаччыне даў малебен

Заботы сельские

Церпкі, ні з чым не параўнальны водар свежаскошанай травы лунае ў паветры — гэта спакуслівая прыкмета пагодлівых майскіх дзянькоў. Але цешыцца з гэтай з’явы могуць тыя, хто папрацаваў з міні-касілкай на невялікім газоне. Калі ж косіцца трава на шматгектарнай плошчы — тады не да водару. Для аграрыяў першая касавіца не менш гарачая пара, чым уборка хлеба: нельга мару­дзіць, бо перастаяць травы — не дабярэш ні па валу, ні па кандыцыі. Менавіта зараз можна нарыхтаваць самыя якасныя кармы.

Пра гэта ішла гаворка ў аўторак на адным з палёў УП «Блізніца» (філіяла ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў») на выязной нарадзе кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў Полацкага раёна, якую правёў намеснік старшыні Полацкага райвыканкама, начальнік упраўлення райсельгасхарчу Мікалай Баратынскі.

Традыцыйна старт пачатку «зялёнага жніва» на Полаччыне даў малебен, які правёў айцец Уладзімір (Рацьковіч), настаяцель царквы Пакрава Прасвятой Багародзіцы г.Полацка. Свяшчэннаслужыцель павіншаваў кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў і ўдзельнікаў корманарыхтоўкі УП «Блізніца» з пачаткам чарговай адказнай кампаніі, заклікаў іх пачынаць кожны новы дзень са зварота да Бога аб дапамозе ва ўсіх справах.

Пра тое, што на бягучым тыдні зімовыя запасы пачалі свой адлік, расказаў Мікалай Баратынскі. Аграрыям Полаччыны належыць убраць 11 тысяч гектараў, засеяных травамі. Мэта — нарыхтаваць 27,7 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Для дасягнення гэтага плана сяляне бу­дуць выкарыстоўваць сучасныя эфектыўныя тэхналогіі назапашвання кармоў. Дырэктар УП «Блізніца» Браніслаў Піліпёнак адзначыў, што большасць удзельнікаў корманарыхтоўчай кампаніі ў іх гаспадарцы — вопытныя спецыялісты, якія ведаюць справу і ўмеюць праяўляць клопат пра зімовае меню статка.

З карыснай інфармацыяй пра сучасныя патрабаванні ў час корманарыхтоўкі выступілі спецыялісты ўпраўлення райсельгасхарчу Наталля Крывец і Наталля Тышкевіч, начальнік Полацкай раённай інспекцыі па насенневодстве, каранціну і абароне раслін Тамара Гарбачэўская. Падрабязна абмяркоўвалася тэхналогія закладкі корму ў траншэі. Тлумачэнні давалі галоўны ветурач Полацкага раёна Сяргей Булыка і начальнік упраўлення райсельгасхарчу Мікалай Баратынскі.

Удзельнікі нарады выказалі агульную думку пра тое, што самы лепшы спосаб назапашвання вітамінных кармоў — закладка іх у траншэі. Таму трэба дасканала выву­чыць менавіта гэты спосаб. Неабходна пастаянна сачыць за вільготнасцю, тэмпературай кармавой масы, весці трамбоўку кругласутачна. Некаторыя гаспадаркі ў мінулыя гады частку зялёнага ўраджаю ўпакоўвалі ў поліэтыленавую плёнку. Практычны вопыт паказаў, што, сапраўды, гэтая сучасная тэхналогія дазваляе захоўваць спажыўныя рэчывы корму, але яна — не таннае задавальненне. Корм з поліэтыленавых цюкоў асабліва падыходзіць для маладняка буйной рагатай жывёлы.

…Праца ў полі будзе кіпець ад рання, калі на траве добра бачныя слёзы буйной расы, да зор, пакуль не надыйдзе ноч. У дастатковай колькасці ёсць тэхніка: касілкі, падборшчыкі, трактары, аўтамабілі. Безумоўна, на высокую прадукцыйнасць працы будуць уплываць імкненне механізатараў справіцца з уборкай зялёнага ўраджаю як мага хутчэй (на першы ўкос адведзена 10 дзён), бесперабойная праца тэхнікі, дастатковая коль­касць паліва, а таксама — клопат пра занятых у гэтай кампаніі: арганізаванае гарачае харчаванне, меры маральнага і матэрыяльнага стымулявання. Усе ўдзельнікі «зялёнага жніва» ўсведамляюць важнасць моманту: колькасць і якасць нарыхтаваных кармоў абавязкова адгукнецца высокімі надоямі малака ў зімовы перыяд.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *