Як прайшла ў Полацкім раёне Завозерская «Беразуха»
26.06.2018   //   Автор:   //   Заботы сельские   //   Нет комментариев   //   346 Views

Напярэдадні раённага свята «Беразуха» на галоўнай яго пляцоўцы ў аграгарадку Завозер’е ля сельскага Дома культуры  з’явіліся новенькія бярозавыя арэлі. Ідэя іх пабудаваць належыла супрацоўнікам мясцовага клуба і ўдзельнікам мастацкай самадзейнасці. Новую гушкалку для дзяцей упрыгожылі рознакаляровымі стужкамі — і адразу з’явілася вялікая чарга жадаючых пагойдацца. 

Дзятвы ў Завозер’і ў летні час хапае, і на «Беразуху» ў суботу многія хлопчыкі і дзяўчынкі прыйшлі не толькі пагойдацца на новых арэ­лях, якія сталі для іх прыемным сюрпрызам, дзеці таксама ў якасці артыстаў выходзілі на святочную сцэну.


Пакуль малеча гушкалася на калыханцы, школьнікі Завозерскай школы на чале з дырэктарам Таццянай Бацюлёвай прапаноўвалі гасцям свята, якія прыехалі з усіх куточкаў Полаччыны, набыць драўляныя вырабы, змайстраваныя ўласнымі рукамі: тут і прыгожыя невялічкія стулы былі, і ключніцы, і рамкі для фотаздымкаў. У кожную творчую кампазіцыю дзеці ўклалі фантазію і старанне, і дарослыя не толькі дзівіліся на створаную імі прыгажосць, але і куплялі гэтыя рэчы для ўпрыгожання дома.


Завіталі на свята ў Завозер’е і актывісты аматарскага аб’яднання фітатэрапіі «Траўніцы» Полацкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Гасцінныя жанчыны Святлана Талканіца, Вольга Слінько, Майя Куксёнак і Святлана Смыкава частавалі дарослых і дзяцей гарбатай з розных лекавых раслін. Дзеці адказвалі на пытанні віктарыны на «бярозавую» тэматыку і атрымлівалі ў падарунак за правільныя адказы салодкія прызы.
Загучалі пазыўныя свята народнага майстэрства, традыцыйных ведаў і добрасуседства, увазе шматлікіх гледачоў прапанавалі тэатралізаваную дзею «Легенда пана Казіміра».

Артысты настолькі «ўвайшлі ў свае ролі», так добра гралі, што зусім не звярталі ўвагі на дождж, які сёлета стаў спадарожнікам свята. Не напужала халаднаватае надвор’е і гледачоў: яны актыўна апладзіравалі дарослым і юным артыстам за мюзікл «Бярозавая рапсодыя», за канцэртную праграму — удзельнікам народнага вакальнага ансамбля «Бела чайка» Азінскага СДК.


Увагу гледачоў прыцягнуў конкурс-прэзентацыя вуліц аграгарадка Завозер’е «Тэрыторыя добрасуседства». Творчыя здольнасці дэманстравалі дарослыя і юныя жыхары вуліц Палявая, Паркавая, Школьная і Цэнтральная. Вядучыя свята падрыхтавалі для іх розныя іспыты, з якімі суседзі заўзята спраўляліся. Адным з іх стала відовішчная бітва бярозавымі венікамі. Смеху было! А пераможцай гумарыстычных спаборніцтваў стала дружная каманда вуліцы Цэнтральнай.


Жыхары Завозер’я заўсёды лічыліся гасціннымі гаспадарамі. І вось ужо трэці сезон запар яны частавалі ўсіх жадаючых гасцей «Беразухі» рыбнай юшкай. Сёлета гэты гарачы супчык са спецыямі, прыгатаваны па фірменным рэцэпце аднаго са старэйшых жыхароў аграгарадка, з-за халоднага надвор’я быў вельмі дарэчы. Адбылася на свяце і дэгустацыя страў армянскай кухні, якую падрыхтаваў дырэктар народнага клуба армянскай культуры «Хаш» Сенік Грыгаран. Завозерцы-беларусы ўжо даўно прынялі ў сваю дружную сялянскую сям’ю прадстаўнікоў армянскай дыяспары, з якімі яны сябруюць і падтрымліваюць добрасуседскія зносіны напрацягу ўжо двух дзясяткаў год.


Дарослыя глядзелі канцэрт, а дзеці весяліліся, прымалі ўдзел у гульнёвай праграме «У пагоні за летам». Напэўна ўсе дзеці, якія завіталі на свята, пачаставаліся салодкай ватай, яны шчыра радаваліся гэтым «белым аблокам», якія апошнім часам сталі неад’емнай часткай вясковых святаў.
Напрыканцы «Беразухі» ўдзель­нікі конкурсу-прэзентацыі вуліц аграгарадка Завозер’е пасадзілі бярозавую алею добрасуседства, якая стане для ўсіх жыхароў гэтага населенага пунк­та добрым напамінам пра чэрвеньскі святочны дзянёк. А потым усе разам — артысты і госці свята — утва­рылі вакол стромкіх бярозак вялі­кі карагод і песняй «У полі бярозка стаяла» развіталіся да наступнага года з ІІІ сезонам «Завозер­скай беразухі».


Словы шчырай удзячнасці за вясёлае свята выказаў жыхарам Завозер’я і ўсім гасцям, якія прыехалі (нават з Санкт-Пецярбургу!), старшыня Гомельскага сельвыканкама Віктар Хвошч. Ён паабяцаў, што ў наступным годзе для артыстаў — удзельнікаў «Завозерскай беразухі-2019»  — на пляцоўцы перад Домам культуры агульнымі намаганнямі жыхароў Гомельскага сельсавета будзе пабудавана сцэна.

Алина Большакова
Автор:

Заведующая отделом сельского хозяйства, спорта и туризма. С профессиональным интересом подходит к спортивным событиям в городе и районе, подробно и обстоятельно рассказывает об успехах полоцких чемпионов на тематической странице «Стадион+». Неравнодушна к темам духовности, нравственности, проблемам людей с ограниченными возможностями. С интересом рассказывает на страницах газеты о тружениках села, ведет рубрику «Весткі з сельсаветаў». Звоните! Телефон 8(0214)42-43-39.

Оставить комментарий