На свяце ў Александрыі быў прадстаўлены Полацкі раён

Общество

У аграгарадку Александрыя Магілёўскай вобласці, на малой радзіме Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, штогод у ліпені ладзіцца вялікае рэспубліканскае свята «Купалле», якое таксама атрымала назву «Александрыя збірае сяброў». 

Арганізатарамі маштабнага фэсту на маляўнічым беразе Дняпра, які ў гэтым годзе прайшоў ужо ў восьмы раз, з’яўляюцца Магілёўскі аблвыканкам, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Шклоўскі райвыканкам. Сёлета ў ім бралі ўдзел больш за паўтары тысячы артыстаў з сямі краін.

Дзень 7 ліпеня ў Александрыі праходзіў пад знакам Года малой радзімы. На Полацкай пляцоўцы кожны з гасцей свята мог знайсці сабе што-небудзь даспадобы і, да таго ж, пазнаёміцца з велічнай гісторыяй і традыцыямі старажытнага Полацка. Для аматараў даўніны быў створаны прэзентацыйны куток «Полацк гістарычны», у якім можна было ўбачыць касцюмы розных эпох, трон Усяслава Чарадзея, карэту беларускай шляхты, а таксама — далучыцца да забаў, якія калісьці былі папулярнымі сярод нашых далёкіх продкаў.

Вялікі гонар прадстаўляць на свяце Віцебскую вобласць выпаў і Полацкаму раёну. Полаччына дэлегавала ў Александрыю творчыя калектывы Полацкага раённага Цэнтра культуры і Полацкага раённага Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур. А на галоўнай сцэне публіку сваімі яскравымі талентамі скаралі ўдзельнікі Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь тэатра танца «Прэм’ер-Спонайд» Цэнтра культуры «Полацк».

Паездка атрымалася дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва Полацкага раёна.

Па-полацку шчодра запрашала гасцей пляцоўка «Полаччына гасцінная», дзе прапаноўвалася пакаштаваць аутэнтычныя стравы Прыдзвінскага краю — цыбрыкі, таўчонікі з макам, рыбнае шчаўе, лададу, раўгеню і бярозавы квас. І, вядома ж, прыняць удзел у народных гульнях.

Майстры Полацкага раённага Цэнтра рамёст­ваў і нацыянальных культур таксама прывезлі на свята ў Александрыю шмат цікавага: эксклюзіўныя сувеніры ручной работы, майстар-класы, выставы-прэзентацыі. Госці з захапленнем разглядалі і набывалі на памяць унікальныя вырабы, якія захоўваюць добрую энергетыку і цеплыню працавітых рук.

Паўсюль панаваў узнёслы, шчыры, па-сапраўднаму святочны настрой, у які яскравых нот дадавалі выступленні выканаўцаў народнай студыі эстраднага майстэрства «Тандэм» Полацкага раённага Цэнтра культуры, народнага вакальнага ансамбля «Бела чайка» Азінскага СДК, ансамбля песні «Фярцінка» Багатырскага СДК і народнага ансамбля беларускай песні і музыкі «Полацкія россыпы» Раённага Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур.

Адшумела, адспявала, адгуло вясёлае народнае свята, хуткаплыннае, як светлая купальская ночка, пакінуўшы гасцям і ўдзельнікам добрыя ўспаміны. А ў наступным го­дзе ў Александрыі на Купалле зноў зберуцца сябры, каб падарыць адно аднаму сваю творчасць, шчырыя ўсмешкі і выдатны настрой.