У Полацкім раёне, ва ўрочышчы Пазнякова прайшло традыцыйнае свята «Зажынкі»

Важное

У сераду на бягучым тыдні ўрачыстая падзея адбылася ў Полацкім раёне: ва ўрочышчы Пазнякова, на пшанічным полі ДП «Астроўшчына», прайшло традыцыйнае свята «Зажынкі», на якое на чале са старшынёй Полацкага райвыканкама Мікалаем Шаўчуком сабра­ліся кіраўнікі сельгаспрад­прыемстваў Полацкага раёна, прадстаўнікі прафсаюзных арганізацый і Полацкага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях, спецыялісты ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, механізатары ДП «Астроўшчына».

Свята, на якім усхвалялася праца хлебаробаў і хлеб — як крыніца жыцця і сілы, пачалося з урачыстага малебна, які правёў айцец Аляксей, свяшчэннаслужыцель царквы Пакрава Прасвятой Багародзіцы г.Полацка, у суправаджэнні пеўчых. Святар па традыцыі акрапіў святой вадой удзельнікаў малебна і тэхніку, якая стаяла ў лінейцы гатоўнасці да ўборачнай-2018. Айцец Аляксей пажадаў усім Божага блаславення ва ўсіх добрых справах, заклікаў клапаціцца пра здароўе не толькі фізічнае, але і душы.


…Хлебная ніва цяжкімі каласамі нахіляецца долу, збожжа саспела, трэба ў кароткія тэрміны ўбраць яго з палёў. Старшыня Полацкага райвыканкама звярнуў увагу ўдзельнікаў мерапрыем­ства на зменлівае надвор’е, патрабаваў не губляць час, пачынаць працу ў полі з самай раніцы. Сушылкі павінны працаваць круглыя суткі, у максімальным рэжыме. У перыяд уборачнай кампаніі нельга забывацца і пра нарыхтоўку кармоў. Да 15 жніўня праца ў полі павінна кіпець.


Артысты народнага фальклорнага гурта «Галасы Спадчыны» нагадалі, як у старадаўнія часы святкавалі «Зажынкі» нашы продкі. Старэйшым удзельніцам калектыву прадаставілі права «першы сноп сярпамі зажынаці», а потым яны ўпрыгожылі яго каляровай стужкай і ўручылі гэты сімвал шчодрай хлебнай нівы Мікалаю Шаўчуку.

Гучна віталі хлебаробаў артысты народнага ансамбля песні «Мельніца» Ветрынскага гарпасялковага Дома культуры. Добрая беларуская песня неслася далёка па наваколлі, уздымала настрой усім, хто выбраў справай жыцця пачэсную місію — вырошчваць і ўбіраць хлеб, які, як вядома, усяму галава. Галоўным героям свята — хлебаробам — артысты Полацкага раённага Цэнтра культуры ўручылі памятныя сувеніры з пажаданнямі ўдачы.
Дырэктар ДП «Астроўшчына» Аляксандр Ярахновіч і галоўны аграном гаспадаркі Таццяна Мінакова адзначылі, што для іх — вялікі гонар распачынаць уборку хлеба ў Полацкім раёне і сустракаць на сваёй тэрыторыі раённыя «Зажынкі». Яны запэўнілі, што гэтая падзея ўзняла настрой усім працаўнікам ДП «Астроўшчына». Сёлетнюю ўборачную кампанію астроўшчынцы пачалі з уборкі азімага рапсу, які пасеяны на плошчы 170 га. Напярэдадні «Зажынак» убіралі ячмень. Сёлета працаўнікам гаспадаркі належыць убраць авёс на плошчы 185 га, зернебабовыя займаюць 105 га, яравы рапс — 234 га, ячмень — 451 га, азімае жыта — 50 га, азімая пшаніца — 150 га. Трэба здаць дзяржзаказ жыта і пшаніцы. Як запэўніла галоўны аграном, ураджай вырас неблагі, галоўнае — каб было надвор’е для яго ўборкі! Плануецца задзейнічаць 5 камбайнаў, каб увесь хлеб своечасова ўбраць у засекі. Экіпажы камбайнераў створаны і гатовыя да працы.


Спецыялісты ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і Полацкага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях правялі інструктаж для кіраўнікоў гаспадарак, нагадалі пра неабходнасць захавання правіл пажарнай бяспекі ўдзельнікамі жніва, з мэтай іх матэрыяльнага стымулявання — штодзённа налічваць заработную плату камбайнерам, неабходна арганізаваць абавязковае двухразовае харчаванне сялян, занятых у полі і на зернетаках, і гараджан — удзельнікаў уборачнай кампаніі. Старшыня Полацкага райкама прафсаюзаў работнікаў АПК Аляксандр Дабраслаўскі нагадаў пра ўмовы традыцыйнага раённага спаборніцт­ва сярод экіпажаў камбайнераў-тысячнікаў і вадзіцеляў на адвозцы збожжа, вынікі якога будуць падводзіцца на раённых «Дажынках». Таксама ў газеце «Полацкі веснік» напрацягу ўборачнай кампаніі-2018 будзе друкавацца «Дошка гонару» з прозвішчамі перадавікоў працы з усіх гаспадарак Полацкага раёна.


…Са словамі «У добры шлях!» камбайны-караблі з учарашняга дня паплылі па хлебным моры. Капітаны гэтых караблёў намераны ўбраць вырашчаны хлеб да апошняга зярнятка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *