У Полацкім Музеі беларускага кнігадрукавання з’явіліся новыя экспанаты

Культура

У Музеі беларускага кнігадрукавання з’явіліся два новыя экспанаты – выданні друкарні полацкіх езуітаў.

Яны не толькі ўяўляюць сабой узоры мясцовага кнігадруку, але і распавядаюць пра вывучэнне лацінскай мовы ў езуіцкіх навучальных установах.

Адчынілася друкарня пры калегіуме Таварыства Ісуса ў Полацку ў 1787 г., і за трыццаць з невялікім гадоў сваёй дзейнасці (да 1820 г.) яна паспела надрукаваць больш за 500 выданняў самага рознага профілю. Перш за ўсё яна абслугоўвала патрэбы навучальнага працэсу, таму друкавала шмат падручнікаў і іншых навучальна-дапаможных матэрыялаў. Акрамя таго, друкарня выпускала кнігі болей шырокага ўжытку на патрэбы мясцовай грамадскасці: катэхізісы, малітоўнікі і духоўныя практыкаванні і інш. Тут жа пачаў друкавацца першы на беларускіх землях часопіс – «Miesięcznik Połocki» (1818 і 1820 гг.).

Вывучэнне лацінскай мовы складала аснову гуманітарнай адукацыі Ордэна езуітаў. Яна з’яўлялася мовай заходнееўрапейскай навукі і адукацыі, мовай каталіцкай царквы, мовай міжнародных зносін. Веданне і свабоднае валоданне лацінай было неад’емным атрыбутам адукаванага чалавека. Паспяховае навучанне лаціне базіравалася на трох асноўных прынцыпах. Першы: вывучэнне граматыкі лацінскай мовы. У гэтым полацкім студэнтам дапамагаў славуты падручнік партугальца Эмануэля Альвара «De institutione grammatica lingvae latinae» («Аб вывучэнні граматыкі лацінскай мовы», 1794). Створаны ў XVI ст., ён выкарыстоўваўся ў езуіцкіх навучальных установах па ўсёй Еўропе на працягу амаль трох стагоддзяў і толькі ў ВКЛ перавыдаваўся амаль два дзясяткі разоў. Гэтае выданне да нядаўняга часу знаходзілася ў экспазіцыі Краязнаўчага музея Полацка, а цяпер дапоўніла экспазіцыю Музея кнігадрукавання.

Другі прынцып: назапашванне лексічнага багажу, або пашырэнне слоўнікавага запасу. Для гэтага друкаваліся разнастайныя слоўнікі, як напрыклад, «Dictionarium latino-polonicum» («Слоўнік лаціна-польскі», 1817). Выдадзены ў дапамогу студэнтам для лёгкага засваення лаціны, ён быў накіраваны таксама на выпрацоўку правільнасці і чысціні ўжывання лацінскай лексікі. Гэты прадмет – новы набытак музея-запаведніка, пра які мы пісалі раней («Выданне друкарні Полацкай езуіцкай акадэміі з’явілася ў зборы музея-запаведніка»). Сёння ён заняў пачэснае месца ў экспазіцыі Музея.

І, нарэшце, трэці прынцып: вывучэнне найлепшых прыкладаў лацінскага пісьменства, чытанне твораў аўтарытэтных антычных аўтараў. З гэтай мэтай друкаваліся тэксты класікаў лацінамоўнай літаратуры, адаптаваныя для школьнага навучання, забяспечаныя каментарыямі. Яскравым прыкладам такога выдання з’яўляецца выдадзены ў друкарні полацкіх езуітаў у 1803 годзе збор твораў Гарацыя з каментарыямі французскага езуіта Жазэфа дэ Жувансі. Разам з двума новымі гэтае выданне ілюструе тагачасную трыадзіную сістэму навучання лацінскай мове.

Запрашаем Вас пабачыць унікальныя полацкія выданні ў экспазіцыі Музея беларускага кнігадрукавання!



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *