Філіял «Вясна-энерга» першым убраў хлеб на Полаччыне

Актуальное Дажынкі-2018 Жніво-2018 Заботы сельские

Мінулая субота ўвойдзе ў гісторыю сёлетняга жніва ў Полацкім раёне. Адна з гаспадарак — філіял «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга» — 11 жніўня першай завяршыла ўборку збожжавых і зернебабовых. Усе зярняткі ўбраны з палёў якасна і хутка.

Дырэктар гаспадаркі Сяргей Фамін не хаваў задавальнення ад вынікаў сёлетняга жніва: намалацілі 2307 тон збожжа! У параўнанні з мінулым годам крыху менш (было 2500 тон), але з улікам вясенняй засухі зроблена ўсё магчымае.


Галоўны аграном філіяла Ганна Грышкевіч ганарыцца сёлетняй ураджайнасцю збожжавых і зернебабовых. Пачалі яны з азімай пшаніцы і намалацілі 1300 тон збожжа, яе ўраджайнасць склала 38 цэнтнераў з гектара. Выраслі добрыя зернебабовыя, ячмень і пшаніца дэманст­равалі ўраджайнасць 50 цэнтнераў з гектара, а ў сярэднім культуры па філіяле паказалі 43 цэнтнеры з гектара! У сёлетніх умовах надвор’я — гэта добры вынік! Ганна Генрыкаўна сёлетняе жніво запомніць яшчэ адной вялікай лічбай: ва ўрочышчы Глінішча пшаніца паказала небывалую ўраджайнас­­ць: 64 цэнтнеры з гектара! У чым сакрэт поспеху? «У захаванні тэхналогій! Своечасова пасеялі культуру, падсілкавалі, апрацавалі і ўбралі! Галоўнае — тэхналогіі!» – падкрэсліла спецыяліст і расказала, што ўскладае надзеі і на кармавыя культуры. Ужо сёння можна сцвярджаць, што кукуруза, напрыклад, удалася на славу!

На жніве ў полі працавалі 4 экіпажы камбайнераў. Больш за ўсіх (764 тоны) на сваім «КЗС-1218» намалацілі Мікалай Стрыёнак і Уладзімір Рудзёнак. Экіпаж працаваў зла­джана, сёлетні сезон для мужчын — чацвёрты сумесны на камбайне. Але імкнуліся не адстаць ад іх і іншыя хлебаробы. «Усе нашы хлопцы працавалі на жніве аддана, адказна, імкнуліся хутчэй убраць вырашчаны хлеб. Агульная зацікаўленасць добрымі вынікамі працы адчувалася кожны дзень», — зазначыла галоўны аграном. На агульны поспех аказаў уплыў і ўклад вадзіцеляў, занятых на перавозцы збожжа: Уладзіміра Нората, Дзмітрыя Цішаловіча і Алега Гузава. Дарэчы апошні — сёлетні перавозчык-тысячнік!

Жніво скончылася, а на палях філіяла кіпіць праца. Поўным ходам ідуць сяўба азімага рапсу, нарыхтоўка зернефуражу, не за гарамі — уборка агародніны. Працаўнікі філіяла «Вясна-энерга» заўсёды шчыруюць вынікова, таму яшчэ не раз яны будуць героямі нашых публікацый.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *