На бягучым тыдні ў Полацку закіпела праца на адным з палёў філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга»

Молодежь

На бягучым тыдні закіпела праца на адным з палёў філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга»: штодзень па 400 навучэнцаў (па 200 у дзве змены) з чатырох полацкіх навучальных устаноў шчыруюць на ўборцы буракоў.

Дырэктар філіяла Сяргей Фамін і галоўны аграном Ганна Грышкевіч нахвальвалі моладзь: прыязджаюць своечасова, з дапамогай выкладчыкаў праца арганізавана на высокім узроўні. За першы дзень памочнікі ўбралі плошчу ў 3 гектары, атрымалі 84 тоны салодкіх караняплодаў.
— Пра ўраджайнасць гаварыць ранавата, але нават і па першым дні ўборкі бачна, што буракі выраслі на славу! — запэўнівае галоўны аграном Ганна Грышкевіч.


Гэты спецыяліст добра ведае, як правільна і з вялікай аддачай вырошчваць салодкі корань. Сёлета яны з калегамі выбралі сорт сталовых буракоў «Кестрэл». Ён лічыцца адным з лепшых, адрозніваецца высокім утрыманнем цукру, выдатнымі смакавымі якасцямі, устойлівасцю да захворванняў. Абыходзіліся з культурай далікатна: правільна сеялі, даглядалі, падсілкоўвалі.
— Увесь ураджай буракоў пойдзе на рэалізацыю насельніцтву, — удакладніла Ганна Генрыкаўна. — Мы вырошчваем буракі, якія маюць таварны выгляд і добры смак.

Пра тое, што агародніна вырасла прыгожая і выглядае апетытна, расказалі і тры навучэнкі Полацкага каледжа ўстановы адукацыі «Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава» Анастасія Арол, Эльза Зоненберг і Анастасія Піхлік. Гэтыя дзяўчаты — перадавікі. У кожнай на рахунку — каля 50 вёдзер сабранага ўраджаю.

«Думала, што будзе цяжка, але нічога складанага: уручную ачышчаем караняплоды, выкручваем лісткі і кідаем буракі ў вядро», — расказвае будучы музычны кіраўнік, навучэнка 2 курса Насця Арол. Дзяўчына родам — з Полацкага раёна, з вёскі Фарынава, рада, што працуе на карысць роднай зямлі. Эльза Зоненберг старэйшая за дзяўчат, вучыцца ўжо на 3 курсе, грае на фартэпіяна, акардэоне, гітары. Яна прыехала вучыцца ў Полацк з Дубровенскага раёна. Працуе ў полі з добрым настроем, імкнецца зарабіць грошай. Яе на сельгасработах абралі камандзірам дзявочага атрада «Рассвет», таму дзяўчына сваім абавязкам лічы­ць быць у працы першай. 17-гадовая Насця Піхлік, стараста групы, ураджэнка Міёр­скага раёна, крыху засмучана, што траціць час не на вучобу. Але разумее значнасць уборкі ўраджаю і ўпэўнена, што яшчэ паспее навучыцца добра граць на баяне і на фартэпіяна.
Буракамі засеяна плошча ў 10 гектараў. Па меркаваннях кіраўніцтва філіяла «Вясна-энерга» моладзь павінна справіцца з уборкай за пяць дзён. Потым іх чакае морква. «Галоўнае — каб надвор’е спрыяла. Мы прадаставілі нашым памочнікам пальчаткі, пітную ваду», — падкрэсліў дырэктар філіяла. Дадаткова ён выказаў падзяку за падтрымку шэфам — шэрагу прадпрыемстваў РУП «Віцебскэнерга», якія выдзелілі філіялу на час уборкі агародніны 11 адзінак машына-трактарнай тэхнікі і 4 аўтобусы.