Полацкія працаўнікі гандлю сёлета, здаецца, пераўзышлі сябе

Важное

Пайшоў у гісторыю чарговы Дзень горада, але да наступнага свята мы будзем жыць успамінамі пра незабыўную атмасферу агульнай весялосці і радасці. Як заўсёды, прыемна было прагуляцца па гандлёвых радах. Але працаўнікі гандлю сёлета, здаецца, пераўзышлі сябе.

Многія падрыхтаваліся да Дня горада вельмі грунтоўна: далучыліся да Фестывалю святла, упрыгожылі свае гандлёвыя палаткі светлавымі інсталяцыямі, гірляндамі, і з-за гэтага выгодна вылучаліся ў вячэрні час, прыцягвалі ўвагу пакупнікоў. Усе полацкія гандляры да Фестывалю святла падрыхтавалі спецыяльнае меню на рускай і англійскай мовах. Хто пакаштаваў новыя стравы — застаўся задаволеным!

Палачане і госці свята на «ўра» ўспрынялі дэгустацыі, якія арганізавалі прад­прыемствы: «Полацкі малочны камбінат», «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў», прадпрыемства «Полацкія напіткі і канцэнтраты» і мінская фабрыка «Камунарка». Усе жадаючыя набылі прадукты харчавання, выбралі абноўкі ў палатках «Элемы», «Світанка», «Дома гандлю», «ПолацкБудМатэрыялы». Чарга з жадаючых набыць хлебабулачныя вырабы выстраілася ля палаткі «Полацкага хлебазавода».


Сёлета суб’екты гандлю размясціліся ў дзвюх зонах. Апетытны водар шашлыкоў, смажанага мяса распаўсюджваўся па вуліцы Гогаля ад гандлёвых палатак прадпрыемстваў «Рэсттрэйд», «Полацк-гандаль», «Полацкі рынак» і іншых. Кафэ «Волна» ўпершыню паспяхова працавала ў дуэце з прадпрыемствам «Полацкія напіткі і канцэнтраты». Здавалася, не стамляліся частаваць пакупнікоў работнікі прадпрыемства «Залатая ніва» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў»: на працягу трох дзён — з пятніцы да нядзелі ­— прапаноўвалі бліны з пылу з жару. Супрацоўнікі мяснога цэха гэтага ж прадпрыемства гатавалі гарачую грэцкую кашу з мясам і чай з мёдам, варэннем.

Мы даведаліся, што палачане і госці свята з’елі за тры дні больш за 400 кілаграмаў кашы (давялося варыць пяць разоў па 80 кілаграмаў!) і вельмі шмат жоўценькіх, як сонейка, румяных бліноў. Кандытары «Полацк-гандлю» напяклі піражкоў з рознымі начынкамі, чабурэкаў, прапаноўвалі іншыя кулінарныя вырабы, салаты, агародніну. Святочны настрой пакупнікам стварала і вясёлая музыка.


Дзякуй вялікі ўсім, хто працаваў на свяце, — адзначыла начальнік аддзела гандлю і паслуг Полацкага райвыканкама Наталля Шаўкун. — Разам з прадпрымальнікамі, якія прапаноўвалі свае паслугі, у Дні горада прынялі ўдзел больш за 150 суб’ектаў гаспадарання, агульны тавара-зварот склаў больш за 300 тысяч рублёў.

Наталля Мікалаеўна дапоўніла, што ўсе працавалі аддана, стараліся, імкнуліся ўкласці ў атмасферу свята сваю працу і душу. Сустрэлі і пачаставалі гасцей гасцінна, шчыра, як прывык-лі, па-полацку!



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *