У рамках святкавання Дня горада каля памятных месцаў Полацка прайшлі адкрытыя ўрокі ўстаноў адукацыі

Общество

У рамках святкавання Дня горада каля памятных месцаў Полацка прайшлі адкрытыя ўрокі ўстаноў адукацыі «Цябе люблю! Табой ганаруся, мой Полацк, наша Беларусь!». Тэматыка заняткаў была прасякнута любоўю да роднага горада, дзеці гулялі на творчых пляцоўках, спявалі, танчылі, прадстаўлялі работы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дарылі дарослым выдатны настрой, радасць і захапленне.


Удзельнікі Скарынаўскага свята ў Полацку змаглі прадэманстраваць сваю любоў да малой радзімы, павагу да яе культурнай і гістарычнай спадчыны праз удзел у насычанай праграме з шэрагам творчых і інтэлектуальных конкурсаў.

У конкурсе на лепшы сацыяльны відэаролік «Мне выпала щчасце тут нарадзіцца» работы юных палачан «Краіна майго дзяцінства» (Полацкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі) і «Завітайце ў Гараны» (Гаранская ДС-СШ Полацкага раёна) адзначаны Дыпломамі ІІ і ІІІ ступені.

Адкрыты асінхронны турнір па інтэлектуальных гульнях сярод юніёраў сабраў 43 каманды з розных куткоў Беларусі. Удзельнікі прадэман­стравалі не толькі глыбокія веды па гісторыі, мове, літаратуры, але і асаблівае веданне скарынаўскай эпохі. Каманда «Pringеls» Полацкай дзяржаўнай гімназіі №1 імя Ф.Скарыны ўвай­шла ў тройку лідараў і адзначана Дыпломам ІІІ ступені.

Адным з самых удалых здзяйсненняў юных палачан у рамках Скарынаўскіх дзён, на думку шматлікіх гасцей свята, стала прэзентацыя творчага праекта «Краіна майго дзяцінства», які прымеркаваны да Года малой радзімы.

Палачане і госці горада змаглі ўбачыць вынік карпатлівай і зладжанай працы творчых калектываў устаноў адукацыі. На пляцоўках горада было прадстаўлена 16 гісторыка-культурных макетаў і 10 асацыятыўных арт-аб’ектаў.


Цэнтральным звяном праекта стала творчая інсталяцыя «Беларусь — мая краіна». На зялёным пакрыцці, якое нагадвала карту Беларусі, узвышалася дрэва з гняздом-буслянкай і трыма бусламі ў ім. Буслы, своеасаблівыя сімвалы нашай краіны, у вялікай колькасці з’явіліся і на выставачнай пляцоўцы — 10 буслоў нібы шпацыравалі па выставе.

Усе аб’екты былі размешчаны ў празрыстых выставачных вітрынах, якія ў начны час падсвечваліся каляровымі лямпамі, што надавала ўсёй інсталяцыі адмысловае зачараванне.

На другой пляцоўцы размясціліся 24 арт-аб’екты, а іх прэзентацыя праходзіла ў форме інтэрактыўнай квэст-гульні «Крыжаванка дзяцiнства».

Маладосць! Эрудыцыя! Сяброўства!

На базе аддзела турызму і актыўнага адпачынку ўдзельнікаў Скарынаўскай алімпіяды, а таксама прадстаўнікоў дзіцячых і маладзёжных парламентаў чакалі конкурсы, забаўляльная праграма — і ўсё гэта пад адкрытым небам. Хлопцаў падзялілі на чатыры каманды. Сігнал дадзены, прыгода пачынаецца! Усё аказалася сапраўды не такім простым. Хтосьці не мог утры­­маць раўнавагу і пастаянна падаў, хтосьці быў занадта павольным ці, наадварот, — вельмі ўжо хуткім. Па некалькі разоў некаторым камандам даводзілася пачынаць пераадоленне перашкод зноўку. Але з часам удзельнікі сталі разумець, што важныя не столькі сіла, спрыт або хуткасць, а, у першую чаргу, згуртаванасць і тактыка. Літаральна за адзін вечар рабяты засвоілі вельмі важны ўрок: поспех шмат у чым залежыць ад умення працаваць у камандзе.

— Мы задаволеныя сённяшнім мерапрыемствам! — прызнаюцца Карына Пісарэнка і Дар’я Сурнова, удзельніцы Скарынаў­скай алімпіяды. — Было весела і цікава.

Справа не абмежавалася аднымі толькі выпрабаваннямі. Хлопцаў і дзяўчат чакалі дыскатэка, прыгоды ў вяровачным гарадку і гульні, удзел у якіх прымалі і дарослыя. А яшчэ больш незабыўных уражанняў дадало фаер-сэлфі, якое надоўга застанецца яркім напамінам пра гэты вечар.

 

Наталля СЛЯПЦОВА (тэкст і фота), загадчык вучэбна-метадычным кабінетам Полацкага РЦДіМ.