На Полаччыне поўным ходам ідуць уборка, чыстка, пераборка і фасоўка бульбы

Важное

Зараз, у гэтыя вераснёўскія дні, у ААТ «Кушлікі» — самая гарачая пара. Поўным ходам ідуць уборка, чыстка, пераборка, фасоўка, закладка на захоўванне і рэалізацыя другога хлеба — бульбачкі, вырашчанай на палях гаспадаркі.

— Сёлета добра ўра­дзілі сярэдне-раннія і раннія сарты бульбы, — задаволена расказваў дырэктар гаспадаркі Фёдар Завацкі. — Добра знаёмыя і любімыя жыхарамі Полаччыны сарты «Брыз» і «Маніфест» паказалі ўраджайнасць 450 цэнтнераў з гектара і на эксперыментальных палях наш «Уладар» прадэманстраваў ура­джайнасць 500 цэнтнераў! Па стану на ўчарашні дзень кушлікоўцы накапалі 4,5 тысячы тон другога хлеба — удвая больш, чым было летась на гэтую дату.

Абапіраючыся на практычны вопыт, Фёдар Завацкі зрабіў выснову, што ў нашых кліматычных умовах лепш вырошчваць сярэдне-раннія і раннія сарты бульбы: яны даюць лепшыя ўраджаі. Хаця, напрыклад, і позні «Янка» сёлета ўрадзіў, нягледзячы на не зусім спрыяльныя для яго ўмовы надвор’я: 270 цэнтнераў з гектара — неблагі ўраджай!

Сёлета кушлікоўцы ўпершыню падсілкоўвалі пасадкі бульбы інавацыйным прэпаратам расійскай вытворчасці з утрыманнем серабра. Такім чынам кампенсавалі недахоп у глебе фосфару, актывізавалі ахоўныя сілы раслін і павялічылі іх стрэсаўстойлівасць.

Убраць бульбу з поля — гэта толькі палова справы, пакуль прадукт дойдзе да спажыўца. Клубні вязуць на пераборку, чыстку, фасоўку. На тэрыторыі бульбасховішча праца кіпіць, як у мурашніку. Нягледзячы на вялікую колькасць машын і розных механізмаў, ручной працы хапае!

На адным з палёў капалі бульбу Аляксандр Каханоўскі і Грыгорый Купцоў. «Хлопцы гэтыя — святыя лю­дзі!» — нахвальваў працаўнікоў сваёй гаспадаркі Фёдар Завацкі. Ён разумее, што адпрацаваць у полі ад 7 гадзін раніцы да позняга вечара — не кожнаму па сілах. Адзін не зводзіць вачэй з пасадак, сядзіць за рулём, другі стаіць наверсе, уважліва сочы­ць за працай камбайна, збірае смецце, камяні, кавалкі жалеза, якія трапляюцца ў механізм машыны. Вакол — пыл, машына дрыжыць, а працаваць трэба! Бульбаўборачны камбайн вытворчасці «Гомсельмаш» працуе ў полі ўжо 10 год. У тым, што машына знаходзіцца ў добрым працоўным стане, вялікая заслуга Аляксандра Каханоўскага, які адказна ставіцца да замацаванай за ім тэхнікі. Бункер камбайна ўмяшчае 2,5 тоны бульбы, кузаў машыны — 5 тон. Штогод на перавозцы другога хлеба ў восеньскі час у роднай гаспадарцы працуе пенсіянер, ветэран працы Міхаіл Цімафеевіч Шэўчанка. Кіраўніцтва гаспадаркі ўдзячнае яму за безадмоўнасць.

На пляцоўцы перад бульбасховішчам ідзе гандаль агароднінай. Любы жадаючы можа набыць тут бульбу, капусту, буракі, выра­шчаныя на палях гаспадаркі. Кошт кілаграма другога хлеба — 35 капеек. «Мы імкнемся вырошчваць для спажыўцоў Полацка і Наваполацка прадукцыю самай лепшай якасці. Разумеем высокую адказнасць», — падкрэсліў Фёдар Завацкі. І звярнуў нашу ўвагу яшчэ на адзін важны момант: па сваім жаданні пакупнікі кушлікоўскай прадукцыі могуць прыняць удзел у зборы ахвяраванняў на будаўніцтва царквы ў гонар іконы Божай маці «Спорительница хлебов» у аграгарадку Кушлікі. Для збору сродкаў зрабілі скрынку і прымацавалі да яе адпаведны надпіс.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *