Надзейка ўжо паўгода здзяйсняе кулінарныя падарожжы па Полацкім раёне

Заботы сельские

Ці ведаеце вы, што Кушлікі — гэта край крыніц? Чыстую, празрыстую, як сляза, вадзічку кушлікоўцы п’юць не адзін год і нават гатуюць з яе смачныя напоі. Напрыклад, Кулагу.


Пра гэта даведалася нядаўна знаёмая нашым чытачам па шматлікіх публікацыях дапытлівая гарадская дзяўчына Надзейка, якая вось ужо паўгода здзяйсняе кулінарныя падарожжы па Полацкім раёне, вывучае рэцэпты старадаўніх беларускіх страў і старанна занатоўвае іх у свой блакнот. Прыгоды дзяўчыны запісвае мясцовы тэлеканал «Скіф», а потым усе жадаючыя дзівяцца на гэтае кіно ў сацыяльных сетках «ВКонтакте» і «Одноклассники» і пашыраюць свой кругагляд у кулінарыі.

Чарговае падарожжа Надзейкі адбылося ў аграгарадку Кушлікі. І пачалося яно менавіта са знаёмства з адной з мясцовых крыніц. «Спачатку яе называлі Кузьмічова, потым Стасева, Вароніных, цяпер — каля Кавінькаваў», — расказала мясцовая жыхарка Таццяна Іванаўна Мятлюк, якая шмат гадоў ходзіць у гэтую крыніцу за пітной вадой. Крыніца мяняла назвы ў адпаведнасці з прозвішчамі гаспадароў, якія жылі паблізу ад яе. У Кушліках ёсць яшчэ крыніцы Дубавых, Райкова і іншыя — усяго каля шасці.


Тэрыторыя крыніцы добраўпарадкавана. У навядзенні парадку ўдзельнічалі працаўнікі мясцовай гаспадаркі ААТ «Кушлікі» і школьнікі. Дырэктар сельгаспрадпрыемства Ф.Ф.Завацкі выдзеліў будматэрыялы і спецыялістаў, а старшакласнікі ўбралі смецце. Цікава, што вада ў крыніцы заўсёды знаходзіцца на адным узроўні і зімой не замярзае.

Вады для прыгатавання старадаўняга напою набрала з крыніцы і новая знаёмая Надзейкі — 78-гадовая Галіна Напалеонаўна Шуман. Бабуля прапанавала дзяўчыне занатаваць рэцэпт Кулагі: бярэм крынічную ваду, ставім на агонь, як закіпіць — дадаем маліну, чарніцы, журавіны і… жытнюю муку. Варым напой хвілін 15, а потым — дадаем да яго мёду і п’ем ахалоджаным. Гэтую Кулагу калісьці гатавалі маці Галіны Шуман і бабуля. Атрымліваецца, што рэцэпту — больш за сто гадоў!

Кушлікоўская гаспадыня гатавала напой на вулічнай печцы, прама на двары. Яна сцвярджала, што Кулага — вельмі добры дадатак да царскіх крупяных бліноў.


Што за рэцэпт? Грэцкія крупы трэба замачыць на ноч у вадзе, раніцой зва­рыць. Дадаць у атрыманую грэцкую кашу два яйкі, дзве лыжкі мукі, соль. Патэльню добра разагрэць. Каб яна не была сухой, памазаць помазам і выкладваць бліннае цеста тоўстым слоем. Чакаць, пакуль блін запячэцца з аднаго боку, перавярнуць… У той дзень, калі дзяўчына завітала ў Кушлікі, стаяла цудоўнае надвор’е. Пах грэцкай кашы разам з лёгкім дымком разносіліся па ўсёй вёсцы, у печцы трышчэлі дровы, гучна спявалі суседскія пеўні. Надзейка падзівілася: якая прыгажосць наўкола!

Калі атрымалася горка з тоўсценькіх, румяных бліноў, Надзейка і гаспадыня елі іх разам з Кулагой. Дзяўчына адзначыла, што гэта вясковая ежа мае незвычайны смак і вельмі сытная!

Надзейка паспрабавала вадзіцу: халодная! Падзівілася, як Т.І.Мятлюк і Т.П.Семянько (дырэктар Кушлікоўскага сельскага Дома культуры) звярталіся да крыніцы: «Добры дзень, крынічка, дай нам гаючай вадзічкі напіцца!». Таццяна Мятлюк расказала, што менавіта так яны вітаюцца з крыніцай на працягу ўжо больш за 50 год. Калісьці яна прыходзіла сюды за вадой са сваім татам Іванам Мацвеевічам Малярэвічам, які браў адразу два вядры і нёс іх на каромысле.


…У Кушлікоўскіх мясцінах амаль усе жыхары ўмеюць гатаваць царскія бліны. У гэтым нас запэўніла дырэктар мясцовага СДК Таццяна Семянько. Нядаўна яна сустракалася з доўгажыхаркай Яўгеніяй Антонаўнай Лапкоўскай з вёскі Фёдарава, і тая ўзгадала, што калісьці іх сям’я таксама ела такія бліны. Пра гэтыя стравы ведае і жыхарка Кушлікаў Ніна Васільеўна Даніленка, якая прыняла актыўны ўдзел у падрыхтоўцы здымачнай пляцоўкі для праекта «Смачнае падарожжа Надзейкі».

Бабуля ўмее гатаваць крупяныя бліны з дзяцінства. Даўней, калі яна была дзяўчынкай, грэцкіх круп не было, пяклі бліны з проса. Той смак Галіна Напалеонаўна памятае да сённяшняга дня. А вось для сваёй сям’і (у жанчыны дзве дачкі і сын) яна пякла ўжо гэтыя, царскія бліны — з «багатых», царскіх круп.

На развітанне Галіна Напалеонаўна Шуман перадала праз нашу газету па­дзяку дырэктару ААТ «Кушлікі» Фёдару Завацкаму за падтрымку і адзначыла, што яе вельмі парадавала сустрэча з Надзейкай, бо здымацца ў кіно вельмі цікава!



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *