Як прайшло абласное свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2018»

Важное

Галоўная ўрачыстасць працаўнікоў сельскай гаспадаркі Віцебскай вобласці адбылася! Годна, маштабна, узнёсла, відовішчна прайшло ў мінулую пятніцу абласное свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2018», ушаноўваючы герояў мірных палёў звонкай песняй, высокім словам, шчодрымі падарункамі. У абласным фестывалі-кірмашы брала ўдзел і дэлегацыя Полацкага раёна,які сёлета зноў стаў адным з лідараў сярод раёнаў вобласці па намалоце збожжа.

Свята атрымалася для тых, хто цярп­ліва перачакаў дождж і захаваў патрэбны настрой да самых галоўных мерапрыемстваў. На адзін дзень вуліцы раённага цэнтра ператварыліся ў пешаходныя. Тут скрыжаваліся шляхі самых паспяховых, таленавітых, адданых сваёй справе гаспадароў роднай зямлі. А гэта значыць, што шчыраваць на палетках, дасягаць выніку — гэта іх прызванне. Дык уславім разам поспех хлебаробаў Полаччыны, якія па праву заслужылі пашану!

Святочны акцэнт
Раздзяліць з жыхарамі Віцебшчыны радасць галоўнага свята хлебаробаў прыехалі старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка, намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Міхаіл Русы, член калегіі ў Еўразійскай эканамічнай камісіі Аляксандр Субоцін, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, інспектар па Віцебскай вобласці Віталь Воўк, старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, кіраўнікі галіновых міністэрстваў і ведамстваў, дэпутаты, старшыні райвыканкамаў і іншыя.


З самай раніцы на пад’ездзе да сталіцы абласных «Дажынак» адчувалася атмасфера свята: паўсюдна сустракалі каляровыя флагі, цікава выкананыя разнастайныя фігуры з сімволікай «Дажынак», гучала музыка. Працавалі падвор’і раёнаў, выставы-продажы вырабаў майстроў народнай творчасці, разнастайныя святочныя пляцоўкі, гандлёвыя рады…

Увага — палачанам!
Насычаная праграма святочных мера­прыемстваў уключала выставы ўзораў сельскагаспадарчай тэхнікі, рэтрааўтамабіляў, праекта «Віцеб­шчына ў мініяцюры», адкрыццё гарадскога фантана, фізкультурна-спартыўнага комплексу, новага жылога дома, водную феерыю, паказальныя выступленні ваеннаслужачых 103-й асобнай паветрана-дэсантнай брыгады. З кожнай хвілінай свята шырылася, набліжаючы да самага хвалюючага моманту — тэатралізаванага відовішча і святочнага шэсця дэлегацый усіх раёнаў Віцебскай вобласці на чале з кіраўніцтвам і пачэснымі гасцямі.


Наша ўвага — палачанам. Дарэчы, гэта была адзіная дэлегацыя, удзель­нікі якой — кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў — пры эмацыянальнай падтрымцы кіраўніцтва раёна ў асобе намесніка старшыні райвыканкама Пятра Пяткевіча, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Гуйвік і Андрэя Юніцына, старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандра Дабраслаў­скага неслі імянныя сцягі сваіх гаспадарак. ААТ «Новыя Гараны», «Полацкі аграсервіс», КУСГП «Палата», філіялы «Вясна-энерга», «Гараны-Агра», УП «Мілк-Агра», «П-С Карпекі», ДП «Астроўшына», КУП «Захарнічы»… Полацкіх перадавікоў было відаць здалёк!


А адкрывалі шэсце нашай дэлегацыі навучэнцы Полацкага ліцэя сельгасвытворчасці, якія неслі вялікі сцяг Полацка. Імпэту дадалі і выступленні прыгажунь-барабаншчыц з СШ №14 г.Полацка, якія падхоплівалі музыканты з ваеннага аркестра в/ч 5530. А як відовішчна выглядала тэатралізаванае шэсце прадстаўнікоў культурнай сферы Полацкага раёна ў выглядзе каларытных булачнікаў, пекараў, ганчароў!.. Удзельнікі сама­дзейных калектываў аздаблялі калону святлом нацыянальных касцюмаў, асляпляльнымі ўсмешкамі.

На галоўнай пляцоўцы
Афіцыйная частка свята пачалася з прывітальнага слова старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалая Шарснёва:
—Дасягненні АПК— гэта вынік паўсядзённай напружанай працы простых работнікаў сельскай нівы, перапрацоўчых і абслугоўваючых арганізацый, спецыялістаў, кіраўнікоў, вучоных-аграрыяў, ветэранаў сельскагаспадарчай вытворчасці і моладзі, работнікаў сацыяльнай і культурнай сферы. Уборачная кампанія бягучага года стала сур’ёзным экзаменам для ўсіх. Поспеху на сельскай ніве спрыяюць аператыўнасць, разваротлі­васць, строгае захаванне тэхналогій.

Ганаровай Граматай Міністра сельскай гаспадарцы і харчавання Рэспублікі Беларусь адзначана шматгадовая добрасумленная праца дырэктара ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» Васіля Хамёнка, Падзякай — значны ўклад у дасягенне высокіх вытворчых паказчыкаў галоўнага інжынера-механіка філіяла «Вясна-энерга» Мікалая Грышчанкі.

Ганаровай Граматай Віцебскага аблвыканкама ўзнагароджаны галоўны інжынер УП «Блізніца» Мікалай Свірко.
У намінацыі «Сярод сельскагаспадарчых арганізацый на ўборцы збожжавых і зернебабовых» 2 месца — у філіяла «Гараны-Агра» (дырэктар А.Р. Калтуноў). Гэтая ж гаспадарка ганарыцца і перамогай у абласным спаборніцтве сваіх камбайнераў — С.В.Гарбаценкі і І.Г.Данілкіна. У кагорце лепшых старшых камбайнераў і іх памочнікаў — экіпаж ААТ «Кушлікі» ў складзе А.М.Каросціка і Д.В.Шнітко.
Акрамя гэтага, заахвочана з уручэннем трактара «Беларус 82.1» ААТ «Полацкі аграсервіс» (дырэктар А.М.Круглякоў), як сельгаспрадпрыемства, узначаленае кіраўніком, які ўнёс асабісты ўклад ў правядзенне ўсіх тэхналагічных цыклаў па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі.

Яго грунтоўнае выступленне было падмацавана відэарадам, што пацвярджаў, якім незвычайным, складаным па ўмовах надвор’я быў гэты сельскагаспадарчы год: напрыклад, моцны град у разгар вясны, засуха ў чэрвені, праліўныя дажджы ў ліпені… І ўсё ж працаўнікі сельскай гаспадаркі Віцеб­шчыны сёлета сабралі 756 тысяч тон збожжа. І гэта дастойны вынік.

Яркім момантам свята сталі выстава-конкурс «Дажыначны сноп» і выстава «Каравай-2018» раёнаў вобласці. Нашы полацкія прыгажуны, над стварэннем якіх шчыравалі адпаведна Полацкі ЦРНК і спецыялісты Полацкага хлебазавода, — адны з лепшых!

Агульную цікаўнасць выклікалі шматлікія пляцоўкі, выставы, на якіх была прадстаўлена і Полаччына. Расстараліся творчыя калектывы Полацкага раённага Цэнтра культуры, прадставіўшы цікавыя выступленні і фотазону «Полаччына гістарычная», раённага Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур, арганізаваўшы выставу работ і майстар-класы. Святочнымі прысмакамі радавалі працаўнікі Полацкага камбіната хлебапрадуктаў, Полацкага малочнага камбіната. І— паўсюдныя спевы, танцы, усмешкі, прыемны святочны ўздым, весялосць.


У ліку першых узнагароджаных на сцэну запрасілі старшыню Полацкага раённага выканаўчага камітэта Мікалая Шаўчука і начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Мікалая Баратынскага (Полацкі раён сёлета — у прызёрах абласнога спаборніцтва за дасягненне лепшых вынікаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур, рапсу, нарыхтоўкі кармоў), а таксама Васіля Хамёнка, дырэктара ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў», якое названа пераможцам абласнога спаборніцтва сярод інтэграваных структур на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур. Кіраўніцтва таварыства, у сваю чаргу, у гэтым годзе зрабіла важкія падарункі за дасягненне стратэгічных по­спехаў пяці гаспадаркам, якія ўваходзяць у склад Полацкай інтэграванай структуры, — аўтамабілі «Рэно-Дастар». У іх ліку і КУП «Захарнічы» Полацкага раёна (дырэктар Аляксандр Мірановіч).
А спіс самых старанных і дбайных працаўнікоў вёскі тым часам прадоўжылі дзясяткі імёнаў. Сярод іх камбайнеры-шматтысячнікі і іх памочнікі, вадзіцелі, спецыялісты гаспадарак. Яны атрымлівалі ўзнагароды Віцебскага аблвыканкама, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі, Белкаапсаюза і іншых устаноў і арганізацый. Дыпломы, граматы, падзякі і грашовыя прэміі знайшлі сваіх пераможцаў.


Радасць за калег была аднадушнай, шчырай. Свята ўраджаю працягвалася да позняга вечару. Яго ўдзельнікаў запрашалі праявіць таленты ў шматлікіх конкурсах, пачаставаць смачныя стравы на гасцінных падворках раёнаў Віцебскай вобласці, сфатаграфавацца на памяць ва ўтульных фотазонах. Адным словам, свята прай­шло на высокім узроўні!

А дажыначная эстафета на наступны год перададзена Браславу. Такім чынам, на Віцебшчыне будзе працягнута добрая традыцыя — праводзіць свята ўраджаю ў малых гарадах і значна паляпшаць якасць жыцця мясцовага насельніцтва.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *