«Смачнае падарожжа Надзейкі» па Полацкаму раёну падыйшло да завяршэння

Заботы сельские

«Хлеб — усяму галава!» — сведчыць вядомая народная прыказка. Яна праверана часам. Са­праўды, без хлеба немагчыма насыціцца нават самым багатым абедам. І калі на стале ёсць гэты выраб з мукі — галодным не застанешся.

Каб папоўніць свой кулінарны блакнот рэцэптам прыгатавання сапраўднага дамашняга хлеба, у сваё чарговае «смачнае» падарожжа ў аграгарадок Новыя Гараны адправілася знаёмая нашым чытачам па шматлікіх публікацыях дапытлівая дзяўчына Надзейка.


Яна завітала ўжо ў 7 розных куточкаў полацкага краю і прывезла шмат цікавых аўтэнтычных беларускіх рэцэптаў. Імі яна не толькі дзеліцца ў сацыяльных сетках «Вконтакте» і «Одноклассники», але яшчэ і вядзе відэаблог. Па вяртанні дадому Надзейка абавязкова гатуе старажытныя стравы на сваёй сучаснай кухні і здымае працэс прыгатавання для сваіх падпісчыкаў у Інтэрнэце. А рэгіянальная тэлекампанія «СКІФ-Полацк» асвятляе кулінарныя прыгоды Надзейкі на мясцовым тэлебачанні.


Восьмая «смачная» вандроўка ў Новыя Гараны выпала на 16 кастрычніка невыпадкова. Менавіта гэтая дата календара лічыцца Сусветным днём хлеба.
…Ёсць на Полаччыне чалавек, які не толькі захаваў да нашых дзён старажытныя сямейныя рэцэпты дамашняга хлеба, але і сам па-майстэрску займаецца яго выпечкай. Гэта жыхар аграгарадка Новыя Гараны, вядомы на Полаччыне мастак-пейзажыст Віктар Віктаравіч Жукаў. Ён ужо больш за 20 гадоў ставіць на абедзенны стол хлеб толькі ўласнага прыгатавання. Віктар Віктаравіч ведае шмат розных рэцэптаў і не раз расказваў пра іх у сродках масавай інфармацыі. Але ёсць у яго адзін асаблівы, правераны часам, якім гэты таленавіты чалавек згадзіўся падзяліцца з Надзейкай. Аказваецца, Віктар Віктаравіч па цяперашні час выпякае хлеб на кляновым лісці.


Гаспадар узгадаў, што яго бабуля старанна выводзіла на будучай буханцы дзве лініі ў выглядзе крыжа. І адзначыў, што выпякаць хлеб трэба толькі ў лагодным настроі, і пажадана прачытаць перад гэтай святой справай малітву.


А калі яшчэ ўспомніць старажытныя кляновыя замовы, якімі карысталіся нашы продкі, то гэты хлеб атрымае незвычайныя якасці. Лічылася, што дзякуючы замоўленаму кляноваму лістку хлеб атрымаецца пышным, мяккім, румяным і духмяным. А галоўнае — калі хто-небудзь з членаў сям’і збіраўся ў дарогу, абавязкова давалі з сабой менавіта гэты хлеб, не толькі ў якасці ежы, але і абярэга ад непрыемнасцяў.

Рэцепт хлеба ад Віктара Жукава:
Сухую закваску змяшаць з 0,5 л вады і пакінуць брадзіць на 12 гадзін. Затым дадаць жытнюю муку грубага памолу. І зноў дадаць вады. Атрымаецца рошчына па кансістэнцыі як густая смятана. Пакінуць яе на ноч. Раніцай зноў дадаць жытнюю муку, маленькую лыжачку солі, 2 лыжачкі мёду, насенне лёну, кмен. Добра вымесіць цеста. Пакінуць яго на гадзіну. Раскласці ў формы, або сфарміраваць на бляхе, падклаўшы сухое кляновае лісце. Выпякаць пры тэмпературы 180°C каля гадзіны.


Таму, напэўна, зусім невыпадкова непадалёку ад хаты новагаранскага мастака красуецца стары векавы клён. Пакуль Віктар Жукаў разам з Надзейкай займаліся выпяканнем хлеба, маладыя творчыя работнікі Полацкага раённага Цэнтра культуры на чале з метадыстам па фальклоры Ганнай Міраненка ўспаміналі старажытныя новагаранскія кляновыя замовы: «Стаіць клён трыста гадоў, і яшчэ столькі ж стаяць будзе. Дык няхай і мой хлебушак расце пад небам, пышнейшы за пярыну і паспее на імяніны» і «Кляновы лісток, за цестам маім даглядзі ды вышэй яго падымі».
Затым усе разам частаваліся духмяным хлебам, выпечаным на кляновым лісці. А атрымаўся ён найсмачнейшым!

Віктар Жукаў не хаваў радасці ад таго, што маладое пакаленне цікавіцца беларускай спадчынай, а таксама яго немужчынскай справай. Ён з задавальненнем перадае свой вопыт па выпяканні дамашняга хлеба моладзі, калі выпадае такая магчымасць.
«Смачнае падарожжа Надзейкі» падыйшло да завяршэння, але праект «Полаччына гасцінная» яшчэ працягваецца…

Кацярына Паўловіч, рэдактар Полацкага РЦК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *