Запісаны першы студыйны альбом фальклорнага гурта «Варган» Полацкага дзяржуніверсітэта

Культура

Нарэшце скончана вялікая справа, сабраны ўнікальны матэрыял, запісаны першы студыйны альбом фальклорнага гурта «Варган» Полацкага дзяржуніверсітэта. Павіншаваць калектыў са значнай падзеяй прыехалі яго сябры з Мінска: гурт «Рада» і музыкант, лідар групы «Vuraj» Сяргей Доўгушаў.

Прэзентацыя альбома «Зялёны явар, дуброва. Музыка Полаччыны» сабрала шмат прыхільнікаў творчасці таленавітага калектыву. Канцэртная зала ўніверсітэта ледзь умясціла ўсіх жадаючых атрымаць асалоду ад песень, якія калісьці спявалі нашы продкі ў розных куточках Полаччыны. У калектыву ёсць шмат песеннага матэрыялу з розных рэгіёнаў Беларусі, але ў Год малой радзімы артысты вырашылі аднавіць менавіта сваю спадчыну.


Гледачы замёрлі, а «Варган» старанна выконваў абрадавыя песні, лірычныя — жаночыя і мужчынскія, а таксама вясёлыя інструментальныя найгрышы. Прыемным сюр­прызам для ўсіх стала выступленне доўгажыхаркі Алімпіяды Міхайлаўны Шчарбаковай з вёскі Шастова Полацкага раёна. Які гучны ў жанчыны голас! І якая родная для ўсіх, хто калісьці дакранаўся да творчасці старэйшага пакалення, манера выканання аўтэнтычных спеваў! Алімпіяда Міхайлаўна — жывая сведка гісторыі, носьбіт традыцый, якія на працягу ўсяго жыцця суправаджалі вяскоўцаў, што жылі на полацкай зямлі ў пачатку мінулага стагоддзя.

У мінулю нядзелю — 14 кастрычніка — спевы «Варгана» гучалі ў Мінску, а заўтра, 20 кастрычніка, новы альбом будзе афіцыйна прэзентаваны ў Віцебску.

Першы студыйны альбом запісваўся ў Мінску і Полацку, ён змяшчае 18 трэкаў. Ёсць у ім і тры песні, якія выконвае наша зямлячка Алімпіяда Шчарбакова. Усе кампазіцыі ў свае часы гучалі на Полаччыне, нашы продкі прымяркоўвалі іх да розных святаў гадавога каляндарнага кола. У стварэнні інструментальнай част­кі альбома «Варгану» дапамагалі вядомыя беларускія музыкі — Алесь Лось (дуда, колавая ліра) і Алеся Сівохіна (цымбалы). Некалькі песень перадала ўдзельніца «Варгана» Ганна Лутава ад сваёй бабулі Алімпіяды Шчарбаковай.

Падчас канцэрта нязменны кіраўнік фальклорнага гурта «Варган» Вольга Емяльянчык адзначыла, што ідэя стварэння альбома належыць музыканту са сталіцы Сяргею Доўгушаву, за што калектыў яму вельмі ўдзячны.


Цікава было даведацца, што сярод іншых гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў Віцебскае Падзвінне вылучаецца панаваннем аднагалосага спеву. Таму ўсе песні ў новым альбоме «Варгана» выкананы «на адзін голас». Музычны партрэт Полаччыны дапаўняюць знакавыя старажытныя музычныя інструменты — дуда, колавая ліра і варган, які быў распаўсюджаны на Полаччыне з даўніх часоў.

Безумоўна, дэбютны альбом «Варгана» будзе цікавы аматарам беларускага фальклору. Хочаце адкрыць для сябе стылістыку аўтэнтычнага гучання беларускай музыкі? Тады паслухайце альбом «Зялёны явар, дуброва. Музыка Полаччыны».