Юрый Чобат славіць Полаччыну шчырай працай

Заботы сельские

Оператар па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы з фермы «Блізніца-1» сельгаспрадпрыемства «Блізніца» Юрый Чобат заняў ІІ месца ў абласным спаборніцтве па жывёлагадоўлі.

Раніцай мы імчымся на ферму «Блізніца-1» на сустрэчу з перадавіком сельскагаспадарчай вытворчасці — Юрыем Чобатам, які па выніках працы за лістапад праславіў Полацкі раён, заняўшы ІІ месца ў абласным спаборніцтве па жывёлагадоўлі.
На ферме «Блізніца-1» таксама пануе святочны настрой. Жывёлаводы ў пакоі адпачынку ўпрыгожылі ёлку. Гэты атрыбут усім нагадвае, што прыйшоў новы год — з навінамі, падзеямі і, безумоўна, самымі лепшымі надзеямі.

З працоўным поспехам Юрыя Чобата павіншаваў старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Даб­раслаўскі. Гэтая хвіліна славы ўсім узняла настрой. А потым перадавік з задавальненнем расказваў пра сябе і сваю працу. Мужчына — з тутэйшых, нарадзіўся ў вёсцы Мураўшчына. Тут скончыў школу, пасля арміі на малой радзіме сустрэў сваё каханне. Супругі Юрый і Галіна Чобат выхавалі сыноў Ягора і Данілу.
Юрый Васільевіч вырошчваннем цялят займаецца каля пяці гадоў, даўней працаваў у гаспадарцы слесарам. Пэўны час не хапала спецыялістаў-жывёлаводаў, і яго папрасілі папрацаваць на ферме. Згадзіўся. А потым — прыкіпеў душой да сваіх гадаванцаў. Зараз абслугоўвае групу з 68 цялят, сярэднесутачная прывага па яго групе ў лістападзе склала 1067 грамаў.


— У гаспадарцы ёсць усё, каб цяляты раслі моц­нымі і здаровымі, — распавядае перадавік. — Прыхаджу на працу і адразу раблю агляд сваіх гадаванцаў: ці не захварэў хто? Потым пачынаю іх паіць і карміць. Самым маленькім падабаецца малачко, старэйшым даю малочную сумесь, сена і камбікорм. Каб малым было ўтульна, падсцілаю салому… Люблю бычкоў баявых, спрытных…

Задача Юрыя Васільевіча — дагадаваць цялушку ці бычка да вагі 100 кілаграмаў. Для гэтага трэба карміць іх месяцы два.
— Шкада развітвацца, калі трэба аддаваць гадаванцаў у іншую групу, — не хавае сваіх пачуццяў жывёлавод.
Новы год сям’я Чобатаў сустракала разам з сынамі і цешчай Станіславай Сцяпанаўнай. А напярэдадні свята Юрый з’ездзіў у Мураўшчыну да маці Галіны Якаўлеўны.

Юрый Васільевіч распавядае, што калісьці вывучыўся на зваршчыка, мае правы кіроўцы на ўсе катэгорыі, але яму па душы праца на ферме: «Мужчынская моц тут патрэбна. Жанчыне цяжка размат­ваць рулоны з сенам ці апілкі цягаць. Бывае і цялят трэба насіць». Калі чалавек на сваім працоўным месцы робіць усё, што ад яго залежыць, і дасягае поспехаў — яму гонар, пашана, дыпломы і прэміі!