Добра працуюць на палях працаўнікі Полацкай інтэграванай структуры

Заботы сельские

Дырэктар ДП «Астроўшчына» Аляксандр Ярахновіч у гэтыя веснавыя дні прабывае ў добрым настроі: дзякуючы сухому надвор’ю астроўшчынцы сёлета рана вы­ехалі ў поле, пасеялі ужо збожжавую групу яравых, засталіся рапс, адналетнія культуры і кукуруза.

Яравымі збожжавымі і зернебабовымі засеялі запланаваныя 678 га. Штодзень працавалі 11 адзінак тэхнікі. Зараз дзве 6-мятровыя сеялкі сеюць рапс і адналетнія куль­туры.


Адчулі астроўшчынцы адчувальную падтрымку ад Полацкага райвыканкама, які дапамог аднавіць «Беларус 3022». Па распараджэнні райвыканкама сельгаспрадпрыемству выдзелена тэхніка, механізатары ад Полацкай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання паляўнічых і рыбаловаў, прадпрыемства «Белсувязьбуд». Іншыя арганізацыі таксама прадастаўлялі тэхніку, людзей.

У ДП «Астроўшчына» ёсць свая гісторыя: калісьці менавіта яго называлі жытніцай Полацкага раёна. Мара маладога кіраўніка — вярнуць гаспадарцы былую славу!

Для маладога кіраўніка сёлетняя пасяўная — шостая ў працоўнай біяграфіі на пасадзе дырэктара. Аглядваючыся назад, Аляксандр Сяргеевіч аналізуе свае папярэднія рашэнні, робіць высновы. Зазначыў, што на практыцы здабываецца каштоўны вопыт, працаваць з кожным годам становіцца цікавей, бо чым больш ведаеш — тым больш можаш.

ДП «Астроўшчына», як і шэраг іншых — больш за 40 з Полацкага і іншых раёнаў — уваходзіць у інтэграванае прадпрыемства ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў». У мінулым годзе інтэграваная структура выдзеліла гаспадарцы ў субарэнду два энерганасычаных трактары — «Кіравец» і «Кейс». Напярэдадні пасяўной ад інтэграванай структуры гаспадарка атрымала запчасткі для прычапных агрэгатаў: сеялак, дыскатараў, плугоў.

…Ва ўрочышчы «Палюдавіцкі сад» (37 гектараў) ішла сяўба гароху. З «АКПД-6Р» працаваў механізатар Аляксей Шынкевіч, на падвозцы збожжа — вадзіцель Аляксандр Леньшын. Мужчыны адзначылі, што працаваць у сухое, цёплае надвор’е з аднаго боку — зручна, з другога — больш складана. Трэба сеяць хутка, вільгаці не хапае. Вопытныя працаўнікі працуюсь з 7 гадзін увесь светлавы дзень. На месца ім прывозяць гарачыя абеды. А падсілкаваўшыся — працуюць яшчэ лепш і атрымліваюць асалоду ад пражытага з карысцю дня.