Поўным ходам у гаспадарках Полацкага раёна ідзе «зялёнае жніво»

Заботы сельские

Вось мы і дачакаліся лета. На палях гаспадарак Полацкага раёна ідзе кашэнне траў першага ўкосу.

Трактарысты і вадзіцелі працуюць з рання да зор, імкнуцца зрабіць як мага больш, пакуль стаіць надвор’е. Зялёная маса закладваецца ў сіласныя траншэі, сушыцца, упакоўваецца ў плёнку, рэшта ідзе на корм жывёле.

Па стану на ўчарашнюю раніцу ў Полацкім раёне ўбрана 27% плошчы, адве­дзенай пад зялёныя кармы. Ужо нарыхтавана 7767 тон сенажу і 857 тон сіласу.
У сераду мы напаткалі за працай трактарыстаў з філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга». Ва ўрочышчы Глінішча працавітыя мужчыны ўбіралі скошаныя канюшыну, райграс і цімафееўку.

— Калі за справу бяруцца рабацягі — тады і толк ёсць, — расказвае аграном філіяла Анатоль Рубніковіч. І нахвальвае хлопцаў, занятых на ўборцы зялёнай масы. Між працаўнікамі пануе добразычлівая атмасфера, яна спрыяе выкананню плана.


Трактарысты Аляксандр Яцэвіч і Іван Русінскі працуюць на адвозцы зялёнай масы. У іх аднолькавая тэхніка — «Беларус 3522». Знаходзяцца ў полі з 7 гадзін раніцы да 20 вечара. У спякотныя дні працаваць складана, але мужчынам усе цяжкасці па плячы. У іх зараз час заробкаў: чым больш тон перавязуць, тым больш заробяць. Таму радуюцца, калі бачаць, што трава вырасла добрая. Аляксандр жыве ў Полацку, што­дзень прыязджае на працу (ужо сёмы год) службовым транспартам. У філіяле да пенсіі працавала яго маці, Аляксандр сваім стаўленнем да справы заваяваў аўтарытэт, каб яна ім ганарылася. У Івана Русінскага ў «Вясна-­энерга» працуе аграномам жонка, таму філіял для іх — сямейны.


Абодва мужчыны задаволены ўмовамі працы, заробкамі, стабільнасцю. У сярэднім за дзень яны робяць па 5-6 рэйсаў, перавозяць па 60 тон каштоўнага корму. Зараз закладка сянажнай траншэі вядзецца ў Заскарках. Усяго працаўнікі філіяла ўжо нарыхтавалі 719 тон сенажу.

Падборам са змяльчэннем сянажнай масы на «КВК 800» займаўся трактарыст Віталь Апанасёнак. Праца ў сельскай гаспадарцы — яго стыхія. Ён прыехаў у Полацк з Глыбоччыны, за тры гады прывык да мясцовых палёў, да калектыву. Хоць і вяртаецца дамоў позна, знахо­дзіць час для сям’і — жонкі і дваіх дзяцей. У Віталя зараз таксама, як і ў занятых на адвозцы калег, заробак залежыць ад тон убранай зялёнай масы.


Усе намаганні працаўнікоў палёў накіраваны на нарыхтоўку кармоў на адну ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы. Пакуль у філіяле нарыхтавана 201 тона кармавых адзінак — на 10 тон больш, чым у гэты час летась. На ўмоўную галаву жывёлы ўжо маецца 1,43 цэнтнера кармавых адзінак (сярэднераённы паказчык — 0,98 ц к.а.).