Палачане адзначаюць галоўнае свята краіны — Дзень Незалежнасці

Главное

Той дзень, калі над Беларуссю заціхла вогненая навальніца Вялікай Айчыннай, застаўся ў далёкім мінулым. Сем з паловай дзесяцігоддзяў аддзяляюць нас ад пераможнага ліпеня 1944-га, калі шматпакутная зямля, пазбавіўшыся ад фашысцкай навалы, нарэш­це ўздыхнула вольна.

Менавіта тады, у саракавыя гады мінулага стагоддзя, былі зроблены першыя крокі суверэннай краіны, якая сёння ўпэўнена ідзе па шляху палітычнага самавызначэння і прагрэсу. Квітнеючая, талерантная, утульная, гасцінная, сінявокая… Такая яна, наша краіна, якой мы ганарымся, якую любім, якую паважаюць у свеце. Тут, у самым цэнтры Еўропы, жывуць шчырыя, спагадлівыя, працавітыя людзі, адданыя роднай зямлі сэрцам і душою.


На залатых хлебных палетках, вайсковай службе, у цэхах прадпрыемстваў і майстэрнях, навуковых лабараторыях, установах аховы здароўя, школьных класах і ўніверсітэцкіх аудыторыях, кожны на сваім месцы,  — беларусы мацуюць трывалы падмурак незалежнасці краіны.

У гэтыя дні мы адзначаем галоўнае свята краіны — Дзень Незалежнасці. Усе ра­зам  — тыя, хто ратаваў Айчыну ад фашысцкай навалы на франтах і ў партызанскіх атрадах, хто працаваў, набліжаючы Перамогу ў тыле, хто адраджаў з руін і попелу гарады і вёскі, самааддана, з энтузіязмам працуючы на новабудоўлях, хто развіваў і мацаваў эканамічны патэнцыял, тыя, хто сёння годна і паслядоўна працягвае лепшыя традыцыі старэйшых пакаленняў, і тыя, хто ў хуткім часе прыме ў маладыя надзейныя рукі эстафету стварэння і развіцця.

Для кожнага з нас 3 ліпеня вельмі значная дата. Гэта дзень яднання, гонару і ўдзячнай памяці, якія таксама ляжаць у аснове незалежнасці. Мы, беларусы, захоўваем у сэрцах подзвіг прадстаўнікоў пакалення пераможцаў, якія, не шкадуючы жыцця, выратавалі свет ад фашызму. Мы шануем сваю слаўную гісторыю і ўнікальную культурную спадчыну, ганарымся роднай краінай, якая з’яўляецца ўзорам талерантнасці і міралюбства. Мы працуем дзеля далейшага прагрэсу і перспектывы. І з гонарам кажам: «Разам мы — Беларусь!»