Сяргей Гарбаценка стаў першым у Полацкім раёне камбайнерам, які намалаціў тысячу тон збожжа

Важное Заботы сельские

Сяргей Віктаравіч Гарбаценка, камбайнер філіяла «Гараны-­Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў», у гэтыя гарачыя летнія дзянькі жыве думкамі пра любімую працу.

Чым больш яны з калегамі паспеюць за дзень намалаціць залатога збожжа — тым хутчэй іх родная гаспадарка наблізіцца да выканання плану ўборачнай-2019. На ўчарашні дзень план уборкі збожжавых культур яны выканалі на 68%.

Колькі такіх уборачных кампаній было ў жыцці Сяргея Віктаравіча? Адказаць на гэтае пытанне можна адным словам — шмат. Ён працуе на роднай зямлі ўсё свядомае жыццё. Чалавек ён тутэйшы, са Святлічышча. Бацькі былі заўзятымі гаспадарамі, адказнымі працавітымі лю­дзьмі. Маці зарабляла на хлеб у жывёлагадоўлі, бацька быў трактарыстам. Сын пайшоў па яго слядах. Пасля службы ў арміі ўладкаваўся ў калгас, давялося працаваць на розных трактарах, з гонарам і пачуццём уласнай годнасці ён прайшоў праз усе пакаленні ўборачнай тэхнікі. Сяргей Гарбаценка з настальгіяй успамінае працу на камбайнах «Ніва», «Дон», «КЗС-10», «Палессе 1218». З гэтай тэхнікай ён быў на «ты», уважліва сачыў за яе тэхнічным станам, і яна ў сваю чаргу аддзяквала гаспадару тысячнымі намалотамі.

Ужо тры гады запар ён сябруе з магутным «Нью Холандам». На пытанне, ці цяжка было навучыцца кіраваць новай замежнай магутнай машынай, Сяргей Віктаравіч з усмешкай адказаў: «Калі мядзведзя можна навучыць катацца на веласіпедзе, чаму чалавек не можа кіраваць сучасным камбайнам?».
Сёлета Сяргей Гарбаценка зноў стаў першым у Полацкім раёне камбайнерам, які намалаціў тысячу тон збожжа. У мінулым годзе яго працоўнай перамогай быў двухтысячны намалот.

«Ураджай вырас неблагі — больш за 40 цэнтнераў з гектара, створаны ўсе ўмовы для працы ў полі, таму Сяргей Гарбаценка паставіў перад сабой на гэты сезон вялікія задачы!» — адкрыў сакрэт лідара ўборачнай дырэктар філіяла «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» Аляксандр Калтуноў. Свайго перадавіка ён ахарактарызаваў як добрасумленнага, інтэлігентнага чалавека з вялікай літары. А яшчэ Сяргей Віктаравіч — добры сем’янін і дбайны гаспадар, разам з жонкай Таццянай яны выхавалі траіх годных дзяцей.

Песні трактароў і шэпт калосся — любімая музыка хлебароба Сяргея Гарбаценкі. Ён з вялікай любоўю працуе на шчодрай і сціплай гаранскай зямлі, даражыць месцам, дзе пад лёгкім ветрам палавее жыта…