Падчас святкавання Дня горада Полацка свае рады розгорне «Горад майстроў»

Актуальное

Падчас святкавання Дня горада, якое пройдзе 30, 31 жніўня і 1 верасня, па традыцыі свае рады розгорне кірмаш мастацтваў «Горад майстроў».

Стаўшы сапраўднай «разынкай» і ўпрыгожваннем свята, з году ў год ён прываблівае палачан і гасцей Полацка не толькі прыгажосцю твораў таленавітых людзей з розных куткоў Беларусі і блізкага замежжа, але і ўзнёслай атмасферай натхнення, дзякуючы якому нараджаюцца шэдэўры, якія можна ўбачыць і набыць толькі тут, на алеі па праспекце Францыска Скарыны.


Не стане выключэннем і сёлетні Дзень горада. Полацкі раённы Цэнтр рамёстваў і нацыянальных культур у гэтыя дні вядзе актыўную падрыхтоўку да свята. Рыхтуецца сувенірная прадукцыя, накіроўваюцца запрашэнні майстрам. У «Горадзе майстроў» будзе арганізавана работа тэматычных пляцовак, на якіх кожны жадаючы зможа паўдзельнічаць у майстар-класах, далучыўшыся да разьбы па дрэве, вырабу керамікі, салома- і лозапляцення, вязання, лапікавага шыцця. Можа менавіта тут вы раскрыеце свой талент, зрабіўшы першыя крокі па шляху творчасці, якая стане справай вашага жыцця?


Дарэчы, калі вы маеце жаданне прадставіць свае творы ў «Горадзе майстроў», запісацца і атрымаць патрэбную інфармацыю можаце па тэлефоне 43-17-78.
Краіна творчасці і нат­хнення пад назвай «Горад майстроў» чакае вас. Да сустрэчы на свяце!