У Полацку назвалі лаўрэата прэміі імя Алеся Савіцкага

Общество

Полацк заўсёды вызначаўся сузор’ем талентаў. Ва ўсе часы яго палымяныя патрыёты словам і справай пацвярджалі сваю адданасць малой радзіме.

На ўрачыстай цырымоніі ўручэння чацвёртай літаратурнай прэміі імя нашага вядомага земляка, пісьменніка, ганаровага грамадзяніна горада Полацка Алеся Ануфрыевіча Савіцкага было шматлюдна.


Патрыятычны настрой дарылі цудоўныя песні ў выкананні Вольгі Лобкіс, супрацоўніцы Маласітнянскай бібліятэкі-клуба, рэдактара народнага літаратурнага аб’яднання «Наддзвінне» Людмілы Фёдаравай, вершы, якія пранікнёна чыталі кадэты Полацкага кадэцкага вучылішча Антон Холсцікаў, Уладзіслаў Ярохін, Аляксандр Канькоў…

Прысутныя яшчэ раз аддалі даніну памяці сапраўднаму патрыёту Алесю Савіцкаму, нагадаўшы вехі яго жыцця. Сваімі ўспамінамі пра дзяцінства пісьменніка, яго наведванні Полацка падзялілася палачанка Ніна Азернікава. Слова ўзяў і лаўрэат першай літаратурнай прэміі імя Алеся Савіцкага, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі і народнага літаратурнага аб’яднання «Надзвінне», краязнаўца Віктар Карасёў.


Цырымонія ўзнагаро­джання пачалася з уручэння Дыпломаў удзельнікаў чац­вёртай літаратурнай прэміі імя Алеся Савіцкага. Імі адзначаны А.К.Іванова, В.А.Леднік, Е.І.Марчанка, Л.Н.Міхайлава, І.К.Пятровіч, А.В.Піваварчык, Л.Р.Піскун, Д.А.Прохарава, А.С.Стрыжак, Ф.Ф.Фядотаў, Л.К.Фёдарава, Т.І.Філімонава, С.А.Чыжова, Р.К.Шабанава, В.С. Шалаеў, А.І.Швайко, Н.А.Шыпіла і У.А.Шыпіла. За папулярызацыю тэмы малой радзімы адзначаны паэт Феакціст Фядотаў, за яркі літаратурны дэбют — малады празаік Валерый Леднік.

І вось ён, хвалюючы момант! За ўклад у культурную і літаратурную спадчыну горада Полацка чацвёртая літаратурная прэмія імя Алеся Савіцкага прысуджана ганароваму грамадзяніну горада, сябру «Наддзвіння», аўтару двух паэтычных зборнікаў «Надышусь ли всласть…» і «Живой. Исповедь Громовского» Ула­дзіміру Тачылу. «Ніколі так не хваляваўся, як зараз, — гаварыў лаўрэат, з падзякай прымаючы ўзнагароду. — Я ведаў Алеся Савіцкага, які з’яўляўся чалавекам-легендай, цікавіўся і дапамагаў парадамі ў вырашэні розных пытанняў развіцця горада, па жыцці быў чалавекам добрым, з гумарам».


Святам літаратуры назвала ўрачыстасць кіраўнік народнага літаб’яднання «Наддзвінне» Валянціна Сопікава, якая падкрэсліла, што наддзвінцы працягваюць лепшыя літаратурныя традыцыі на Полаччыне, якія адрадзіў у пасляваенны час Алесь Савіцкі. Своеасаблівым віншаваннем стаў гімн «Наддзвіння» у выкананні сяброў творчага аб’яднання.

Першая літаратурная прэмія імя Алеся Савіцкага была прысвоена полацкаму краязнаўцу В.Р.Карасёву за творы, прысвечаныя роднаму краю. Лаўрэатам другой літаратурнай прэміі стаў У.М.Аляксееў за аповесць «Взвод пешей разведки», прысвечаную вызваленню Полацка ад фашысцкіх захопнікаў.Трэцяй літаратурнай прэміяй узнагароджаны Н.Я.Гальпярович, ганаровы грамадянін г.Полацка, аўтар больш за дзесяць кніг пра малую радзіму — Полацк.

У памяць пра ганаровага грамадзяніна г.Полацка, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, вядомага беларускага пісьменніка і грамадскага дзеяча Алеся Ануфрыевіча Савіцкага ў 2016го­дзе зацверджана літаратурная прэмія яго імя, заснавальнікамі якой сталі Полацкі райвыканкам і Полацкая РЦБС.