Уборачная кампанія-2020 на Полаччыне перасягнула экватар — план уборкі выкананы на 57%

Актуальное Важное Заботы сельские

Звініць ячмень, шуміць пшаніца. Уборка збожжавых і зернебабовых культур на палях сельгас­прадпрыемстваў Полацкага раёна ў самым разгары. Камбайны-караблі плывуць па хлебным моры, імкнучыся ўбраць вырашчаны ўраджай.


На бягучым тыдні карэс­пандэнт «Полацкага весніка» завітала на адно з палёў гаспадаркі «Зялёнка», дзе працавалі тры камбайны.

— У 2020 годзе план уборкі збожжавых і зернебабовых— 353 гектары, — расказала дырэктар Марына Семчанка. — Ужо сабралі ўра­джай з 214 гектараў, намалацілі больш за 500 тон збожжа.


Зялёнкаўцам яшчэ нале­жыць убраць авёс, яравую пшаніцу, зернебабовыя і травы-адналетнікі.
Для Марыны Вячаславаўны сёлетняя ўборачная другая на дырэктарскай пасадзе, і яна адзначыла, што гэтае жніво ўжо не такое складанае. Урэгуляваліся кадравыя пытанні — на камбайнах і на адвозцы збожжа працуюць надзейныя людзі, тры дні ўбіралі ўраджай на іх палях хлебаробы з «Новых Гаран», падставілі сялянам моцнае плячо жыхары Полацка, пытанні з харчаваннем для ўдзельнікаў жніва дапамагла вырашыць мясцовая дзіцячы сад-школа.


Знаёмімся з адным з сямейных экіпажаў камбайна. Віктар Фяськоў і Аляксей Новікаў (баць­ка з сынам) імкнуцца як мага больш зрабіць за дзень, пакуль дазваляе надвор’е. Для іх уборачная-2020 першая сумесная і першая ў кожнага. Бацька працуе механізатарам ужо 9-ы год, а вось на камбайн сеў толькі сёлета. Алексей вучыцца ў Гарадоцкім ліцэі на тэхніка-­электрыка і ўжо другі год запар праходзіць практыку ў КУСГП  «Зялёнка», па месцы жыхарства бацькоў. Усе працоўныя пытанні экіпаж вырашае супольна, бацьку падабаецца адказнае стаўленне сына да працы і яго імкненне да лідарства.

Дырэктар Марына Семчанка нахвальвала камбайнераў: працуюць дружна, з рамонтам спраўляюцца самастойна. Абодва імкнуцца зарабіць грошай, і гэта акалічнасць матывуе. Акрамя Аляксея ў сям’і выхоўваюцца дзве дачкі, бацька стараецца іх забяспечваць.


На адвозцы збожжа ад камбайнаў працаваў на МАЗе вадзіцель Сяргей Сухаў. Гэты ўдзельнік жніва — памочнік, ці, як яго тут называюць, прыцягнены, са спецаўтабазы па санітарнай ачыстцы горада КУП «ЖКГ г.Полацка». На дапамогу сялянам ён прыехаў на сваім аўтамабілі з кузавам 9-тоннікам.
— На мінулагоднім жніве працаваў у эксперыментальнай базе «Ветрынская», сёлета — тут, — расказаў Сяргей Міхайлавіч.

Штодзень ён прыязджае на працу з Полацка на легкавым аўтамабілі сельгаспрадпрыемства. Харчаванне забяспечвае гас­падарка. У гэтым годзе абсталявалі машыну, зрабілі выязную сталовую. «Школьныя повары — малайцы, абеды дамашнія ў іх атрымоўваюцца», — адзначыў вадзіцель. За дзень яму даводзіцца рабіць 5-6 рэйсаў да сушылкі і назад. Сельская гаспадарка для мужчыны — знаёмая стыхія. Калісьці на радзіме ў Казахстане ён сам працаваў на зямлі.
Марына Семчанка выказвала падзяку ўсім, хто дапамагае ўбраць ураджай, высушыць і здаць яго дзяржаве. На дзень нашай сустрэчы КУСГП «Зялёнка» выканала план дзяржзаказу на 80%.


На сушыльным комплексе гаспадаркі шчыруюць пенсіянеры Гарбуновы, а таксама пяць хлопцаў–9-класнікаў з мясцовай школы.
— Вельмі важна, каб было з кім працаваць, — упэўнена дырэктар гаспадаркі. — Дзякуй усім, хто працягнуў руку дапамогі.
Сёлета самую высокую ўраджайнасць зялёнкаўцам дала пшаніца — 43 цэнтнеры з гектара. Аддача ад ячменнага поля — 30 цэнтнераў з гектара, аж жытняга — 20-21.
Клопатаў у дырэктара гаспадаркі на працягу дня хапае: трэба кантраляваць ход жніва, узворванне глебы пад азімую сяўбу, вытворчасць малака, вырашаць іншыя гаспадарчыя пытанні.

Фота аўтара.