21 жніўня На­дзейка адправіцца ў сваё шостае «смачнае» падарожжа па Полацкім раёне

Заботы сельские

21 жніўня На­дзейка адправіцца ў сваё шостае «смачнае» падарожжа па Полацкім раёне. На гэты раз зацікавілі яе кулінарныя таямніцы Астроў­шчынскага сельсавета.

Толькі ў гэтых мясцінах можна паспрабаваць неардынарныя стравы: лянуху — суп са свежай капусты з малаком і сырніцу па-аўдзееўску, галоўным інгрэдыентам якой з’яўляецца тварог. А чаму па-аўдзееўску? Бо менавіта ў вёсцы Аўдзеева жыве гаспадыня — Аліна Фёдараўна Аксёнава, якая і захавала гэтыя рэцэпты да нашых дзён.

Па традыцыі «Смачных падарожжаў» Надзейка прыадкрые цікавыя гістарычныя падрабязнасці тутэйшых мясцін. Аказваецца, калісьці непадалёку ад вёсцы Аўдзеева — у Бяздзедавічах жыў А.А.Рымскі-Корсакаў — цвярскі памешчык, прадстаўнік старадаўняга дваранскага роду, сваяк усім вядомага вялікага рускага кампазітара. Яго маёнтак, пабудаваны ў пачатку XX ст., захаваўся да нашага часу ў вельмі нядрэнным стане. А што ў ім размя­шчаецца цяпер, якое дачынне да А.А. Рымскага-Корсакава мае гаспадыня Аліна Фёдараўна з в. Аўдзеева, і як усё ж такі гатуюцца сырніца і лянуха — пра ўсё гэта дапытлівая Надзейка абавязкова раскажа.

Праект «Полаччына гасцінная» па адраджэнні традыцыйнай аўтэнтычнай мясцовай кухні завітаў ужо ў некалькі куточкаў Полаччыны, і кулінарны блакнот галоўнай гераіні папоўніўся рэцэптамі такіх рэдкіх беларускіх страў, як цыбрыкі і раўгеня па-багатырску, рыбнае шчаўе і таўчонікі з макам па-блізніцку, гарохавыя камы па-мацюшэўску, пражонка і ладада, бярозавы квас і завозерская сялянка. Пра сакрэты іх прыгатавання, а таксама іншых цікавых падрабязнасцях незвычайных вандровак можна даведацца са старонак «Смачнае падарожжа Надзейкі» у сацыяльных сетках «Вконтакте» і «Одноклассники».

Рэгіянальны тэлеканал «Скіф» і Полацкі раённы Цэнтр культуры вядуць запіс цыкла перадач пра вясковыя кулінарныя прыгоды гарадской дзяўчыны.