Веснавая сяўба сёлета пачалася ў Полацкім раёне раней, чым звычайна

Главное Экономика

Веснавая сяўба пачалася сёлета ў Полацкім раёне раней, чым звычайна. Першыя трактары з сеялкамі выехалі ў поле яшчэ 28 сакавіка. Але на тэмпы працы аграрыяў уплывае надвор’е. Памятаеце дажджы, якія прайшлі на першым тыдні красавіка? А начныя маразы? Палі вымаклі так, што і праз два тыдні на іх не заехаць.­ Некаторыя гаспадаркі з-за высокай вільготнасці глебы ўвогуле да Вялікадня не вялі сяўбу. Тэхніка — напагатове, механізатары ў чаканні масавай веснавой кампаніі пакуль заняты на іншых работах.

Сваімі сіламі

Дырэктар філіяла «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» Аляксандр Калтуноў выказаў незадаволенасць сёлетняй пасяўной: «Лепш бы вясна прыйшла своечасова, чым ранняя, з няўстойлівым надвор’ем!».

Пасля зімоўкі трэба перасяваць рапс, азімыя пшаніца і жыта захаваліся. «Практыка паказвае, што ў нашай кліматычнай зоне трэба адмаўляцца ад азімых рапсу і сурэпіцы, іх вырошчванне ў апошні час — вялікая рызыка і страты. Напэўна, будзем пераходзіць на яравы рапс», — разважаў кіраўнік гаспадаркі.

Механізатары падсілкавалі азімыя пшаніцу і жыта — і яны пайшлі ў рост. Пачалі другую падкормку. Дзеля атрымання добрага ўраджаю вядзецца і хімпраполка азімых. Пачалі пасяўную з яравога рапсу, стан палеткаў пакуль не дазваляе шырокім фронтам выйсці ў поле.

Аляксандр Калтуноў зазначыў, што на пасяўной задзейнічаны толькі свае працаўнікі. Калі глеба прагрэецца — будуць працаваць у дзве змены. Кіраўнік гаспадаркі выказаў добрыя словы ў адрас сваіх надзейных памочнікаў — дырэктара Васіля Хамёнка і працаўнікоў ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў». Пры неабходнасці сяльчане заўсёды могуць звярнуцца да свайго інвестара па падтрымку.

У полі

Ва ўрочышчы Базылёўка сеяў рапс механізатар Сяргей Гарбаценка. Гэты хлебароб — з кагорты самых надзейных і працалюбівых. Расказаў, што поле плошчай 22 гектары павінен засеяць за паўтара дні.

У механізатара быў добры настрой. Ён любіць гэтую веснавую пару. Працуе ў гаспадарцы з 1985 года, так што мы разам падлічылі: гэта яго 29-я пасяўная. Хлебаробскую справу Сяргей Віктаравіч ведае дасканала. Прыклад узорнай працы на зямлі ён дэманструе не толькі сваім калегам, але і двум дарослым сынам (адзін з іх працуе ў філіяле слесарам). Жонка механізатара Таццяна Васільеўна таксама занята ў сельскай гаспадарцы, таму добра разумее важнасць пасяўной кампаніі ў гадавым коле сельскагаспадарчых работ.

Ва ўрочышчы Ханякі ішла праца па ўнясенні ўгнаенняў. Мы пазнаёміліся з аграномам Аксанай Рагоўскай, механізатарамі і вадзіцелямі Сяргеем Барысевічам, Леанідам Усціновічам і Ула­дзімірам Бабарыка. У адзін голас сяльчане адзначалі: хутчэй бы глеба прагрэлася, праца пайшла б больш шпарка!

Механізатар Дзмітрый Капыценка ўносіў мінеральныя ўгнаенні. Расказаў, што яго трактар «МТЗ-82» — амаль новы, спраўна працуе 4-ы год. «Хутчэй бы адсеяцца, не люблю марудзіць!» — шчыра прызнаўся малады мужчына. Аграном Аксана Рагоўская адзначыла, што Дзмітрый працуе вельмі добра, увогуле — надзейны і безадмоўны.

На другім полі ў Ханяках мы напаткалі галоўнага агранома гаспадаркі Тамару Макараву. У полі пад яе кіраўніцтвам на трох трактарах працавалі Юрый Палтарацкі, Аляксандр Шыдлоўскі і Міраслаў Шыдлоўскі. Пятніца была першым днём, калі ў гаспадарцы пачалася сяўба кукурузы. «Шукаем больш сухія, высокія ўчасткі. Дзякуючы гэтым, кулькоўскім землям, мы можам пачынаць сяўбу раней», — зазначыла Тамара Мікалаеўна.

Пачаў сяўбу кукурузы вопытны механізатар Юрый Палтарацкі. Расказаў, што нарэшце дачакаўся любімай працы, таму настрой у яго — добры! Да сяўбы ўносіў мінеральныя ўгнаенні, рамантаваў сеялку «СТВ-8». Яго трактар «МТЗ-82» працуе спраўна, таму што ў надзейных руках. Для Юрыя Іванавіча сёлетняя пасяўная па ліку ўжо 23-я, але такіх ранніх вёснаў ён не памятае. Механізатар — бацька дваіх сыноў. Старэйшы Мікалай зараз у арміі, малодшы Аляксандр заканчвае вучобу ў Віцебску. «Авалодаў прафесіяй тэхніка-механіка, — з гонарам расказваў бацька. — Хутка на практыку прыедзе дамоў!».

Яны з жонкай Нінай Васільеўнай, якая таксама працуе ў філіяле, чакаюць сына: хоць хлопец і дарослы, а для бацькоў — усё роўна дзіцё.

Галоўны аграном Тамара Макарава расказала, што ў Ханяках на абодвух палях будзе пасеяна кукуруза. «Прыязджайце, калі будзем ураджай збіраць!» — запрасіла Тамара Мікалаеўна.

Гледзячы на тое, з якім азартам і жаданнем хлебаробы філіяла «Гараны-Агра» працуюць на зямлі, сумненняў не ўзнікае: ураджай будзе добры.

Аліна БАЛЬШАКОВА (тэкст і фота).



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *