Ззавершана ўборка траў першага ўкосу ў гаспадарках Полацкага раёна

Экономика

Уборка траў першага ўкосу ў гаспадарках Полацкага раёна завершана, у сярэднім ужо нарыхтавана 7,3 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы — крыху больш, чым у гэты перыяд у мінулым годзе.

Пра тое, як працавалася ў сёлетнім чэрвені, расказаў дырэктар сельгаспрадпрыемства «Кушлікі» Фёдар Завадскі. Гэты кіраўнік — наватар, заўсёды імкнецца на родных палетках спрабаваць нешта новае. У мінулым годзе менавіта ў яго гаспадарцы, першай у Полацкім раёне, з’явіўся прэс-падборшчык нямецкай вытворчасці, які ўпакоўвае корм у стрэтч-плёнку.

— Абсталяванне гэтае каштуе дорага, але мы адчулі па мінулым годзе ад яго аддачу. Нашы цяляты, якіх мы кормім камбікормам Аршанскай вытворчасці і сенажом з рулонаў, добра набіраюць вагу.

Фёдар Фёдаравіч расказаў, што сёлета ўжо нарыхтавана ў рулонах каля 400 тон сенажу, з другога ўкосу плануюць упакаваць яшчэ 300.

Тэхналогія ўпакоўкі корму (сенажу, сена ці іншага) у стрэтч-плёнку патрабуе высокай культуры. Мала корм спрэсавац­ь і запакаваць, трэба яшчэ рулоны перавезці і пакласці правільна на захоўванне, асцярожна, каб не пашкодзіць вельмі далікатную плёнку… Кушлікоўцы летась набылі захват «Амкадор», дык давялося, каб не рваў плёнку, абгарнуць яго гумовым матэрыялам. І для перавозкі рулонаў трэба яшчэ набываць тэхніку.

У гаспадарцы няма вялікага памяшкання для захоўвання сена, магчыма, нейкую яго частку таксама «апрануць» у плёнку. У будучым неабходна набыць і размотчык рулонаў. Патрэбнае абсталяванне Фёдар Завадскі бачыў на выставе «БелАгра». А пакуль рулоны разматваюцца ўручную. Трэба набыць і такі пагрузчык, які будзе разгортваць рулон і ставіць яго старчаком. Пакуль гэтую маніпуляцыю выконваюць чатыры чалавекі (вага рулона — паўтоны!)… Для чаго столькі намаганняў? Каб апраўдаць затраты на сетку, плёнку, паліва і атрымаць добры канчатковы вынік.

У полі мы ўбачылі, як спрытна новы прэс «апранаў» траву ў прыгожую плёнку блакітнага колеру. На трактары працаваў механізатар Дзмітрый Харушэўскі. Спыніўся, каб заправіць плёнку. Фёдар Завадскі зазначыў, што даверылі гэтую адказную справу менавіта Дзмітрыю. Гэты хлопец — працавіты, старанны, занесены на Дошку гонару гаспадаркі. Для нас ён — таксама знаёмы, у мінулым годзе малады механізатар быў у ліку перадавікоў на раённым свяце, на якім падводзіліся мінулага сельскагаспадарчага года. Дзмітрыю новы прэс прышоўся па душы, працаваць з ім навучылі прадстаўнікі вытворцы, калі прывезлі машыну ў гаспадарку. На пытанне, што ў жыцці новага, механізатар адказаў: «Дачка нарадзілася! Ліза!». Цяпер малады бацька працуе яшчэ лепш, чым раней… Мы паглядзелі, як скірдуюцца рулоны. Аказваецца, па тэхналогіі захоўвання іх трэба размяшчаць блізка адзін да аднаго, ставіць тарчаком, у два рады…

…«Кушлікам» належыла скасіць травы першага ўкосу на плошчы 498 га. З даведзеным планам «змагаліся» 4 касілкі, два валкаўтваральнікі, два «КВК», на адвозцы працавалі каля 10 адзінак тэхнікі, на трамбоўцы — два «Амкадоры». Праца была арганізавана так, каб максімальна пазбегнуць прастояў. Кіраўнік зазначыў, што ўсе ўдзельнікі «зялёнага жніва» працавалі шчыра, аддана. Канешне, арганізаванае спаборніцтва і двухразовае харчаванне таксама прынеслі карысць. Абеды гатаваліся ў мясцовай сталоўцы.

Традыцыйна брыгада павароў — са сваіх працаўніц. Пастаянна Марына Канчарок, Зінаіда Супранёнак і Валянціна Навумік працуюць у дыспетчарскай, у бухгалтэрыі, на складзе, але ў гарачы час нарыхтоўкі кармоў, уборкі хлеба і бульбы яны не адмаўляюць дырэктару ў просьбе дапамагчы ў сталоўцы яе загадчыцы Галіне Нізюмавай. Дзяўчаты гатуюць для сельскіх працаўнікоў выключна дамашнія абеды, пра якія кажуць «пальчыкі абліжаш».

Фёдар Завадскі расказаў, што ў будучым для сенажу трэба будаваць новыя траншэі (тыя, што ёсць, не задавальняюц­ь, вельмі заглыбленыя). Трэба падсілкоўвац­ь глебу. Ёй не хапае магнія.

Мы гаварылі і пра каралеву кушлікоўскіх палёў — бульбу. Ужо дзе-нідзе пачаў цвісці «Скарб». Сёлета збылася мара Фёдара Завадскага: «Кушлікі» набылі і высадзілі насенне новага галандскага сорту — «Маніту».

Мы любаваліся палямі з бульбай, кукурузай. Ужо зацвёў рапс — палі такія прыгожыя, жоўтыя, нібы сонечныя! Насупраць машыннага двара сёлета пасеялі грэчку. Хутка і яна зацвіце.

— Імкнуся ля дарогі садзіць культуры, якія прыгожа цвітуць, — прызнаўся Фёдар Завадскі. — Для людзей, якія будуць праязджаць ці праходзіць міма. Прыгожая квецень, упэўнены, закране душу любога чалавека, нават з чэрствай душой. Няхай людзі лішні раз падзівяцца на прыгажосць роднай зямлі!

Аліна БАЛЬШАКОВА (тэкст і фота).



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *