У в.Малое Сітна Полацкага раёна да Дня вёскі адкрыліся магазін і бібліятэка-клуб

Главное

Малое Сітна… Гэты населены пункт Полацкага раёна ў большасці палачан і сельскіх жыхароў асацыіруецца з невялічкай вёсачкай, якая знаходзіцца ў лясным, экалагічна чыстым краі, на адлегласці 60 кіламетраў ад райцэнтра. Між тым, калі параўнаць гэты аддалены цэнтр сельсавета з іншымі, ён не такі ўжо і малы. Тут пастаянна пражываюць нават больш за 300 жыхароў! А калі дадаць іх шматлікіх сваякоў, якія часта наведваюць вёску, ды дачнікаў, то атрымаецца вялікая, дружная сям’я, улюбёная ў сваю малую радзіму.

Сёлетнія год і асабліва восень — знамянальныя для маласітнянцаў. Летам абноўлены выгляд набыў фельчарска-акушэрскі пункт, а ў канцы верасня адбылося адкрыццё яшчэ двух сацыяльных аб’ектаў: магазіна і бібліятэкі-клуба. Гэтыя важныя для сяльчан падзеі прымеркавалі да Дня вёскі Малое Сітна, які святкаваўся 27 верасня.

У новым магазіне

Спачатку, напярэдадні выхадных, урачыста адкрылі новы магазін. Гандлёвая кропка размясцілася ў былым клубе. У будынку зрабілі капітальны рамонт, і цяпер магазін — адзін з лепшых у Полацкім раёне. На яго адкрыццё прыйшлі каля 30 вяскоўцаў. Дырэктар Полацкага райпо Святлана Галуза расказала, што на будаўніцтва і новае абсталяванне выдаткаваны немалыя сродкі: на 500 мільёнаў «пацягнулі» будаўнічыя работы і будматэрыялы, на 100 мільёнаў — абсталяванне.

Цяпер гандлёвая зала мае плошчу 80 кв. метраў, на якой размясціліся харчовыя тавары і гаспадарчыя, посуд і канцтавары. Калі мы разглядалі вітрыны, падалося, што ў магазіне ёсць усё. Кіраўнік райпо выказала надзею, што сяльчане будуць актыўнымі пакупнікамі і прапанавала ім набываць тавары прамысловай групы ў растэрміноўку. З адкрыццём магазіна павіншаваў аднасяльчан і старшыня Маласітнянскага сельскага Савета дэпутатаў Андрэй Героеў.

Сяльчане ўвайшлі ў новы магазін і ахнулі. Памяшканне — вялікае, светлае. Мясцовыя жыхаркі Вольга Шалуха, Ніна Сяргеева і Аксана Карнілава выказвалі словы падзякі ў адрас кіраўніцтва Полацкага раёна, Полацкага райпо за такі каштоўны падарунак. Пакупнікоў абслугоўвалі адначасова прадаўцы Таццяна Курчавая, Таісія Глазкіна і Таццяна Мхітаран. Хтосьці з сяльчан заўважыў, што маласітнянцы будуць з задавальненнем наведваць новы магазін, у якім месца ўсім хопіць. 74-гадовая бабуля Вера Главатскіх сказала, што пра стары магазін ёй ужо і ­ўспамінаць не хочацца…

з днём нараджэння!

Свой дзень нараджэння вёска адзначала ў новай бібліятэцы-клубе. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Полацкага райвыканкама Віктар Полушкін паведаміў, што новы клуб размясціўся ў будынку былога дзіцячага садка. Калі было прынята рашэнне перадаць будынак клуба райпо, сяльчане занепакоіліся: як жа без установы культуры? Хваляваліся дарэмна. За сродкі раённага бюджэта быў абноўлены дзіцячы сад. І ў выніку атрымалася цудоўнае памяшканне для правядзення мерапрыемстваў і размяшчэння бібліятэкі.

Чырвоную стужку з нагоды адкрыцця бібліятэкі-клуба перарэзаў старшыня Маласітнянскага сельскага Савета дэпутатаў Андрэй Героеў. А потым на сцэну выйшлі артысты. Вядучыя свята нагадалі гісторыю вёскі, якая доўжыцца на працягу 5 вякоў і цесна пераплецена з гісторыяй краіны. Яшчэ ў XVI стагоддзі на беразе возера Ізмок Стэфан Баторыя пабудаваў замчышча Сітна, тады вёска была зусім невялікая, з цягам часу да яе далучылі вёску Новікі…

Сёння Малое Сітна — сучасны населены пункт, галоўнае багацце якога — лю­дзі. На свяце шчыра, сардэчна ўшаноўвалі юбіляраў 2014 года, віншавалі самага маленькага жыхара вёскі Канстанціна Хала­дзінскага, выказвалі падзяку за ўзорнае выхаванне дзяцей шматдзетным сем’ям Шасцітка і Карпавых, узнагароджвалі аднасяльчан, удастоеных звання «Лепшы гаспадар сваёй зямлі» — сем’і Васіля і Галіны Вярбоўскіх, Мікалая і Галіны Баймеевых, Уладзіміра Журава і Людмілы Анушковай.

Да свята былі прымеркаваны некалькі конкурсаў. Іх пераможцы атрымалі дыпломы і прызы. Лепшы эскіз герба вёскі стварыла Дыяна Яраш. У конкурсе малюнкаў «Мая вёска ў будучым» перамагла Ганна Вярбіцкая. Дзмітрый Васільеў атрымаў званне «Самы дужы мужчына года». У намінацыі «Суперагародніна» пераможцай стала Антаніна Маняк, якая вырасціла гарбуз вагой 43 кілаграмы! У конкурсе вырабаў «Цуды з градкі» перамагла Дыяна Яраш. Усіх удзельнікаў свята запрасілі прадэгуставаць і ацаніць стравы з фруктаў і дароў лесу, якія прыгатавалі лепшыя гаспадыні вёскі. У выніку ў пераможцы выйшлі Жанна Казімірская за яблычны торт, Тамара Казлоўская за пірагі з яблыкамі, Таццяна Пучкова за блінчыкі з грыбамі і Іна Героева за яблычныя пюрэ і сок.

Свята вёскі яшчэ больш зблізіла суседзяў і запомніцца ім добрымі вершамі, мілагучнымі песнямі, асеннімі букетамі і шчырымі апладысментамі. Сяльчане радаваліся, што пра іх, жыхароў аддаленай вёскі, не забываецца раённая ўлада. Падораныя магазін і бібліятэка-клуб — прыкмета таго, што вёска жыве і будзе жыць. Доўга і шчасліва.

Аліна БАЛЬШАКОВА (тэкст і фота).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *