Першакурснікаў Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа ўрачыста прынялі ў студэнты

Главное

Мяркую, не памылюся, назваўшы студэнцтва самым цікавым перыядам у жыцці кожнага чалавека. Гэта памежны этап дзяцінства і даросласці, час атрымання прафесіі, шлях якой наканавана прайсці. І, вядома, кожны момант гэтага часу хочацца зрабіць як мага больш яскравым і запамінальным.

Менавіта таму ў Полацкім дзяржаўным лясным каледжы — філіяле Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта — існуе традыцыя ўрачыстага прысвячэння ў студэнты. У мінулы чацвер «лясная сям’я» папоўнілася навучэнцамі чатырох груп першакурснікаў.

Добры настрой, шчаслівыя ўсмешкі і адчуванне датычнасці да вельмі важнай справы — вось што яднала юнакоў і дзяўчат, будучых майстроў лясной гаспадаркі, якія сабраліся ў актавай зале каледжа. Вечар пачаўся з адмыслова падрыхтаванага відэароліка пра юных каляжанцаў. Выконваючая абавязкі дырэктара каледжа Алена Валер’еўна Плюта звярнулася да першакурснікаў: «Сёння — знакавы для нашага каледжа дзень. Наперадзе ж — карпатлівая штодзённая праца. Вам трэба назапасіцца цярпеннем, прыкладаць усе намаганні, каб паспяхова стаць кваліфікаванымі спецыялістамі. У гэтым вам дапамогуць нашы выкладчыкі, сапраўдныя прафесіяналы. Разам у нас усё атрымаецца!». Яна пажадала рабятам моцнага здароўя, мэтанакіраванасці, смеласці, творчасці і шчаслівага студэнцкага жыцця.

Ад імя полацкай моладзі са значнай падзеяй павіншаваў першакурснікаў галоўны спецыяліст Полацкай РА ГА «БРСМ» Яўген Кемстач. А пасля навучэнцы старэйшых курсаў у жартаўлівай форме раскрылі таямніцу, хто ж такія студэнты. «Яны адпачываюць тады, калі ўсе працуюць — і працуюць, калі ўсе адпачываюць. Экзамен у студэнтаў — гэта дыялог двух разумных людзей, а калі адзін з іх недастаткова разумны — другому гарантавана пераздача!». Жарты прымушалі смяяцца і студэнтаў, і педагогаў каледжа.

А пасля першакурснікам мелася вытрымаць першае важнае выпрабаванне: здаць творчы залік. Навучэнцы груп №№ 12, 13, 24 і 25 разам са сваімі куратарамі Вольгай Мікалаеўнай Бондаравай, Леанідам Якаўлевічам Рубіным, Святланай Віктараўнай Казловай і Вольгай Уладзіславаўнай Французевіч чым толькі не здіўлялі на сцэне: і спявалі, і танчылі, і дэманстравалі тэатральныя міні-пастаноўкі… Адным з самых запамінальных нумароў стаў рэмэйк знакамітага верша Іосіфа Бродскага «Не выходи из комнаты» — «Не выходи из колледжа», які ў вельмі блізкай да аўтара манеры прачытаў навучэнец 12 групы Яўген Ермаловіч.

Творчы залік паспяхова здалі ўсе групы! А ў межах традыцыйнай акцыі «Падары кнігу бібліятэцы» першакурснікі прэзентавалі бібліятэцы каледжа цікавую энцыклапедыю.

І вось надышоў самы важны момант вечара. Юныя навучэнцы каледжа прачыталі ўрачыстую Клятву студэнта-першакурсніка, выканалі гімн сваёй навучальнай установы. Галоўныя дакументы — студэнцкія білеты — уручыла першакурснікам Алена Плюта.

«Будзем для іх другімі мамамі — і другім татам! Бо яны ў нас — самыя лепшыя, самыя любімыя!» — шчыра казалі куратары, прадстаўляючы свае групы.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа Марыя Францаўна Іванова адзначыла, што сёлетнія першакурснікі — неардынарныя і цікавыя рабяты. Дарэчы, сярод іх — прадстаўнікі ўсіх абласцей Беларусі!

…113 хлопцаў і дзяўчат. Нехта прыйшоў у каледж пасля 9 класа школы, іншыя скончылі 11 класаў. Наперадзе ў юных каляжанцаў — усё жыццё, і значны крок да яго зрабілі яны ў той урачысты дзень. Няхай вучоба будзе давацца ім цікава, асновы прафесійнага майстэрства засвойвацца лёгка, а поруч заўсёды крочыць удача!

Ігар ПАЛЫНСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *