У Полацку прайшла сустрэча з выкладчыкамі ПДУ, на якой полацкай моладзі распавялі пра традыцыйныя сямейныя каштоўнасці беларусаў

Главное

Адбылася сустрэча выкладчыкаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта з навучэнцамі Полацкага каледжа УА «Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава» па спецыяльнасці «Пачатковыя класы» і Наваполацкага політэхнічнага каледжа, ініцыятарам якой выступіў Каардынацыйны цэнтр абароны жыцця і сямейных каштоўнасцей «ЗаРождение» Полацкай епархіі.

Уваход на мерапрыемства, якое праходзіла ў банкетнай зале рэстарана «Славянский», быў вольным. Вера Іванаўна Мішына, старшы выкладчык кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін гісторыка-філалагічнага факультэта ПДУ, расказала юнакам і дзяўчатам пра традыцыйныя сямейныя каштоўнасці беларусаў. У прыватнасці, аб тым, што значыла для чалавека і якія функцыі выконвала сям’я, якую ролю ў грамадстве займалі мужчына і жанчына, як ставіліся да дзяцей і іх выхавання. Было вельмі дарэчы, што гутарка вялася на беларускай мове.

Дапоўніў выступленне жывымі прыкладамі з жыцця нашых продкаў Павел Іванавіч Мішын, старшы выкладчык кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін:

— Жыццё гэтых людзей было вельмі цяжкім, але, разам з тым, яркім і цікавым, напоўненым абрадамі, рытуаламі, святамі і песнямі.

Асабліва цікавым для ўдзельнікаў мерапрыемства было пытанне субкультур: роля і прызначэнне дзяцей, мола­дзі, дарослых, старых. Зараз нам цяжка ўявіць, што ў тыя часы, напрыклад, дзіця ўжо з 4-х гадоў пачынала працаваць: пасвіць гусей, прыглядваць за малодшымі. Увогуле дзіця лічылася падарункам Божым і вялікім шчасцем для родных. Да хрышчэння, у першыя дні жыцця, немаўляці называлі «Багданчыкам», што значыць — дадзены Богам. Гэта рабілі з мэтай падмануць злыя сілы, якія маглі нашкодзіць дзіцяці.

З 15 гадоў і да 21 — час моладзі. На так званых «вячорках» (а вы не знаходзіце падабенства з сучасным словам «вечарынка»?) маладыя людзі прыглядаліся адзін да аднаго, уступалі ў зносіны. Было вельмі важна ў гэты час знайсці сабе спадарожніка жыцця, пры чым, каб ён (ці яна) абавязкова спадабаўся бацькам, інакш вяселля не будзе. Да таго ж, пасля 21 года дзяўчына лічылася «векавухай». Але сімпатыі маладых людзей пачалі прымацца ў разлік бацькамі толькі з пачатку ХХ стагоддзя. Да гэтага часу маладыя маглі нават не быць знаёмымі адзін з адным да сватаўства.

Людзі старыліся рана — ужо ў 35-40 год дарослыя фактычна станавіліся старымі. Яны ўжо не маглі працаваць, але іх мудрасць і непахісны аўтарытэт мелі вялікае значэнне.

— Сям’я для нашых продкаў была і працоўным калектывам, і асяроддзем, у якім праходзілі адукацыя і выхаванне, і гарантам захавання і перадачы з пакалення ў пакаленне традыцый, — распавяла Вера Іванаўна.

Падчас размовы моладзь задавала шматлікія пытанні: ці верылі ў прыкметы нашы продкі, які аптымальны ўзрост для таго, каб выйсці замуж, у цяперашні час? На ўсе пытанні былі дадзены дакладныя адказы.

Фальклорны гурт «Варган» пад кіраўніцтвам Вольгі Антонаўны Емяльянчык пазнаёміў аўдыторыю з беларускай этнічнай музычнай культурай. Дзяўчаты не толькі выканалі беларускія народныя песні, але і развучылі з навучэнцамі пару танцаў. Гурт «Варган» выконвае аўтэнтычныя музычныя кампазіцыі, сабраныя, у тым ліку, кіраўніком Вольгай Антонаўнай у этнаграфічных экспедыцыях на працягу больш за 20 гадоў. Сама Вольга Емяльянчык — унікальны спецыяліст, кандыдат біялагічных навук, дацэнт і выкладчык кафедры гісторыі і турызму Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Сумна ад таго, што мы не ведаем сваіх звычаяў і традыцый, але прысвойваем чужыя, напрыклад, еўрапейскія. Вера Іванаўна прывяла просты прыклад. Калі на вяселле маладыя вешаюць замкі на Чырвоным мосце ў Полацку, быццам на ўдалае замужжа, яны нават не падазраюць, што замкнуты замок азначаў зусім не моцны шлюб. Ідучы пад вянец, яго брала з сабой маладая, калі не жадала мець дзяцей.

Марыя ЧАРНІЧЭНКА (тэкст і фота).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *