Слова  — старшыні полацкага райвыканкама

Главное

Кожны адыходзячы ў мінулае год — гэта чарговая старонка ў багатым летапісу нашага старажытнага і заўсёды маладога Полацка. Але сёння мы не бу­дзем рабіць экскурс у гісторыю, разам з нашым суразмоўцам — старшынёй Полацкага раённага выканаўчага камітэта Мікалаем Мікалаевічам Шаўчуком — мы адзначым найбольш важкія дасягненні ў развіцці рэгіёна і акрэслім галоўныя задачы, якія ў цяперашні час вырашаюць палачане.

Каб паразмаўляць пра тое, на чым трымаецца Полаччына: пра яе эканамічны патэнцыял і добрасумленнасць працаўнікоў, пра патрыятызм, які жыве ў нашых сэрцах, пра сучасныя поспехі нашчадкаў славутых землякоў і тыя захады, якія прадпрымаюцца імі зараз дзеля росквіту роднай зямлі. І, перш за ўсё, адзначым, што аснова стабільнага развіцця і ўсіх матэрыяльных здабыткаў — эканоміка і фінансы…

— Так, менавіта рэальны сектар эканомікі вызначае перспектывы нашай сацыяльна арыентаванай стратэгіі, — падкрэслівае кіраўнік раёна. — Пераважна ён фарміруе бюджэт, 70% якога накіроўваецца на фінансаванне сацыяльнай сферы. Дарэчы, аб’ём бюджэту Полацкага раёна ў 2014 годзе ў параўнанні з 2013 годам павялічыўся на 17%. За кошт сродкаў раённага бюджэту праведзена рэканструкцыя будынка ДЮСШ (спорткомплексу «Спартак»), завершаны капітальны рамонт Дзіцячай школы мастацтваў, працягваецца капітальны рамонт устаноў аховы здароўя, набыты транспарт і абсталяванне для бюджэтных устаноў. Яшчэ адна паказальная лічба: выдаткі на сацыяльную палітыку склалі 30 млрд.рублёў і павялічыліся ў 1,1 раза.

— Такім чынам, зразумела: усе мы зацікаўлены працаваць як мага лепш і зарабляць, каб наша бюджэтная скарбонка папаўнялася. Відавочна, на гэта скіраваны і планы ў прамысловым сектары эканомікі.

— Бюджэт раёна ў значнай ступені фарміруецца за кошт даходаў, якія атрыманы ад прамысловага комплексу. Эканоміка Полаччыны ў значнай меры трымаецца на дзейнасці такіх прадпрыемстваў, як экспартаарыентаванае ААТ «Полоцк-Стекловолокно», а таксама ААТ «Полацкі малочны камбінат» і «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў». Увогуле, экспартны патэнцыял раёна даволі высокі, што ў многім вызначае ўзровень яго эканамічнага развіцця. У рэальным сектары эканомікі адбываюцца значныя структурныя змяненні. Але мы імкнемся захаваць усе прадпрыемствы, падтрымаць іх у складаных сітуацыях, каб яны мелі магчымасць далей крочыць па шляху развіцця.

— Мікалай Мікалаевіч, якія задачы ў гэтым напрамку з’яўляюцца найбольш значнымі?

— Галоўнае — гэта мадэрнізацыя, энергазберажэнне, інвестыцыйная і знешнегандлёвая дзейнасць. Больш за 80% прадукцыі, якая вырабляецца прамысловымі прадпрыемствамі Полаччыны, рэалізуецца на знешні рынак. У 2014 годзе гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва ажыццяўлялася з 87 краінамі свету, тавары полацкай маркі пастаўляліся на знешнія рынкі 53 краін. Новыя рынкі збыту прадукцыі прад­прыемстваў і арганізацый Полаччыны з’явіліся ў такіх краінах, як Аргенціна, Арменія, Кувейт, Шры-Ланка, Іран, Ліван.

Экспартную дзейнасць па рэалізацыі тавараў і паслуг вядуць больш за 80 арганізацый Полацкага раёна. Мы трымаем руку на пульсе нашых прадпрыемстваў. Канцэнтруем намаганні на выкананні праграм мадэрнізацыі. Акцэнтуем увагу на зніжэнні выдаткаў у вытворчасці і павелічэнні даданай вартасці. Менавіта гэтыя крытэрыі, якія характарызуюць эфектыўнасць працы, з’яўляюцца вызначаючымі ў эканоміцы. У нас ёсць рэзервы для прыцягнення інвестыцый.

Калі ласка, некалькі слоў пра найбольш значныя інвестыцыйныя праекты…

— У цяперашні час у полацкім рэгіёне рэалізуюцца 8 праектаў на агульную суму 506,58  млрд.рублёў у рамках заключаных інвестдагавораў па Дэкрэце Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб стварэнні дадатковых умоў для інвестыцыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь». У іх ліку — праект «Будаўніцтва гандлёва-грамадскага цэнтра ў раёне скрыжавання аўтадарог

Р-45 і Р- 46». Першая чарга аб’екта, вядомага палачанам пад назвай «Манеж», уведзена ў эксплуатацыю сёлета, 8 мая. Рэалізуецца праект па будаўніцтве гандлёвага цэнтра па вул.Кастрычніцкай з добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі.

Па-ранейшаму ў полі зроку — пытанні жыллёвага будаўніцтва. За мінулы год уведзена ў эксплуатацыю 31 078 кв.м жылля, у тым ліку індывідуальнага —12 784 кв. м, шматкватэрнага — 18 294 кв.м.

— Вялікае свята, якое наш Полацк адзначае ў гэтыя дні, немагчыма ўявіць без песні. Але ж, якая песня без хлеба?! І сельскія працаўнікі разам з жыхарамі горада бу­дуць паўнапраўнымі ўдзельнікамі самых разнастайных мерапрыем­стваў, прысвечаных 1153 дню нараджэння Полацка. Таму не магу не спытаць пра шлях, пройдзены за апошні год у развіцці сельскай гаспадаркі.

— За апошні год у гэтым накірунку ў раёне зроблена нямала. Практычна ва ўсіх гаспадарках прадпрымаюцца прадыктаваныя часам меры па мадэрнізацыі і рэканструкцыі старых ферм, вядз­ецца будаўніцтва новых, удасканаленне існуючых комплексаў і іншых сельскагаспадарчых аб’ектаў. Укараненне найноўшых тэхналогій павышае вытворчасць працы, памяншае выдаткі і, як вынік, адбіваецца на якасці вырабленай прадукцыі. У лютым мінулага года з’явілася другая даільная зала з робатамі ў філіяле «Мілк-Агра» ААТ «Полацкі малочны камбінат», у кастрычніку запушчана трэцяя чарга робатызаванага комплексу ў філіяле «Вясна-энерга» РУП «Віцебск­энерга», напрыканцы года ўве­дзены ў эксплуатацыю даільна-малочны блок на МТФ Мураўшчына ААТ «Блізніца». Функцыянальныя памяшканні, сучаснае абсталяванне — усё гэта забяспечвае добрыя ўмовы для жывёлы і атрыманне высокаякаснай прадукцыі. І, як вынік, — умацоўвае харчовую бяспеку рэгіёна.

Што датычыць хлеба, то ў 2014 годзе мы намалацілі 43100  тон зерня — на 5000 тон больш, чым у 2013-м, і ўраджайнасць атрымалі добрую — 26,2 ц/га.

На Полаччыне надаецца вялікая ўвага вырошчванню бульбы, якую нездарма ў народзе называюць другім хлебам. Бульба займае трэцяе месца па значнасці сярод усіх сельскагаспадарчых культур пасля кукурузы і пшаніцы. У 2014 годзе наш элітгас «Кушлікі» сумесна з рэспубліканскім аб’яднаннем «Белсемена» працягваў вопыт вырошчвання сартоў гібрыдаў айчыннай і замежнай селекцыі.

Зразумела, сярод працаўнікоў сельскай гаспадаркі Полацкага раёна ёсць свае лідары. Сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства «Палімір-Агра» ААТ «Нафтан» прызнана пераможцам спаборніцтва за дасягненні ў 2014 годзе найлепшых вынікаў у выкананні прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, павышэнне эфектыўнасці вытворчасці, забеспячэнне высокіх паказчыкаў па эканоміі паліўна-энергетычных, матэрыяльных рэсурсаў сярод арганізацый Віцебшчыны і занесена на абласную Дошку Гонару.

— Мікалай Мікалаевіч, дзякуючы Вашай ініцыятыве работы па добраўпарадкаванні горада ізноў набываюць былую значнасць і маштаб. Многія палачане, аб’яднаныя агульнай ідэяй, клапоцяцца пра чысціню і парадак на тэрыторыях сваіх устаноў, двароў. Гэта адна з тых тэм, якія зразумелыя і блізкія кожнаму жыхару Полаччыны.

— Канечне, у дадзенай справе ёсць прафесіяналы. Работа па вырашэнні пытанняў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і добраўпарадкаванні вядзецца штодзённа. Выконваючы мера­прыемствы па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў, прадпрыемствы жыллёва-камунальнай гаспадаркі ажыццяўляюць планавыя работы па бягучым утрыманні і рамонце аб’ектаў, вулічна-дарожнай сеткі, асвятленні. Але дапамога ўсіх жыхароў, іх адпаведныя адносіны па захаванні зробленага вельмі важныя. З мэтай ажыццяўлення ўзаемадзеяння і каардынацыі работ па пытаннях жыццязабеспячэння насельніцтва створаны рабочыя групы ў мікрараёнах Полацка. Яны закліканы садзейнічаць вырашэнню пытанняў добраўпарадкавання. Упэўнены, толькі ўсе разам мы здольныя змяніць навакольны свет да лепшага, стварыць у нашым горадзе самыя спрыяльныя ўмовы для жыцця. Зрабіць гэта ў нашых сілах. Не трэба пакідаць існуючыя праблемы нашчадкам, лепш закладваць новыя стваральныя традыцыі, якія абавязкова адгукнуцца дабром у сэрцах палачан.

…І будуць натхняць юнае пакаленне прымнажаць славу сваёй малой радзімы новымі здабыткамі.

— Ужо сёння мы можам канстатаваць: наша моладзь умее гэта рабіць. Пацвярджэнне таму — шматлікія перамогі самага высокага ўзроўню ў алімпіядах, творчых конкурсах, на спартыўных пляцоўках. Напрыклад, па выніках рэспубліканскага конкурсу «Энергамарафон» Полацкі раён — лепшы сярод рэгіёнаў Беларусі па энерга­зберажэнні. Наша бібліятэчная сістэма лідзіруе ў сваёй сферы ў вобласці. А полацкім Заслужаным аматарскім калектывам Рэспублікі Беларусь апладзіруе нават патрабавальная сталічная публіка. Цікавы, прынцыпова новы падыход намі знойдзены ў рабоце з моладдзю: пра полацкія крэатыўныя праекты ведаюць не толькі ў вобласці, але і ва ўсёй краіне.

— Мікалай Мікалаевіч, якія яшчэ справы, на Вашу думку, здольныя аб’ядноўваць палачан?

 У ліку такіх спраў, на мой погляд, развіццё турыстычнага патэнцыялу Полаччыны і сферы паслуг, ад якіх у многім залежаць перспектывы турызму.

Полацк славіцца сваёй багатай духоўнай і гістарычнай спадчынай, пра яго ведаюць далёка за межамі нашай рэспублікі. І разуменне свайго дачынення да гэтай вялікай і святой зямлі ўмацоўвае нашы душы і адначасова памнажае адказнасць за яе лёс. Таму нам, палачанам, праца­ваць трэба добрасумленна і шчыра. Сёння наш абавязак — быць дбайнымі і гасціннымі гаспадарамі старажытнага Полацка. А святая заступніца зямлі полацкай — прападобная Еўфрасіння — на стагоддзі бу­дзе нам падтрымкай ва ўсіх добрых справах.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *