У кафэ «Спатканне» ААТ «Полацк-гандаль» ладзяцца «Дні беларускай кухні»

Главное Экономика

Пашчасціла таму, хто завітаў у «Дзень беларускай кухні» ў кафэ «Спатканне» ААТ «Полацк-гандаль»! Па-першае, ніводны наведвальнік не застаўся без салодкага сувеніра. Па-другое — у кожнага была магчымасць па­спрабаваць традыцыйныя беларускія стравы. І па-трэцяе — так утульна было ў зале, аздобленай нацыянальным каларытам…

З  нацыянальным каларытам

Ля ўвахода ў кафэ на спецыяльнай дошцы мы з цікавасцю прачыталі меню «Дня беларускай кухні». Назвы ўразілі: напрыклад, гарачая закуска «На ростанях», салат-кактэйль «Паўлінка», бульён з калдунамі, пампушкі з часнаком, а яшчэ — дранікі, паджарка беларуская са свініны, тварожныя сыркі мядовыя… Ды шмат чаго яшчэ. Апетыт падштурхоўваў нас хутчэй паспрабаваць на смак стравы, якія калісь штодня гатавалі нашы бабулі ды прабабулі, і сёння любімыя ў многіх беларусаў.

39338

Пераступіўшы парог, адразу адчулі подых роднага беларускага куточка. Погляд прыцягвала вялікая лялька, апранутая ў беларускім народным стылі, якая гасцінна сустракала наведвальнікаў. А на століках, засланых сурвэткамі з традыцыйным арнаментам, не замінаючы сервіроўцы, таксама былі змешчаны маленечкія лялечкі ў льняных сукенках. Але што яны ў параўнанні з прыгажунямі, якія абслугоўвалі наведвальнікаў! Дзяўчатам вельмі пасавалі стылізаваныя народныя строі.

…І  духмяная  мачанка

Пад адпаведнае музычнае суправаджэнне з песнямі на роднай мове і гучанне народных інструментаў мы з задальненнем ласаваліся «Беларускім» салатам з грыбамі, пячонкай ды марынаванымі агуркамі, беларускім баршчом з мясам ды смятанай, які нам падалі ў гаршчочках. А потым надышла чарга паспрабаваць духмяную мачанку, што скварчала на парцыённых патэльнях… Сытыя, разамлеўшыя і лагодныя мы няспешна вырашалі, чым лепш наталіць смагу, — морсам з журавін або ўсё ж-такі аддаць перавагу каве (бо гэта быў абе­дзенны перапынак, і напера­дзе яшчэ — палова напружанага працоўнага дня). Перавагі раздзяліліся. А тым часам афіцыянт прынесла кожнаму з нас салодкі прэзент, адпавядаючы тэма­тыцы дня, — цукерачку «Белорусская картошка» ў палатнянай «вопратцы»!

Што  дзень  наступнынам  рыхтуе?

Паспяшаліся выказаць свае падзякі за смачны абед і пагу­тарылі з загадчыкам  аб’яднання  №1 Людмілай Сцяпанавай і загадчыкам вытворчасці кафэ «Спатканне» Кацярынай Войчанка.

— Сёння, у «Дзень белару­скай кухні», стравы, якія мы прапанавалі палачанам і гасцям горада, сапраўды, нашы, традыцыйныя, — патлумачыла Кацярына Анатольеўна. — І гатавалі іх нашы прафесіяналы-павары. Але ж гэта толькі пачатак! Плануем і надалей працягваць знаёміць наведвальнікаў нашага кафэ са смакам самых разнастайных беларускіх нацыянальных страў. Трэба адзначыць, што цэны ў нас вельмі дэмакратычныя, напрыклад, комплексны абед або бізнес-ланч каштуе да 25 тысяч рублёў.

— Так, мы вырашылі, што з пачатку новага года праз кожныя два тыдні ў «Спатканні» будзем праводзіць «Дзень беларускай кухні», — далучаецца да размовы Людміла Яўгенаўна. — Увогуле, дні нацыянальнай кухні — старадаўняй беларускай, украінскай, грузінскай, італьянскай і іншых — будуць арганізаваны і ў іншых аб’ектах грамадскага харчавання ААТ «Полацк-гандаль». А ў самы бліжэйшы час, 18 лютага, сталовая «Чабор», што на вуліцы Камуністычнай, запросіць усіх жадаючых «Назад, в СССР», каб узгадаць або даведацца, што прапаноўвала меню савецкага часу. І ў афармленні залы таксама будзе прысутнічаць адпаведная тэматыка.

Такім чынам, спецыялісты ААТ «Полацк-гандаль» гатовыя зноў і зноў здзіўляць сваімі арыгінальнымі праектамі наведвальнікаў устаноў грамадскага харчавання, пашыраць іх кулінарны далягляд і рабіць палітру смакаў як мага больш разнастайнай. А мы на ўласным вопыце пераканаліся: трэба часцей да іх заглядаць, тут заўсёды смачна!



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *