У гонар стогадовага юбілею газеты «Полацкі веснік» закладзена алея

Общество

Час ляціць хутка, ні на хвілінку не спыняючыся нават на самых крутых віражах жыцця. Здаецца, толькі ўчора на рэдакцыйных планёрках абмяр­коўвалі святочныя акцыі, шматлікія мерапрыемствы да стогадовага юбілею нашай газеты, думалі, чым парадаваць чытачоў і падпісчыкаў. І вось ужо надышоў час падводзіць вынікі. Лічым свечкі для святочнага пірага, разглядаем цудоўныя фотаздымкі, якія нам даслалі падпісчыкі, захапляемся талентам ўдзельнікаў акцыі «Поздравь любимую газету»…

А ў панядзелак, 17 красавіка, «Полацкі веснік» пераступіць векавую мяжу і пачне адлік новага стагоддзя. А каб гэтая старонка жыцця полацкай газеты засталася ў гісторыі нашага старажытнага краю, супрацоўнікі рэдакцыі вырашылі высадзіць невялічкую алею, прысвечаную знакавай падзеі.А дапамаглі рэалізаваць задумку і зрабіць яшчэ адзін куточак Полацка больш прыгожым і ўтульным даўнія сябры газеты: галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Полацкага райвыканкама Аксана Грыб, ДЛГУ «Полацкі лясгас», супрацоўнікі ўчастка «Зелянгас» КУП «ЖКГ г.Полацка» і РУПП «Спадчына Францыска Скарыны» на чале з дырэктарам Мікалаем Сяргеевічам Ільюшонкам, а таксама юныя выхаванцы студыі «Медыа-Мікс» ДУДА «Полацкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі» пад кіраўніцтвам Наталлі Сляпцовай.


Для пасадкі двух дзясяткаў туй была абрана зялёная зона на скрыжаванні вуліц Гагарына і Кастрычніцкай, якраз насупраць паліграфічнага прадпрыемства. Новыя кватэры для невялічкіх саджанцаў рупліва рыхтавалі супрацоўнікі «Спадчыны Ф.Скарыны», журналіст газеты Аксана Шуйская і кіроўца Сяргей Дзядзюлін.А калі ўсё было гатова для закладкі алеі, прысвечанай 100-годдзю «Полацкага весніка», калектыў рэдакцыі разам з юнымі журналістамі студыі «Медыа-Мікс» і супрацоўнікамі паліграфічнага прадпрыемства дружна ўзяліся за работу. Асцярожненька, пяшчотна саджалі і палівалі кожную туйку. Справа ладзілася, і хутка вечназялёныя саджанцы атрымалі пастаянную прапіску.

Мы спадзяёмся, што нашым маленькім туйкам спадабаецца іх новае месца жыхарства, і яны будуць расці і мацнець на радасць жыхарам і гасцям Полацка…Невялічкая алея — своеасаблівы сімвал вечнага жыцця полацкай газеты, якая ўжо сто год, нягледзячы на рэвалюцыйныя змены, на ваеннае ліхалецце, на інфармацыйныя тэхналогіі, якія ідуць поруч са шчырым друкаваным словам, нясе жыхарам Полаччыны самыя актуальныя і свежыя навіны.
Думаецца, што так будзе і далей, і праз чарговыя сто год журналісты «Полацкага весніка» з будучага пасадзяць сваю алею…

РУПП «Спадчына Францыска Скарыны» ўстаноўлена яркая памятная шыльда, з якой можна даведацца, што алея закладзена ў гонар стогадовага юбілею полацкай газеты.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *